viasna on patreon

Праваабаронцы просяць Папу Рымскага абмеркаваць з кіраўніком Беларусі пытанне смяротнага пакарання

2016 2016-10-05T12:27:00+0300 2016-10-05T12:55:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paluda-05.10.16.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Палуда

Андрэй Палуда

У сувязі з маючым адбыцца візітам Папы Рымскага Францішка ў Беларусь, ліст з адпаведнай просьбай яму перадаў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.

Праваабаронца зачытаў свой зварот да Папы Рымскага падчас прэзентацыі даклада ПЦ “Вясна” і FIDH даклада “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойства на (не)законных падставах”, якой 5 кастрычніка распачаўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання.

“Вашая Святасць Папа Францішак,

Я, Андрэй Палуда, актывіст сусветнага руху абаліцыянізма, руху за адмену смяротнага пакарання ва ўсіх яго праявах.

У нашай краіне, у Рэспубліцы Беларусь, якая з'яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе на практыцы выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, я, мае калегі, і іншыя неабыякавыя людзі, актывісты і валанцёры нашай кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", на працягу доўгіх гадоў прыкладаем усе магчымыя намаганні для таго, каб такі варварскі від пакарання стаў гісторыяй на еўрапейскім кантыненце.

На жаль, толькі нашых намаганняў пакуль недастаткова. Бачачы асабістую пазіцыю Вашае Святасці і ўсёй Каталіцкай царквы адносна пытання смяротнага пакарання, я звяртаюся да Вас па дапамогу.

Вырашэнне праблемы смяротнага пакарання ў нашай краіне магчымае, напрыклад, шляхам увядзення мараторыя як першага кроку да яго поўнай адмены. А для ўвядзення мараторыя патрэбная палітычная воля кіраўніцтва краіны, у першую чаргу, прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля асабістай сустрэчы з Вамі, якая адбылася ў траўні 2016 года, Аляксандр Лукашэнка заявіў у сваім інтэрв'ю, што ён з Вамі “вельмі блізкі ідэалагічна”, што ў Вас “аднолькавыя прынцыпы і погляды на светаўладкаванне, развіццё”. Што тыя прынцыпы, якіх ён прытрымліваецца як Прэзідэнт, “цалкам супадаюць з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца Папа Францішак”. І што на падставе гэтага ў вас адбылася “вельмі душэўная і цёплая размова”.

Я з вялікай надзеяй успрыняў гэтую інфармацыю, і гэта стала адным з аргументаў, што падштурхнулі мяне да напісання гэтага звароту. Таксама адным з аргументаў стала інфармацыя пра Ваш візіт ў Беларусь у хуткім часе.

Я набраўся смеласці і хацеў бы прасіць Вас пра размову з Аляксандрам Лукашэнкам адносна пытання смяротнага пакарання ў нашай краіне. Я веру, што Вашая асабістая пазіцыя можа дапамагчы прыняццю станоўчага рашэння па дадзенай праблеме, што дасць магчымасць не толькі надаць нашай краіне больш станоўчы імідж у свеце, але і дазволіць выратаваць жыцці тых чатырох асуджаных на смерць, якія ў цяперашні момант знаходзяцца ў «калідоры смерці».

З найлепшымі пажаданнямі Вашай Святасці,
аддана Ваш Андрэй Палуда”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства