На салігорскім выбарчым участку №24 яўку ў асноўны дзень завысілі на чатыры сотні выбарцаў
Незалежны назіральнік ад партыі АГП Віктар Малочка заявіў пра перавышэнне агучаных афіцыйных дадзеных па яўцы ў асноўны дзень галасавання на салігорскім выбарчым ўчастку №24 амаль на чатыры сотні.
- З лічбамі я працаваць умею добра яшчэ з часоў сваёй службы падпалкоўнікам міліцыі ў аддзеле па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Лічбы па яўцы на датэрміновае галасаванне ў мяне супалі з афіцыйнымі. А вось у асноўны дзень галасавання ў мяне атрымалася 808 чалавек, а камісія афіцыйна выдала 1190. Я ўвесь дзень знаходзіўся на ўчастку і лічыў кожнага выбарца, - кажа Віктар Малочка. - Цікава, што выбарцаў з усіх назіральнікаў лічыла яшчэ адна дзяўчына. Хоць, наколькі я зразумеў, яе накіроўвалі ўлады проста паківаць галавой. Калі ж ў канцы апынулася, што яе лічбы адрозніваюцца ад афіцыйных амаль на чатыры сотні, дык яна перапужалася, сказала, што нічога не хоча і больш у гэтым удзельнічаць не будзе, ды, не дачакаўшыся вывешвання пратаколу, збегла.
Пасля абвяшчэння афіцыйных лічбаў спадар Малочка прафінфармаваў сяброў камісіі аб значных разыходжанні ў яўцы і папярэдзіў, што звернецца з гэтай нагоды ў пракуратуру. Зрэшты, у моц пракуратуры Віктар Малочка не верыць. Як вядома, выбарчую камісію на ўчастку №24 узначальнвае скандальна вядомы кіраўнік Перашга рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” Аляксандр Гарбачоў, з якім пракурутура ўжо праводзіла адну прафілактычную гутарку напачатку кастрычніка з нагоды яго публічных заяваў аб кантролі за яўкай на выбары падначаленых яму працаўнікоў калійнага гіганта.