viasna on patreon

Баранавічы і Брэст: праблема смяротнага пакарання праз вобразы кіно

2014 2014-10-11T23:08:38+0300 2014-10-11T23:22:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/baran-film-smiar-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Брэсце ў рамках кампаніі “Несмяротнае пакаранне. Таму што мы людзі” адбыўся прагляд кінастужкі “12 раз'юшаных мужчын” на беларускай мове. Фільм, які з’яўляецца класікай сусветнага кінематографа і прызнаны адной з лепшых судовых драм па версіі Амерыканскага інстытута кінамастацтва, быў прадстаўлены брэсцкім удзельнікам курсаў “Мова Нанова”.

Паводле арганізатараў прагляду, дэмантрацыя гэтай кінастужкі сумесна з кампаніяй “Несмяротнае пакаранне. Таму што мы людзі” нельга лічыць выпадковым. “Несмяротнае пакаранне” - гэта спроба “разбіць” устойлівае моўнае спалучэнне “смяротнае пакаранне” і звярнуць увагу на тое, што астатнія віды пакарання (хай і не звязаныя з пазбаўленнем жыцця) таксама з’яўляюцца вельмі сур’ёзнымі. А што тычыцца выразу “таму што мы людзі”, дык гэта заклік задумацца не пра злачынца, а пра тое, што адбываецца з прыстойным грамадзянінам, калі ў яго краіне ёсць смяротнае пакаранне, як уладкавана правасуддзе і якая роля простых людзей у гэтай сітуацыі.

Менавіта для таго, каб гледачамі быў атрыманы досвед пра тое, што адбываецца са звычайным чалавекам, калі ён усведамляе, што чыніць правасуддзе, быў абраны фільм “12 раз'юшаных мужчын”. Кінастужка прысвечаны суду прысяжных, дзе мужчыны не проста галасуюць, а выказваюць свае думкі, узважваюць, спрачаюцца, бяруць на сябе адказнасць - і ў гэты момант ператвараюцца ў грамадзян.

 

У Баранавічах 10 кастрычніка ў памяшканні эколага-краязнаўчага грамадскага аб’яднання “Неруш” адбыўся прагляд мастацкай стужкі Сідні Люмэта “12 раз’юшаных мужчын”. Найперш удзельнікі мерапрыемства даведаліся, як па-беларуску агучваюцца фільмы. Пра гэта гасцям сустрэчы расказаў рэжысёр і кіраўнік перакладаў і агучвання фільмаў на беларускую мову Андрэй Кім. Затым адбыўся прагляд класікі амерыканскага кіно “12 раз’юшаных мужчын”, які мае найвышэйшыя рэйтынгі і абавязковы для вывучэння ў кінаакадэміях усяго свету.

– Безумоўна цікава паглядзець як агучваецца кіно па-беларуску. Але мне было прыемна праглядзець і сам фільм, які займае 2-е месца ў спісе лепшых судовых драм па версіі Амерыканскага інстытута кінамастацтва. Усе прысутныя пераканаліся, што суддзі часта памыляюцца ў справе смяротнага пакарання, і гэтую жахлівую памылку тады ўжо не выправіць. “12 раз’юшаных мужчын” нас вучыць, што права чалавека на жыццё – гэта найвышэйшая каштоўнасць, і ніхто не мае права пазбавіць чалавека жыцця, у тым ліку і дзяржава, – паведаміла грамадская актывістка Анжаліка Камбалава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства