Брэст: жыхары мікрараёна Рэчыца скардзяцца на гарвыканкам
Мясцовыя актывісты кампаніі “Гавары праўду!” накіравалі скаргу ў Брэсцкі аблавыканкам і кіраўніцтва ДАІ ў сувязі з нездавальняючым адказам гарадскіх уладаў наконт добраўпарадкавання вуліцы Сонечнай.
Раней з дапамогай актывістаў кампаніі было сабрана больш за 100 подпісаў жыхароў мікрараёна Рэчыца пад калектыўным зваротам у гарвыканкам. У прыватнасці, жыхары мікрараёна выказвалі занепакоенасць станам тратуараў і дарожнага пакрыцця на вуліцы Сонечнай. Тратуараў на згаданай вуліцы фактычна няма (за выключэннем невялікага ўчастка), а становішча пагаршаецца, бо апошнім значна ўзрасла інтэнсіўнасць пешаходнага і транспартнага руху на гэтай тэрыторыі пасля з’яўлення царквы, рынку, аўтастаянкі і будаўніцтвам жылых дамоў. Акрамя таго, рамонтныя работы па водаадвядзенню былі праведзены кепска, бо адсутнічае ліўневы сцёк і зараз на скрыжаваннях вуліц Сонечная, Акімачкіна, Адамкоўская і Рэчыцкая падчас дажджоў утвараецца вялікая лужына. Гэта таксама замінае руху пешаходаў падчас неспрыяльнага надвор’я: асабліва пакутуюць у такой сітуацыі пажылыя людзі і школьнікі, а адсутнасць абсталяванага тратуара ўяўляе відавочную небяспеку для дарожнага руху на гэтым участку.
Аднак, як паведаміў актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Ігар Маслоўскі, у атрыманым з Брэсцкага гарвыканкама адказе не былі пазначаныя ні канкрэтныя дзеянні, ні тэрміны рэагавання ўладаў на калектыўны зварот грамадзян. Па словах Маслоўскага, жыхары мікрараёна таксама лічаць, што ў парушэнне артыкулу 9 Закона РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” гарадскімі ўладамі не былі прынятыя меры для поўнага, аб'ектыўнага і ўсебаковага разгляду звароту ў межах сваёй кампетэнцыі.
У сваёй скарзе у Брэсцкі абласны выканаўчы каміэт жыхары просяць выдаць прадпісанне гарвыканкаму па ліквідацыі прычын і ўмоў, што сталіся нагодай для калектыўнага звароту, абсталяваць вуліцу Сонечную тратуарам ў месцах інтэнсіўнага пешаходнага і аўтамабільнага руху , зрабіць якасны рамонт дарожнага пакрыцця, каб прадухіліць затапленне пазначанай тэрыторыі.