У Брэсце працягваецца змаганне за захаванне дома, што мае гісторыка-культурную каштоўнасць
У справе гвалтоўнага высялення жыхароў дома №10 па вуліцы Астроўскага пасля атрымання ліста з Міністэрства культуры з’явіліся новыя абставіны.
У адпаведнасці з высновамі Мінкульта згаданы дом прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і на ім павінна з’явіцца адпаведная шыльда. Між тым брэсцкія ўлады дамагаюцца высялення сем’яў, што тут жывуць, і збіраюцца знесці будынак, які, на думку чыноўнікаў, знаходзіцца ў аварыйным стане і не прыдатны для жылля
Як паведаміў жыхар дома Генадзь Войкаў, насамрэч дом быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю яшчэ ў 2004 годзе і ўжо тады на ім мусіла з’явіцца адпаведная шыльда. Але гарадскія ўлады фактычна праігнаравалі гэтае патрабаванне, за што, на думку жыхароў, мусяць быць пакараны.
Зараз у судовых інстанцыях працягваецца разгляд позвы, дзе ў якасці адказчыка выступае Брэсцкі аблвыканкам, які, па меркаванню жыхароў дома па вуліцы Астроўскага, парушыў гарантаваныя Канстытуцыяй РБ правы (у прыватнасці, размова ідзе пра артыкул 44, якім дзяржава гарантуе кожнаму недатыкальнасць уласнасці) і прымушае адомовіцца ад сваёй маёмасці ў цэнтры горада.