Віцебскім актывістам Партыі БНФ забаранлі праводзіць урачысты сход да Дня Волі
Сход планавалася правесці ў суботу, 26 сакавіка, у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Аднак намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну адмовіла заяўніку Канстанціну Смолікаву.
Спадар Смолікаў распавёў, што падаваў заяўку ад імя абласной партыйнай арганізацыі, і што ў падрыхтоўцы сходу былі гатовыя ўзяць удзел шмат людзей.
“Я напісаў у заяўцы, што мы хочам выкарыстаць сцягі, транспаранты, гукаўзмацняльную апаратуру. Права на сходы – гэта наша неад’емнае права, аднак яго ў чарговы раз абмежавалі нашы мясцовыя ўлады. У лісце за подпісам Н.В.Ляпёшкінай, намесніцы кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну, гаворыцца, што нам забаронена святкаваць Дзень Волі, бо “да заявы не пракладзены дамовы, прадугледжаныя артыкулам 3 рашэння Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 10 ліпеня 2009 года №881 “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”. Прадстаўніца ўладаў гэтым разам нават не абцяжарыла сябе пералікам адсутных дамоваў, як бывала раней”, -- кажа спадар Смолікаў.
Паводле згаданага рашэння Віцебскага гарвыканкама, заяўнікам неабходна прыкладаць да сваіх зваротаў дамовы на абслугоўванне масавых вулічных мерапрыемстваў камунальнымі службамі, медыкамі і міліцыяй. Гарадская паліклініка №1 і абласная міліцэйская ўправа – структуры, пра якія напісана ў тым самым рашэнні гарвыканкама, яшчэ ніводнага разу не падпісалі дамоваў з актывістамі. Кіраўніцтва паліклінікі заўжды спасылаецца ў адмовах на звышзанятасць медперсаналу, а міліцэйскае начальства тлумачыць адмовы тым, што “абслугоўваць акцыі” супрацоўнікі будуць толькі пасля таго, як на гэтыя акцыі заўнікамі будзе атрыманы дазвол.
Па гэтым “зачараваным коле” віцебскія актывісты ходзяць ужо 7-мы год: з часу прыняцця рашэння №881 у горадзе не было дазволена аніводнай акцыі па ініцыятыве прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. А за правядзенне акцый без дазволу партыйцы не аднойчы былі пакараныя штрафамі і “суткамі”.