viasna on patreon

У Савеце па правах чалавека ААН абмеркавалі справаздачу Беларусі ў межах UPR

2015 2015-05-04T21:05:08+0300 2015-05-05T14:10:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/upr22-belarus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Афіцыйная дэлегацыя Беларусі падчас працэдуры UPR. Фота: UN_HRC

Афіцыйная дэлегацыя Беларусі падчас працэдуры UPR. Фота: UN_HRC

У межах працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду (UPR) Беларусь 4 траўня прадставіла справаздачу Савету па правах чалавека ААН. Гэта ўжо другі раўнд UPR для Беларусі. Краіна паведаміла пра выкананьне рэкамендацыяў, якія былі атрыманыя па выніках перашага раўнда UPR у 2010 годзе.

Пазыцыя Беларусі была агучаная прадстаўнічай дэлегацыяй на чале з намесьнікам міністра замежных справаў Валянцінам Рыбаковым з удзелам чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартамэнта выканання пакараньняў і Вярхоўнага суду. Яны адзначылі важнасьць працэдуры UPR для Беларусі, распавялі пра захады па выкананьні рэкамендацыяў, якія былі вынесеныя ў 2010 годзе, і адказалі на пытаньні з боку іншых дзяржаваў.

Сярод тэмаў, якія былі ўзьнятыя ў часе інтэрактыўнага дыялогу беларускай дэлегацыі з іншымі дзяржавамі, найбольшая ўвага была нададзеныя праблеме сьмяротнага пакараньня, неабходнасьці падпісаньня Беларусьсю Канвенцыі па правах інвалідаў, Статуту Міжнароднага крымінальнага суду ды іншых міжнародных дакументаў па правах чалавека, праблемам палітычных вязьняў, прадухіленьня катаваньняў, свабоды сходаў і асацыяцыяў, свабоды слова. Шэраг краінаў (Мексіка, Канада) выказалі занепакоенасьць пагрозай пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў часе будучых выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе.

Вялікая колькасьць дзаржаваў заклікалі Беларусь супрацоўнічаць з інстытутамі ААН па правах чалавека, у тым ліку запрасіць у Беларусь спецыяльных дакладчыкаў (асабліва спецыяльнага дакладачыка па правах чалавека ў Беларусі), выконваць рэкамендацыі Камітэта ААН па правах чалавека, прадстаўляць у час справаздачы ў органы ААН (Гана, Перу, Румынія, Рэспубліка Карэя, Латвія, Славенія, Чарнагорыя, Нарвегія, Літва, Бельгія ды іншыя).

Пытаньне свабоды асацыяцыяў было ўзьнятае шэрагам дзяржаваў. У тым ліку рэкамендацыі па скасаваньні крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса) былі зробленыя ЗША, Швейцарыяй, Чэхіяй, Даніяй, Літвой, Польшчай. Таксама прапановы па паляпшэньні прававых умоваў для некамерцыйных арганізацыяў агучылі Канада, Эстоннія, Нямеччына, Індыя, Ірландыя, Італія, Японія, Харватыя, Люксембург, Нідэрлянды ды іншыя.

Шэраг краінаў заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных (Люксембург, Літва, Чэхія, Данія, Нарвегія, Польшча, Канада, Аўстралія) і спыніць практыку пераследу і ціску ў дачыненні да незалежных журналістаў і праваабаронцаў.

Адразу пасьля сэссіі пытаньняў і адказаў у Савеце па правах чалавека адбыўся сайд-івент, на якім прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру "Вясна", Цэнтру прававой трансфармацыі і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў далі ацэнку адказаў, што прагучалі з боку афіцыйнага Менску. Беларускія няўрадавыя арганізацыі падкрэслілі важнасьць захаваньня інстытута спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека і выказалі пажаданьне, каб адрасаваныя Беларусі рэкамендацыі па выніках другога раўнда UPR мелі як мага больш канкрэтны характар, які б вымагаў ад беларускага ўраду рэальных крокаў у выглядзе зьмяненьня заканадаўства і праваўжывальнай практыкі. У межах мерапрыемства былі агучаныя прапановы што да зьместу рэкамендацыяў, якія могуць быць вынесеныя па выніках другога раўнду UPR. Выступоўцы нагадалі пра наяўнасць палітвязняў у краіне і звярнулі ўвагу на судовы працэс у дачыненні да Мікалая Статкевіча, які праходзіў у дзень правядзення гэтага мерапрыемства.

Сайд-івент, арганізаваны міжнародным грамадзянскім альянсам Сівікус пры ўдзеле Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, Сеткі Дамоў правоў чалавека і Хьюман Райтс Вотч, наведалі больш за 20 дзяржаўных дэлегацыяў (у тым ліку дэлегацыі Эўразьвязу, Фінляндыі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Славаччыны, Чэхіі, Бельгіі, Румыніі, Вугоршчыны, Літвы ды інш).

Наступным этапам у межах другога раўнду UPR будзе фармуляваньне новага набору рэкамендацыяў беларускаму ўраду у мэтах паляпшэньня становічша ў сфэры правоў чалавека.

Сайд-івент беларускіх праваабаронцаў у межах UPR. Жэнева, 4 траўня 2015

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства