Брэст: улады адмовіліся рэгістраваць грамадскае аб’яданне з-за яго назвы
Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама накіравала свой адказ у справе рэгістрацыі асветніцкага грамадскага аб'яднання “Брэсцкія хрысціянскія дэмакраты”.
Як вынікае з адказу, які быў дасланы старшыні аргакамітэта гэтага аб’яднання Зміцеру Шурхаю, назва арганізацыі, з пункту гледжання юрыстаў аблвыканкама, не адпавядае вызначэнню грамадскага аб'яднання. У адказе гаворыцца, што слова “хрысціянскія” можа ўваходзіць у назву рэлігійнай арганізацыі, якая ставіць на мэце асветніцкую дзейнасць у галіне вывучэння хрысціянскага веравучэння, а слова “дэмакраты” можа ўваходзіць у назву палітычнай партыі.
Ва ўпраўленні юстыцыі таксама паведамілі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам грамадскім аб’яднаннем “з’яўляецца дабраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай рэалізацыі грамадзянскіх, сацыяльных, культурных і іншых правоў, але не для рэалізацыі свабоды сумлення, палітычных праграм”.
Варта дадаць, што ранейшая спроба зарэгістраваць арганізацыю брэсцкіх хрысціянскіх дэмакратаў таксама была беспаспяховай, у тым ліку з прычыны таго, што ініцыятары стварэння грамадскага аб’ядання не ўзгаднілі яго назву з “рэгіструючым органам”. Тады пярэчанні ў галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама выклікала нібыта неадпаведнасць назвы арганізацыі на рускай і беларускай мовах (“Брестские христианские демократы” і “Берасцейскія хрысціянскія дэмакраты”).