Парламентарыі не бачаць падстаў для рэагавання на дыскрымінацыю беларускамоўных
Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы разгледзела даклад салігорскіх праваабаронцаў аб парушэнні правоў беларускамоўных грамадзян у рэгіёне, але падставаў для ўнясення зменаў у заканадаўства не пабачыла.
У сваім афіцыйным адказе старшыня камісіі А. І. Сягоднік сцвярджае, што нарматыўныя прадпісанні Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” знаходзяцца ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і ствараюць усе неабходныя перадумовы для развіцця двухмоўя ў краіне. Прадстаўнік парламента бачыць у існуючым моўным заканадаўстве “дастатковы і гнуткі прававы механізм, які вызначае неабходныя ўмовы для дасягнення на практыцы балансу функцыянавання дзвюх моў ва ўсіх галінах грамадскага жыцця, а таксама адпавядае патрэбам грамадства і абараняе канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян”.
Прыведзеныя ў дакладзе шматлікія прыклады заганнай правапрымянальнай практыкі камісія Палаты прадстаўнікоў назвала не паказальнымі і не прыняла іх у якасці крытэраў ацэнкі рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы і развіцці беларускай мовы.