Чарговы расстрэл: выкананы прысуд у адносінах да Рыгора Юзэпчука

2014 2014-05-12T16:54:55+0300 2014-05-12T20:05:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/yuzepchuk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Юзэпчук

Рыгор Юзэпчук

Магілёўскі абласны суд паведаміў, што ў адносінах да Рыгора Юзэпчука выкананы смяротны прысуд. 45-гадовы мужчына асуджаны за забойства сукамерніка. Той нібыта прайграў сваё жыццё ў даміно.


Смяротны прысуд Рыгору Юзэпчуку, вынесены 23 красавіка 2013, не выклікаў вялікага рэзанансу. Гэта звязана з адсутнасцю інфармацыі пра справу, пра асобу самога забойцы. Доўгі час афіцыйныя органы не называлі нават прозвішча асуджанага.


Крымінальная гісторыя Юзэпчука

 

Пазней грамадскасці стала вядома, што Рыгор Юзэпчук нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці (Украіна) у 1969 годзе, па нацыянальнасці – цыган, без пэўнага месца жыхарства. Ён быў судзімы сем разоў.

Апошні тэрмін — 25 гадоў — Юзэпчук атрымаў за двайное забойства. Паводле інфармацыі перадачы «Таямніцы следства» на БТ, ён уступіў у інтымную сувязь жанчынай, а іх сабутэльніку гэта не спадабалася. Ахвяраў ён закалоў нажом «на глебе рэўнасці». За гэта Юзэпчука накіравалі ў Магілёўскую турму №4, дзе 5 чэрвеня 2012 ён здзейсніў чарговае забойства. На гэты раз — свайго сукамерніка.
Ягоная чарговая ахвяра, сірата і дзетдомавец 22-гадовы Ігар Хадакоў, быў асуджаны на 18 гадоў за тое, што падчас сваркі забіў роднага дзядзьку, які даглядаў яго.

У сюжэце БТ адзначалася, што Юзэпчук здзейсніў забойства разам з яшчэ адным сукамернікам. Усе трое нібыта вырашылі згуляць у даміно — на жыццё. Таго, хто прайграў, задушылі.

У гэтай гісторыі адразу некалькі важных пытанняў застаюцца без адказаў.

Па-першае, забойства здзейснена ў так званай «крытай турме», што прадугледжвае асабліва ўзмоцнены нагляд за асуджанымі. Азартныя гульні строга забароненыя. У сюжэце адзначалася, што ў дзень забойства ахоўнік двойчы падыходзіў да дзвярэй камеры і бачыў, што вочка на дзвярах, праз якое нагляднікі сочаць за парадкам, залеплена газетай. Дэпартамент выканання пакаранняў так і не паведаміў, ці быў прыцягнуты да адказнасці нехта з адміністрацыі турмы за тое, што там адбылося забойства.

Па-другое, Юзэпчука за парушэнне парадку змясцілі ў камеру, дзе ўжо знаходзіліся два зэкі з так званым «нізкім сацыяльным статусам». Гэта значыцца, што ў іншых камерах іх прымушалі б выконваць усю брудную працу, ніхто з сядзельцаў да іх не дакранаўся і пры магчымасці нават не размаўляў. «Належалі да іншай турэмнай касты», — характарызуюць зэкаў у сюжэце БТ.

Апроч Хадакова, у камеры №10 сядзеў 22-гадовы Павел Петракоў, якога асудзілі на 10 гадоў за згвалтаванне заведама непаўналетняга. Маладыя зэкі пасябравалі, вучылі адзін аднаго італьянскай мове. Мяркуецца, што паміж гэтымі мужчынамі была сэксуальная сувязь. Паказальны факт: да свайго падзельніка Петракова Юзэпчук звяртаўся жаночым імем. Петракоў, расказваючы пра смерць сябра, не хавае слёз.

Перавод у такую камеру Юзэпчука, які шмат год знаходзіўся за кратамі, не мог быць выпадковым. Адміністрацыя папраўчай установы ведае, што, па зонаўскіх правілах, чалавек, якога змясцілі ў такую камеру, павінен або «ўскрыць» сябе, або забіць таго, хто мае гэты самы нізкі сацыяльны статус.

Звычайнага чалавека такія парадкі здзіўляюць і абураюць, але ў беларускіх турмах, на жаль, жывуць не толькі па законах, але і па сваіх паняццях.

Чаму сістэма маўчыць пра расстрэлы?

25 красавіка 2013 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Юзэпчука да смяротнага пакарання. Справу разглядалі ў Магілёўскім СІЗА у закрытым рэжыме. Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

У Магілёўскім судзе «Нашай Ніве» пацвердзілі: Юзэпчука расстралялі.

Дату выканання прысуда і месца яго пахавання трымаюць у сакрэце. Міністэрства ўнутраных спраў аднесла гэтую інфармацыю «толькі для службовага карыстання».

Праваабаронца Андрэй Палуда, які мае досвед працы ў праваахоўчых органах, кажа, што завеса сакрэтнасці, якая існуе вакол смяротнага пакарання, – спадчына савецкіх часоў. «Гэта практыка НКВД, калі людзей расстрэльвалі тысячамі. Як прыклад, гісторыя Курапатаў. Тагачасныя інструкцыі — схаваць колькасць забітых, не паведамляць грамадству, хто і за што расстраляны — дайшлі да сённяшняга часу. Сваякам не выдаюць цела расстралянага. Ім не паведамляюць месца, дзе пахаваны чалавек. А грамадству, калі толькі праваабаронцы і журналісты не падымаюць гэту тэму, нават не агучваюць, калі прысуд быў выкананы. Пры гэтым чыноўнікі ўвесь час паўтараюць: смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Дык чаму ж яны тады адкрыта не гавораць пра расстрэлы?»

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International накіроўвала запыт беларускім уладам. З адказу вынікае, што ў 2013 ніводны смяротны прысуд не выконваўся. Гэта дазваляе меркаваць, што Юзэпчука расстралялі сёлета.

«Былы начальнік мінскага СІЗА №1 Алег Алкаеў расказваў, што расстрэльная каманда звычайна збіраецца для выканання адразу некалькі прысудаў. Таму Рыгора Юзэпчука маглі забіць разам з Паўлам Селюном. Пра расстрэл апошняга адвакату паведамілі 18 красавіка, хоць афіцыйнага пацверджання дагэтуль няма», — адзначыў Палуда.

Яшчэ адзін расстраляны Юзэпчук

У 2009-м прозвішча «Юзэпчук» ужо фігуравала ў «расстрэльных спісах». Тады да смяротнага пакарання асудзілі непісьменнага Васіля Юзэпчука, таксама цыгана па нацыянальнасці. Яго абвінавацілі ў здзяйсненні серыі забойстваў пенсіянерак. 

Праваабаронцы знайшлі пацверджанне, што абодва расстраляныя – Васіль і Рыгор – стрыечныя браты.

Адвакаты, якія абаранялі Васіля, казалі, што ў аснову прысуду ляглі абвінаваўчыя паказанні супрацоўнікаў міліцыі. Медыцынская экспертыза паказала, што ў асуджанага лёгкая ступень разумовай адсталасці, ён кепска арыентуецца ў наваколлі. Дарэчы, забойствы пенсіянер у Брэсцкай вобласці былі зафіксаваны і пасля расстрэлу Юзэпчука.

Хто яшчэ чакае cмерці ў Беларусі?

У красавіку Вярхоўны суд з розніцай у адзін тыдзень пакінуў у сіле два смяротныя прысуды – 26-гадоваму гамельчуку Аляксандру Грунову за жорсткае забойства студэнткі і 54-гадоваму Эдуарду Лыкаву за пяць забойстваў, здзейсненых на працягу дзевяці год.

Груноў накіраваў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пра лёс Лыкава вядома меньш. Ён, як і Юзэпчук, без пэўнага месца жыхарства. На паседжанні ў Вярхоўным судзе прысутнічалі яго падчарка і адвакат. Але яны не ідуць на кантакт ні з праваабаронцамі, ні з журналістамі.

18 красавіка стала вядома, што ад імя дзяржавы расстраляны 23-гадовы студэнт гістфаку БДУ Павел Сялюн, асуджаны за забойства сваёй жонкі і яе каханка. Гродзенскі абласны суд, які выносіў прысуд, пакуль не даслаў афіцыйнае пацверджанне маці Селюна, аднак на сустрэчы з намеснікам старшыні Вярхоўнага суда той пацвердзіў: Паўла расстралялі.

Праваабаронцы кажуць, улічваючы засакрэчанасць інфармацыі пра смяротнае пакаранне, невядома, колькі насамрэч было вынесена і выканана расстрэлаў за гісторыю сувярэннай Беларусі. “Мы маем статыстыку толькі вынесеных прысудаў. З 1990 па 2013 год да выключнай меры пакарання ў Беларусі было асуджана 328 чалавек”, - паведаміў Андрэй Палуда.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international