viasna on patreon

Сумесная заява праваабаронцаў у сувязі з прыняццем Плана па рэалізацыі рэкамендацый ААН

2016 2016-11-03T12:05:58+0300 2016-11-04T10:24:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Агульная пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацый у сувязі з прыняццем Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь у рамках механізмаў ААН

Мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, падтрымліваем зацвярджэнне Міжведамаснага плана па рэалізацыі рэкамендацый, прынятых Рэспублікай Беларусь па выніках праходжання другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) у Савеце па правах чалавека ААН, і рэкамендацый, адрасаваных Рэспубліцы Беларусь дагаворнымі органамі па правах чалавека, на 2016 - 2019 гады.

Мы падкрэсліваем сваю прыхільнасць супольным пазіцыям, заяўленым прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый Беларусі ў 2015-2016 гадах:

  1. Адкрыты зварот аб першачарговых мерах аднаўленчага характару ад 10 снежня 2015 году;
  2. Узгодненая пазіцыя праваабаронцаў адносна прыярытэтаў пры вызначэнні стратэгіі ўзаемадзеяння міжнародных партнёраў з Беларуссю ад 28 студзеня 2016 году;
  3. Сумесная пазіцыя беларускіх праваабаронцаў напярэдадні чарговага раунду Дыялогу па правах чалавека ЕС - Беларусь ад 24 мая 2016 года.

Мы лічым, што прыняты Міжведамасны план можа стаць эфектыўным інструментам паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аднак мяркуем неабходным дапрацаваць яго, зыходзячы з прапаноў беларускіх праваабарончых арганізацый, а таксама рэкамендацый дагаворных органаў ААН, якія будуць адрасаваныя Рэспубліцы Беларусь у бліжэйшы час Камітэтам па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, Камітэтам супраць катаванняў і Камітэтам па правах чалавека.

Хочам нагадаць, што праваабарончымі арганізацыямі Беларусі ў траўні 2016 г. былі распрацаваныя і прадстаўленыя ў Міністэрства замежных спраў індыкатары выканання рэкамендацый, прынятых Рэспублікай Беларусь у рамках другога цыклу УПА. Са шкадаваннем канстатуем, што да гэтага часу нашы прапановы не сталі прадметам інклюзіўнага абмеркавання профільнымі дзяржаўнымі органамі.

Аналіз Міжведамаснага плана паказвае, што з 22 тэм, па якіх кааліцыя праваабарончых арганізацый Беларусі прадставіла свае прапановы, у Міжведамасным плане часткова ўлічаныя прапановы па 17 тэмах. Шэраг мерапрыемстваў, якiя ўтрымлiваюцца ў Міжведамасным плане, хоць часткова і ўлічваюць прапановы праваабарончых арганізацый, носяць неканкрэтны характар, не могуць мець вымяральных вынікаў і самі па сабе не могуць прывесці да якасных паляпшэнняў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У якасці істотнага недахопу адзначаем адсутнасць у Міжведамасным плане мерапрыемстваў па выкананні рэкамендацый у такіх важных сферах правоў чалавека, як свабода слова і асацыяцый, рэлігійныя свабоды і сацыяльна-эканамічныя правы. Мяркуем неабходным пры далейшай працы па дапаўненні плана ўключыць у яго мерапрыемствы, накіраваныя на рэалізацыю рэкамендацый па ўказаных тэмах, адрасаваным Рэспубліцы Беларусь у рамках механізмаў ААН.

Мы пазітыўна ацэньваем ўключэнне ў Міжведамасны план палажэнняў аб узаемадзеянні дзяржавы з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці па пытаннях заахвочвання і абароны правоў чалавека. Разам з тым падкрэсліваем, што эфектыўнае ўзаемадзеянне магчыма толькі ў выпадку адсутнасці перашкод для рэгістрацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці і дэкрыміналізацыі дзейнасці незарэгістраваных арганізацый. У сувязі з гэтым у чарговы раз заклікаем зарэгістраваць Праваабарончы цэнтр "Вясна" і іншыя некамерцыйныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія звярнуліся за рэгістрацыяй, а таксама выключыць артыкул 193.1 з Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і адмяніць забарону на дзейнасць незарэгістраваных арганізацый. Таксама заяўляем аб неабходнасці спынення ціску на беларускіх грамадзянскіх актывістаў і зняцця забароны на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алены Танкачовай.

Мы лічым, што эфектыўнае выкананне мерапрыемстваў Плана магчыма толькі ва ўмовах празрыстасці працэсу і пры прыцягненні ўсіх зацікаўленых бакоў. Для гэтага неабходна ў цесным узаемадзеянні з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці скласці і зрабіць публічнымі і даступнымі дэталёвыя планы па выкананні мерапрыемстваў Міжведамаснага плана профільнымі міністэрствамі і ведамствамі. Адначасова выказваем гатоўнасць прыняць удзел у іх распрацоўцы і рэалізацыі.

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт"

Праваабарончы цэнтр"Вясна"

Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

РГА «Прававая ініцыятыва»

Камітэт «Салідарнасць»

Простае таварыства "Ініцыятыва Forb»

ППУ «Офіс па правах людзей з інваліднасцю»

ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Праваабарончая ініцыятыва “Human Constanta”

Наталля Манькоўская, праваабаронца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства