Цэнзура не прапускае лісты да Мікалая Статкевіча
Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч 15 жніўня атрымаў чарговы ліст ад палітвязня Мікалая Статкевіча. У лісце Мікалай Статкевіч паведаміў, што замест апошняга пісьма ад Барыса Вырвіча ён атрымаў пусты канверт.
У прыватнасці, палітвязень піша: “Атрымаў пусты (за выключэннем укладзенага новага канверта) канверт ад Вашага ліста з пазнакай “Письмо не пропущено цензурой”. Ужо і не ведаю, што Вы там крамольнага напісалі. Спадзяюся, што ненарматыўную лексіку не выкарыстоўвалі J”.
Па словах Барыса Вырвіча, змест яго пісьма быў абсалютна бяскрыўдны – у ім распавядалася пра навіны жыцця дэмакратычнага асяродку Магілёўшчыны, агульны стан спраў у рэгіёне, пэўная ўвага надавалася стартаваўшай на той момант выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Журналіст лічыць, што цэнзарам магла не спадабацца змешчанае ў лісце інфармацыя пра тое, што многія дэмакратычныя актывісты Магілёўшчыны ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам на пасаду прэзідэнта РБ.
Таксама Барыс Вырвіч адзначае, што гэты ліст ад Мікалая Статкевіча ішоў да яго вельмі доўга – палітвязень напісаў пісьмо яшчэ 1 жніўня, а да адрасата яно дайшло толькі 15 жніўня, хаця жыве журналіст крыху больш як за 40 кіламетраў ад Магілёва, дзе ў турме №4 адбывае пакаранне Мікалай Статкевіч.
У лісце да Барыса Вырвіча Мікалай Статкевіч выказвае асабістую падзяку ўсім, хто ўвайшоў у склад яго ініцыятыўнай групы. Таксама палітвязень піша пра сваё стаўленне да спробаў “легімітызаваць тое, што ў нас чамусьці называюць выбарамі J”, выказвае сваё бачанне далейшага развіцця падзей.