viasna on patreon

Праваабаронцы: “Устаноўку ўлады на спакойныя выбары хочацца ўспрымаць як адсутнасць парушэнняў правоў чалавека” (відэа)

2015 2015-07-01T13:59:19+0300 2015-07-01T14:59:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/press-vybary-2015-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя каардынатараў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Прэс-канферэнцыя каардынатараў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

1 ліпеня ў офісе ПЦ “Вясна” адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная пачатку кампаніі па маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Улічваючы важнасць гэтага працэсу, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый – Беларускага Хельсінскага Камітэта і Праваабарончага цэнтра “Вясна” пачынаюць грамадскую кампанію “Правааабаронцы за свабодныя выбары”.

Арганізатары акцэнтуюць увагу ў першую чаргу на доўгатэрміновым назіранні, якое прадугледжвае маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі і справаздачы па кожнаму з іх. У складзе кампаніі будзе працаваць 50 доўгатэрміновых назіральнікаў, размеркаваных па ўсёй тэрыторыі краіны. Таксама на 200 выбарчых участках будзе праводзіцца кароткатэрміновае назіранне непасрэдна падчас галасавання.

У час прэс-канферэнцыі журналістам была прадстаўлена заява Беларускага Хельсінскага Камітэта і ПЦ “Вясна” з нагоды пачатку кампаніі па маніторынгу выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

“Выбары – гэта не толькі працэс працэдур па вылучэнні кандыдатаў, падліку галасоў ды агітацыі, але і пэўны клімат, грамадска-палітычная сітуацыя, на фоне якой усё адбываецца. Мы асобна звярталі ўвагу нашых назіральнікаў на тое, што важна адсочваць розныя падзеі так ці інакш звязаныя з выбарчым працэсам. Мы бачым, што ёсць правакацыі з рознага боку, шматлікія знешнія фактары, улічваючы сітуацыю ва Украіне, расійска-украінскі канфлікт і ўцягванне ў яго Беларусі. Мы разумеем, што выбарчая кампанія – гэта выклік і для уладаў, і для ўсяго грамадства. Таму ўсе гэтыя сітуацыі будуць фіксавацца і ацэньвацца з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў”, паведаміў журналістам старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак.

Улічваючы папярэдні досвед і маніторынг сітуацыі ў Беларусі, пакуль адзінае, што можа дакладна фіксавацца падчас назірання – гэта яўка выбаршчыкаў. Акрамя гэтага правабаронцы таксама будуць назіраць за роляй у выбарчым працэсе розных грамадска-палітычных сілаў, арганізацый, сістэм назірання.

“Мы разглядаем уладу менавіта як дзейнасць дзеля грамадзян і таму вельмі важна каб грамадства стварала попыт на якасныя паслугі”, - мяркуюць правабаронцы.

Намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч сканцэнтраваў свой выступ вакол агульнага фона, на якім мусяць адбыцца будучыя выбары:

“Мы, як правабаронцы, ацэньваем гэты фон як неспрыяльны для правядзення выбараў. Напрыканцы мінулага года, пачатку гэтага, мы, на жаль, не ўбачылі ніякіх сістэмных пазітыўных зменаў у галіне правоў чалавека ў Беларусі, найперш на ўзроўні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. Па сёняшні дзень у турмах застаюцца шэсць палітычных вязняў. Апошняе вызваленне, якое не было звязана з заканчэннем тэрміну зняволення, а з’яўлялася палітычным рашэннем – гэта вызваленне кіраўніка ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага. Рэалізацыя такіх свабодаў, як права на мірныя сходы, асацыяцыі, выказванне свайго меркавання носяць скрайне абмежаваны характар. Асаблівую занепакоенасць выклікае ціск на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі і замежнымі СМІ. А таксама кампанія па кантролю над сродкамі масавай інфармацыі ды змены ў заканадаўстве аб СМІ. У тым ліку павелічэнне выпадкаў блакавання сайтаў, якія сведчаць пра тое, што Міністэрства інфармацыі відавочна выконвае функцыі цэнзуры. Папярэднія выбарчыя кампаніі заўсёды сведчылі пра павелічэнне рэпрэсій у краіне”.

Важным у дзейнасці кампаніі з’яўляецца менавіта яе праваабарончы складнік. Арганізатары адзначаюць, што будуць ацэньваць як працэдуры, так і падзеі, якія будуць адбывацца падчас выбараў.

“І, канешне, калі мы будзем сутыкацца з такімі негатыўнымі з’явамі, як прэвентыўныя затрыманні актывістаў напярэдадні выбараў, ціск на ўдзельнікаў выбарчага працэсу, блакаванне сайтаў, парушэнне правоў грамадзянаў падчас выбараў – усе гэтыя тэндэнцыі не застануцца па-за нашай увагай. Будзем таксама звяртаць асаблівую ўвагу на  парушэнні выбарчых правоў грамадзянаў, такіх як прымус да удзелу ў датэрміновым галасаванні, які мы назіралі падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Устаноўку ўлады на тое, што выбары павінны прайсці спакойна хочацца ўспрымаць, як адсутнасць парушэнняў правоў чалавека”, - кажа Валянцін Стэфановіч.

Правабаронцы паведамілі, што галоўныя прынцыпы іх працы – празрыстасць і палітычная незаангажаванасць. Кампанія не ставіць мэты падтрымкі палітычных партый, а таксама якіх-небудзь палітычных дзеячоў, у тым ліку тых, хто заявіў пра свой намер удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Увесь выбарчы працэс будзе ацэньвацца максімальна непрадузята, зыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ нашай краіны можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай і выбар кіраўніка дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства