viasna on patreon

Праваабаронцы: Мараторый на смяротнае пакаранне патрэбны найперш беларускаму грамадству

2014 2014-10-10T18:31:16+0300 2014-10-13T17:43:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dp-10.10.2014a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання Беларусі" з удзелам Тамары Чыкуновай 10 кастрычніка 2014

Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання Беларусі" з удзелам Тамары Чыкуновай 10 кастрычніка 2014

10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання,  праваабаронцы далі выніковую прэс-канферэнцыю ў межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

У офісе Праваабарончага цэнтру “Вясна” сабраліся праваабаронцы, журналісты і прадстаўнікі еўрапейскіх амбасадаў – намеснік амбасадара Вялікабрытаніі Дэвід Спайерс і намеснік амбасадара Баўгарыі Івайла Іванаў.

Падчас адкрыцця прэс-канферэнцыі “Беларусь у кантэксце сусветнага абаліцыянізма”каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда прадставіў агульныя лічбы і тэндэнці па смяротным пакаранні ў свеце, спасылаючыся на апошні тэматычны даклад праваабарончай арганізацыі AmnestyInternational.

Паводле даклада, на працягу 2013 года пакаранні смерцю праводзіліся ў 22 краінах свету, што на адну больш, чым у папярэдні год. Агульная колькасць пакаранняў смерцю ў свеце, пра якія стала вядома арганізацыі, - 778. Гэта амаль на 15% больш, чым у 2012 годзе. Але з 2009 года з прычыны адсутнасці праверанай інфармацыі Amnesty International не друкуе інфармацыю пра пакаранні смерцю ў Кітаі, дзе гэта з'яўляецца дзяржаўнай таямніцай, а там тысячы пакараных.

За выключэннем Кітая, амаль 80% усіх вядомых пакаранняў смерцю ў свеце былі зарэгістраваныя ў трох краінах: Іраку, Іране і Саудаўскай Аравіі. У пяцёрку сумнавядомых лідэраў уваходзяць і ЗША - адзіная краіна ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, дзеў 2013 годзе каралі смерцю людзей. Хоць, як адзначаецца ў дакладзе, колькасць пакаранняў смерцю там працягвае зніжацца. І Мэрыленд стаў 18-м па ліку штатам, адмяніўшым смяротнае пакаранне.

Amnesty International канстатуе: нягледзячы на названыя трывожныя змены, у цэлым наяўныя дадзеныя паказваюць, што тэндэнцыя да адмены вышэйшай меры пакарання ў свеце захоўваецца.

Што да Беларусі, то наша краіна прадстаўлена ў гэтым дакладзе як апошняя краіна ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе дагэтульужываецца смяротнае пакаранне. У 2013 годзе, паводле наяўнай інфармацыі,  смяротныя прысудыў Беларусі не выконваліся, але былі вынесеныя не менш за чатыры. І, як вядома, ужо вясной 2014-га два з іх прыведзены ў выкананне - у дачыненні Паўла Селюна і Рыгора Юзэпчука. Па меншай меры два чалавекі зараз чакаюць выканання прысудаў - Эдуард Лыкаў і Аляксандр Груноў. І гэтыя прысуды могуць быць прыведзены ў выкананне ў любы момант, паколькі, нягледзячы на патрабаванні міжнародных органаў, у прыватнасці Камітэта па правах чалавека ААН, Беларусь не адкладае выкананне прысудаў да завяршэння разгляду спраў гэтымі органамі”, - адзначыў Андрэй Палуда.

Праваабаронцы ў сваёй працы па праблеме смяротнага пакарання выкарыстоўваюць механізмы тых міжнародных арганізацый, сябрам якіх з’яўляецца Беларусь - ААН і АБСЕ, бо наша дзяржава з’яўляецца ўдзельніцай шэрагу пактаў і канвенцый, што і дазваляе задзейнічаць гэтыя механізмы. Пра працу праваабаронцаў у гэтым напрамку распавёў намеснік кіраўніка “Вясны” Валянцін Стэфановіч. Адзін з асноўных крокаў – выкарыстанне механізму  Універсальнага перыядычнага агляду, другі раунд якога Беларусь будзе праходзіць у Савеце па правах чалавека ААН у красавіку 2015 года.

“Кааліцыя з 11 праваабарончых арганізацый Беларусі падрыхтавала альтэрнатыўны агляд, які ў верасні быў накіраваны ў Савет па правах чалавека ААН. І адно з першых пытанняў гэтага альтэрнатыўнага агляду якраз датычыцца права на жыццё. І тут мы адзначаем, што Беларусь, якая не брала на сябе абавязацельстваў па адмене смяротнага пакарання, працягвае яго выкарыстанне. І з 2010 году, з моманту першага праходжання Беларуссю працэдуры УПА, нам вядома пра расстрэлы дзевяці чалавек. Мы выказваем асаблівую занепакоеннасць тым, што ў пяці выпадках смяротныя прысуды былі прыведзеныя ў выкананне, нягледзячы на тое, што індывідуальныя звароты гэтых асобаў былі зарэгістраваныя ў КПЧ ААН, у дачыненні да іх была распачатая Працэдура 92 Правіл працэдур КПЧ ААН, гэта азначае, што беларускаму ўраду было паведамлена пра рэгістрацыю Камітэтам гэтых зваротаў і пра тое, што прысуды не могуць быць прыведзеныя ў выкананне да разгляду гэтых зваротаў па сутнасці. Беларусь – у парушэнне сваіх міжнародных абавязацельстваў прывяла ў выкананне гэтыя смяротныя прысуды. Таксама мы адзначаем, што працягваецца вынясенне смяротных прысудаў Вярхоўным судом РБ у якасці першай інстанцыі, што не прадугледжвае іх касацыйнага абскарджвання. Нагадаю, што так было з Кавалевым і Канавалавым, якіх расстралялі цягам двух месяцаў пасля вынясення прысудаў Вярхоўным судом. Таксама мы заклікаем Беларусь, каб яна змяніла працэдуру выканання смяротных прысудаў, якая неаднаразова прызнавалася КПЧ ААН як бесчалавечнае абыходжанне. Мы просім краіны, прадстаўленыя у Савеце па правах чалавека ААН, каб Беларусі было рэкамендавана ратыфікаваць Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, такім чынам узяўшы на сябе абавязацельствы па ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне, а таксама – змяніць крымінальнае заканадаўства ў частцы працэдур выканання смяротнага прысуда да моманту ўвядзення мараторыя ці поўнай адмены смяротнага пакарання”, - распавёў праваабаронца.

Да гэтага Стэфановіч дадаў, што Беларусь не выконвае свае абавязацельствы таксама і ў частцы давядзення рашэнняў, прынятых КПЧ ААН да грамадзянаў рэспублікі. Як вядома, КПЧ прыняў ужо два рашэнні аб парушэнні беларускай дзяржавай права на жыццё – у дачыненні да Андрэя Жука, расстралянага ў 2010 годзе, і Уладзіслава Кавалёва, расстралянага ў 2012 годзе. Дзяржава мусіла гэтыя рашэнні апублікаваць у афіцыйных СМІ цягам 180 дзён з моманту іх прыняцця. Гэтую функцыю дзяржавы праваабаронцы ўзялі на сябе: у межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" надрукавана і даводзіцца да ведама грамадзянаў Рашэнне КПЧ па справе Уладзіслава Кавалёва.

Таксама Валянцін Стэфановіч распавёў пра пазіцыю ў дачыненні да Беларусі з боку АБСЕ і Савета Еўропы, у мерапрыемствах якіх ён браў удзел цягам апошніх двух тыдняў.

Ён нагадаў, што ў рэгіёне АБСЕ толькі дзве краіны выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне – ЗША і Беларусь. І АБСЕ неаднаразова прымала рэзалюцыі з заклікам да гэтых краінаў увесці мараторый ці цалкам адмяніць смяротнае пакаранне. Падчас сёлетняй Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні праходзіла пленарнае паседжанне, дзе зноўку Беларусі была выказана гэтая рэкамендацыя.  

Праваабаронца падкрэсліў, што ў рэчышчы спробаў беларускіх уладаў палепшыць свой імідж у стасунках з краінамі Еўрасаюза, ЗША тэма смяротнага пакарання “цікава” загучала ў Савеце Еўропы.

“Лукашэнка ў святле геапалітычных падзеяў, якія адбываюцца вакол Беларусі, стаў такі “голубам міру”, і шмат хто ў Савеце Еўропы пачаў казаць пра “вокны магчымасцяў” для Беларусі. І не здарма, мне падаецца, падчас апошняга выступу Лукашэнкі ў парламенце дэпутат Самасейка задаў пытанне адносна аднаўлення для Беларусі статуса спецыяльна запрошанага ў Савеце Еўропы, які быў замарожаны пасля рэферэндума 1996 года. І пра гэта зноўку загаварылі і ў Савеце Еўропы.
Мы сустракаліся з генсакратаром СЕ Ягландам, які таксама казаў аб тым, што дыялог з Беларуссю для іх надзвычай важны. А Беларусь, нагадаю, фактычна адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Але спадар Ягланд таксама адзначыў, што для іх вельмі важна, каб гэты дыялог адбываўся на каштоўнаснай глебе. І адна з каштоўнасцяў Савета Еўропы – права на жыццё. Таму краіна не можа быць сябрам савета еўропы без увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне
”, - распавёў ён.    

Валянцін Стэфановіч адзначыў, беларускія праваабаронцы выступаюць за тое, каб Беларусь была сябрам Савета Еўропы, што азначае ратыфікаванне дзяржавай Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, прызнанне кампетэнцыі Страсбургскага суда па правах чалавека і ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Праваабаронца вітаў той факт, што еўрапейскія амбасады ў нашай краіне стварылі нефармальную Працоўную групу па пытанні адмены смяротнага пакарання ў Беларусі (на сёння ў гэтую групу ўвайшлі амбасады Вялікабрытаніі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі, Францыі, Італіі), якія з свайго боку будуць прасоўваць пытанне ўвядзення мараторыя на смяротную кару.

“Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы просім увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне не таму, што гэта пытанне сяброўства Беларусі ў Савеце Еўропы. Найперш гэты мараторый патрэбны для беларускага грамадства. Таму што мы не можам казаць пра гуманізацыю грамадства, калі дзяржава дазваляе забойства сваіх грамадзянаў”, - падвынікаваў праваабаронца.   

Ганаровы госць Тыдня супраць смяротнага пакарання, вядомая ў свеце абаліцыяністка Тамара Чыкунова, старшыня ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў”, у сваім выступе акцэнтавала ўвагу на тым, што адказнасць за смяротныя пакаранні ў краіне кладзецца на ўсё грамадства.

“Нам усім трэба зразумець, што калі з нашай маўклівай згоды смерцю караюць таго, хто парушыў закон, мы помсцім яму, апраўдваючы сябе законам. Чым мы лепшыя за тых, хто здзейсніў злачынства? Мы кажам, што забойству няма апраўдання. Дык чаму ёсць апраўданне нам, калі мы падтрымліваем закон пра смяротнае пакаранне? Я вельмі цёпла стаўлюся да беларускага народа – добрага, сардэчнага, і вельмі жадаю, каб у вайшай краіне не было смяротнага пакарання – злачынства супраць чалавечнасці. Я сама прайшла праз жах пакарання смерцю адзінага сына і хачу сказаць вам: няма справядлівасці ў смяротнай кары. І працую я для таго, каб гэтая бяда ў выглядзе смяротнага прысуду не прыходзіла ў дамы іншых людзей…”, - падкрэсліла Тамара Чыкунова.

Праваабаронца адзначыла важнасць супрацы па праблеме смяротнага пакарання з міжнароднымі арганізацыямі. Па яе прызнанні, ёй асабіста вельмі дапамагло знаёмства з такой хрысціянскай арганізацыяй, як Абшчына Святога Эгідзя (з цэнтрам у Рыме), з якой яна супрацоўнічае ужо шмат гадоў.

Таксама тамара Чыкунова распавяла журналістам пра працу яе арганізацыі на карысць адмены смяротнага пакарання ў краінах Цэнтральнай Азіі і асаблівасці закона пра адмену смяротнага пакарання ва Узбекістане, у распрацоўцы якога яна брала непасрэдны ўдзел.  

Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання Беларусі" з удзелам Тамары Чыкуновай 10 кастрычніка 2014
Прэс-канферэнцыя "Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання Беларусі" з удзелам Тамары Чыкуновай 10 кастрычніка 2014

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства