viasna on patreon

Маці нявінна пакаранага смерцю: «Дзякую Богу, што ўва мне не перамагло пачуццё помсты»

2014 2014-10-06T13:26:24+0300 2014-10-06T13:32:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chykunova_tamara-2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Чыкунова, старшыня узбекскай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў"

Тамара Чыкунова, старшыня узбекскай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў"

Страціўшы адзінага сына, нявінна пакаранага, яна стала маці для ўсіх вязняў камер смяротнікаў ва Узбекістане. Дабіўшыся адмены смяротнага пакарання ў сваёй краіне, яна змагаецца за яго адмену найперш у Беларусі. Тамара Чыкунова - ганаровы госць беларускага Тыдня супраць смяротнага пакарання і адна з гераінь фотапраекта "Вышэйшая мера", які распавядае пра маці асуджаных да смяротнай кары.

У інтэрв'ю сайту Праваабарончага цэнтру "Вясна" Тамара Чыкунова распавяла, як гэта - быць "маці забойцы", чаму яна адмовілася ад помсты за забойства адзінага сына, колькі смяротнікаў засталося ў жывых дзякуючы працы яе арганізацыі.  

 

- Тамара Іванаўна, адкуль, пасля перажытай Вамі жыццёвай трагедыі, узяліся сілы для той дзейнасці, якой Вы прысвяцілі наступныя гады - адмены смяротнага пакарання не толькі ў сваёй, але і ў іншых краінах?

- Гэта апошні ліст, напісаны сынам перад расстрэлам. Ён як завяшчанне - каб я жыла і памятала. Мой сын сказаў свайму сукамерніку, што калі я не паспею выратаваць яго, сына, ад смяротнага пакарання, каб той звярнуўся да мяне па дапамогу і яму я абавязкова дапамагу. І так атрымалася, што гэты чалавек быў выратаваны: у снежні 2001-га яму адмянілі смяротнае пакаранне, як і яшчэ аднаму асуджанаму, які праходзіў з ім па справе. Такім чынам, завяшчанне майго сына стала штуршком да таго, каб жыць і працаваць супраць гэтага жорсткага пакарання.  

- Якім стала Вашае жыццё пасля расстрэлу сына?

- Я сутыкнулася з тым, што пасля пакарання смерцю сына я засталася ў ізаляцыі. Шмат сяброў проста выпарыліся. Засталіся самыя блізкія. Ды і сваякі ад страху перад такой жорсткасцю перасталі са мной стасавацца. Сам насам   са сваім горам. Я не хацела жыць далей, таму што гэта было маё адзінае дзіця. Гэта была надзея ўсяго майго жыцця - і яе забілі. Навошта жыць? Толькі гэтае жаданне майго сына, каб я жыла і памятала, падтрымлівала мяне.

Я стварыла арганізацыю. У яе спачатку ўвайшлі ў асноўным маці асуджаных да смяротнага пакарання. Сярод іх былі жанчыны, дзеці якіх былі асуджаныя, але згубіліся, то бок не вядома было, ці жывыя яны, таму што было поўнае маўчанне. Гэтыя жанчыны знаходзіліся паміж небам і зямлёй. Як жыць? Для грамадства яны сталі ізгоямі, іх не разумелі, не разумелі іх гора. Бо яны - маці забойцаў. Таксама ставіліся і да мяне. Калі мяне хацелі абразіць, казалі "яна ж маці забойцы". Пры гэтым ніхто не хацеў разабрацца, як усё адбылося, за што забілі майго адзінага сына, чаму яго так хутка расстралялі, чаму быў неправасудны суд, чаму не было праведзена расследаванне аб катаваннях... Усё гэта не хвалявала грамадства. Галоўнае - як яны лічылі – "аднаўленне справядлівасці". Мой сын быў прызнаны невінаватым у інкрымінаваных яму дзеяннях, былі прызнаныя катаванні і здзекі над ім, неправасудны прысуд, парушэнне права на абарону - але ён расстраляны. Страшна тое, што смяротнае пакаранне незваротнае. Але я нясу крыж маці забойцы ў вачах грамадства. Я не магу ўсім і кожнаму растлумачыць, што я ні ў чым не вінаватая, нават калі мой сын злачынца. Я не аддзяляю свайго сына, нявінна расстралянага, ад тых пакараных, хто былі вінаватыя ў злачынствах. Я кажу, што нельга забіваць, апраўдваючы сябе законам. Гэта супраць жыцця чалавека. І ўсе мы нясем за гэта адказнасць. У грамадстве, дзе існуе крымінальнае пакаранне ў выглядзе смяротнай кары, людзі не павінны быць інэртнымі і спакойнымі, паколькі ніхто ад смяротнага пакарання не застрахаваны. Трэба зрабіць усё, каб гэтага жудаснага пакарання не было.

- Што б Вы сказалі маці расстраляных і асуджаных да смяротнага пакарання ў Беларусі?

- Ім бы я хацела сказаць: я з вамі. Я разумею ваш боль. Я на сабе адчула тое негатыўнае стаўленне грамадства да маці асуджаных да смяротнай кары. Але вы - не вінаватыя. Вы павінны памятаць, што вы - маці. І вы маеце поўнае права абараняць сваіх дзяцей. І вы сталі ахвярай гэтага жудаснага закона аб смяротнай кары. Вы - ахвяра. Але вы ні ў чым не вінаватыя. Грамадства вінаватае ў тым, што ў вас адабралі самае дарагое - жыцці вашых дзяцей.

- Тамара Іванаўна, даводзілася чуць, што зняволеныя ў камерах смяротнікаў, па чыіх справах Вы працавалі, называлі Вас маці. Распавядзіце, як вялася гэтая праца. Ці маглі Вы сустракацца з імі?

- У падвале смяротнікаў, у спецыяльна адведзеным пакоі, я была адзін раз - на спатканні з сынам. Я не сустракалася асабіста ні з адным прыгавораным да пакарання смерцю, па справах якіх я працавала. Яны пісалі мне лісты і ў ліставанні называлі мяне маці. Таму што лічылі, што ў першую чаргу маці становіцца на абарону сваіх дзяцей. Таму і наша арганізацыя носіць такую ​​назву - "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў". Першапачаткова, вядома, прыходзілі маці, прасілі дапамогі. Але ў арганізацыі таксама ёсць і бацькі, і маладыя валанцёры, усе, хто неабыякавыя. Яны рабілі вельмі шмат, падтрымліваючы нас, праводзілі маніторынг. Мне адзінай, як кіраўніку арганізацыі, было дазволена рабіць невялікія грашовыя пераводы ўсім прыгавораным да смерці. Такім спосабам мы адсочвалі, хто жывы, а каго ўжо няма (калі перавод вярнуўся), і затым дамагаліся, каб нам далі інфармацыю. Таму што ва Узбекістане, як і ў Беларусі, смяротныя прысуды выконваліся таемна, дата расстрэлу не паведамлялася. Гэта страшэннае катаванне - кожны дзень чакаць смерці.

Вядома, гэтая праца для мяне была нялёгкай. Я два гады не спала. Мяне раздзіралі супярэчлівыя пачуцці: з аднаго боку - жаданне помсціць, з другога - разуменне, што, паддаўшыся гэтаму жаданню, я стану на шлях злачынства. У мяне не было спакою. Я не знаходзіла сабе месца, таму што калі расстрэльвалі то аднаго, то другога, па справах якіх я працавала, мне хацелася ўсё кінуць, таму што я зноў і зноў праходзіла праз смяротнае пакаранне. І я вымушаная была размаўляць са сваякамі пакараных - гэта мяне дабівала. Але быў і іншы момант. Асуджаныя да смяротнага пакарання даверылі мне свае жыцці з надзеяй, што я змагу іх абараніць, сысці з гэтай працы - значыць здрадзіць ім. Здрады я сама сабе дараваць не змагу. І, адумаўшыся, я пачынала працаваць далей. Я дзякую Бога, што ўва мне не перамагло пачуццё помсты. Я вельмі шмат размаўляла са святарамі, і яны накіравалі мяне на шлях праўдзівы. Гэта шлях праз дараванне. Я даравала ўсім тым, хто забіў майго сына, і ўсім, хто жыве ў дзяржаве, якія часцяком падтрымлівалі гэты жудасны закон аб смяротнай кары. І я стала спаць, у маёй душы запанаваў мір. І ў мяне стала больш атрымлівацца ў працы. Я стараюся з дабром ставіцца да людзей. І ў гэтым выпадку было дабро ў дачыненні да сябе самой: не помсціць, а жыць. Жыць, ратуючы жыцці іншых людзей.

- Колькі жыццяў Вам удалося выратаваць ва Узбекістане?

- Непасрэдна асуджаных да смяротнага пакарання было 98 чалавек. 58 заставаліся ў камерах смяротнікаў на дзень юрыдычнай адмены смяротнага пакарання - 1 студзеня 2008 г. Пазней мы дамагліся, каб да іх крымінальных справаў паставіліся не фармальна, а перагледзелі кожную.Гэта быў прэцэдэнт сусветнага маштабу. Таму што ёсць такая практыка: усе раней асуджаныя да смяротнага пакарання альбо расстрэльваюцца напярэдадні адмены смяротнага пакарання ці мараторыю, альбо іх аўтаматычна пераводзяць на пажыццёвае пазбаўленне волі. Практыка ва Узбекістане даказала, што не настолькі ўсе былі вінаватыя. З 58 чалавек, пасля перагляду Прэзідыумам Вярхоўнага суда іх крымінальных спраў, толькі 12 пайшлі на пажыццёвае пакаранне. 46 чалавек атрымалі розныя тэрміны пакарання з правам выйсці на свабоду, то бок быць памілаванымі, праз 15 гадоў. Важнае нашае дасягненне, што да юрыдычнай адмены смяротнага пакарання, з 2001-га па 2008-ы, 23-м чалавекам смяротныя прысуды замянілі рознымі тэрмінамі ў выніку перагляду іх крымінальных спраў. 22 з іх ужо на волі. І я ганаруся гэтымі хлопцамі. Ні адзін з іх не помсціць грамадству, якое прыгаварыла іх да смерці. Яны ўсе сталі годнымі чальцамі грамадства - працуюць, ажаніліся, гадуюць дзяцей. І ў кожным з іх я бачу свайго сына, незалежна ад узросту і нацыянальнасці.

Тамара Чыкунова і праваабаронцы "Вясны" Ірына Смяян-Семянюк, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда

- Закон аб адмене смяротнага пакарання ва Узбекістане, у распрацоўцы якога Вы ўдзельнічалі, называюць адным з самых прагрэсіўных. На што варта звярнуць увагу ў гэтым законе?

- У гэтым законе для былых вязняў камеры смяротнікаў ключавымі з'яўляюцца тры пункты: доступ да медыцыны, права на працу і права на вучобу. Таксама важная для іх магчымасць - не парываць з сем'ямі, раз на месяц ім дазволеныя званок сваякам і спатканне, яны могуць атрымліваць бандэролі ад сваякоў. Калі яны досыць зарабляюць, то абавязаныя дапамагаць сем'ям ахвяраў іхніх злачынстваў. Гэта асновы закона. То бок, мэта - выпраўленне і падрыхтоўка да выхаду на волю, рэсацыялізацыя.

- Каб прыйсці да адмены смяротнага пакарання ва Узбекістане, у Вас з аднадумцамі сышло восем гадоў. Што, па-вашаму, дазволіла дамагчыся пастаўленай задачы?

- Ведаеце, у Сэнт-Экзюперы ёсць «Малітва», якая пачынаецца радкамі: «Госпадзе, я прашу не пра цуды і не пра міраж, а пра сілу кожнага дня. Навучы мяне мастацтву маленькіх крокаў...» Гэта азначае «навучы мяне дыялогу». Шлях маленькіх крокаў у мяне пачаўся з Абшчыны Святога Эгідзія, з якой я пазнаёмілася ў 2002 годзе. І вось ужо больш за 12 гадоў гэтыя хрысціяне поруч са мною. Яны жывуць у розных краінах свету, але адзінай іх мэтай з'яўляецца шлях да міру і тварэння. І першая з задачаў гэтай грамадскай арганізацыі - адмена смяротнага пакарання. Яны вельмі шмат працуюць па краінах, дзе ёсць смяротнае пакаранне. Яны былі ініцыятарамі Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання. Кааліцыя была заснавана 13 траўня 2002 года ў Рыме, у офісе Абшчыны Святога Эгідзія. І я мела гонар удзельнічаць у гэтым пасяджэнні і з'яўляюся адной з першых удзельніц Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.

Вяртаючыся да шляху маленькіх крокаў, хачу сказаць, што ажыццяўленне нашай задачы давалася складана. Не ўсе разумелі мяне. І не варта скідаць з рахункаў, што Узбекістан - на 90% мусульманская дзяржава, а я - жанчына, хрысціянка, руская, грамадзянка Расіі. Не ўсе праваабаронцы падтрымлівалі мяне ў барацьбе за адмену смяротнага пакарання. Але часам вельмі простыя людзі дапамагалі хто як можа, не застаючыся абыякавымі да гэтай праблемы. Як правіла, яны прыходзілі да нас разам са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання і заставаліся валанцёрамі. І іх неабыякавасць нам дапамагала яшчэ выйграваць працэсы. Затым з 2005 года мы пачалі весці растлумачальную працу з рознымі слаямі насельніцтва. Мы хадзілі ў розныя аўдыторыі - да студэнтаў, да афганцаў, напрыклад - і ў сваіх выступах, праз асабістыя сведчанні, казалі пра тую жорсткасць, якая заахвочваецца грамадствам. І людзі слухалі нас сэрцам, і да іх прыходзіла разуменне праблемы. Пасля дыскусій заўсёды былі людзі, якія змянілі сваё меркаванне ў бок адмены смяротнай кары. І калі сярод ста чалавек такіх набярэцца двое - вы ўжо перамаглі. Таму што сёння яны зрабілі выбар для сябе, заўтра дапамогуць зрабіць гэты выбар свайму сябру, таму што яны ўжо праінфармаваныя.

Але зразумела, што адмена смяротнага пакарання - гэта палітычная воля кіраўніка дзяржавы. Для таго, каб кіраўнік дзяржавы нас пачуў, мітынгі і пратэсты не дапамаглі. Значна больш станоўчых вынікаў нам прынёс дыялог - гэта доўгі шлях. І першым крокам дыялогу была сусветная акцыя за адмену смяротнага пакарання ва Узбекістане, калі журналісты наўпрост спыталі прэзідэнта Карымава пра яго стаўленне да смяротнага пакарання - як чалавека і як прэзідэнта. Ён задумаўся, а затым адказаў: «Як чалавек я супраць гэтага пакарання, але як прэзідэнт я адкажу вам пазней». Гэта быў першы крок дыялогу. Не будзе выніку, пакуль супрацьстаялыя бакі не сядуць за стол перамоваў і пачнуць - крок за крокам.

 

Тамара Чыкунова: «Хачу, каб Лукашэнка задумаўся: кроў забітых з дапамогай закона кладзецца на яго рукі» (аўдыё)

Тамара Чыкунова і праваабаронцы "Вясны" Ірына Смяян-Семянюк, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства