Анатоля Лябедзьку пакаралі штрафам за Курапаты
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 5 красавіка разглядаецца адміністрацыйная справа старшыні АГП Анатоля Лябедзькі. Яго судзяць за мітынг 24 лютага па абароне зоны забудовы ў Курапатах. Працэс вядзе суддзя Вікторыя Шабуня.
Напачатку працэсу Анатоль Лябедзька выказаў недавер суддзі і запрасіў час, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы. Першае хадайніцтва было адхіленае, а другое суд задаволіў. Пасля перапынку суд пакараў палітыка штрафам у памеры 50 базавых велічнь.
На суд палітык патрапіў адразу пасля сустрэчы прадстаўнікоў апазіцыйных партый з дэлегацыяй Эўракамісіі, якая ў гэтыя дні знаходзіцца з візітам у Мінску. Дарэчы, яшчэ адзін удзельнік сустрэчы накіраваўся сёння ў суд. Гэта адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі. Ён абскарджвае ў Мінскім гарадскім судзе ранейшы прысуд, вынесены яму за Дзень Волі. Садоўскага прызналі вінаватым у нецэнзурнай лаянцы і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і пакаралі штрафам на 80 базавых велічынь. Да суду ён двое сутак правёў у ізалятары на Акрэсціна.