Брэст: на аблвыканкам падалі ў суд
Адбыліся папярэднія судовыя слуханні ў справе, дзе адказчыкам выступае Брэсцкі аблвыканкам, які прыняў рашэнне пра высяленне жыхароў дома №10 па вуліцы Астроўскага.
Позву ў суд падалі жыхары гэтага дома, якія лічаць незаконнымі дзеянні мясцовых чыноўнікаў, якія прымушаюць іх з’ехаць з гістарычага будынка ў цэнтры горада на ўскраіну Брэста. У мінулым годзе дом па вуліцы Астроўскага ўлады раптоўна прызналі аварыйным і зараз патрабуецца яго знос. Тры сям’і пагадзілася на пераезд, але засталіся яшчэ чатыры сям’і, якія вырашылі адстойваць сваю ўласнасць у судзе, бо нязгодныя з высновамі чыноўнікаў, што дом не прыдатны для пражывання.
Аўтары звароту ў суд сцвярджаюць, што самостойна замовілі экспертызу ў незалежнай мінскай арганізацыі, якая прызнала стан дома нездавальняючым і што патрабуецца капітальны рамонт. Аднак пра неабходнасць разбурэння будынку (на чым настойваюць улады) размова ў экспертызе не ідзе.
Пасля шматлікіх скаргаў ва ўрадавыя ўстановы жыхары даведаліся, што лёс іх дома быў вызначаны Брэсцкім аблвыканкамам яшчэ ў 2011 годзе, калі была падпісаная інвестыцыйная дамова з прыватнай фірмай, якая будзе займацца забудовай на вызначанай тэрыторыі. Пры гэтым ніякіх абмеркаванняў на гэты конт з тымі, хто пражывае ў доме на вуліцы Астроўскага, не было. Як не было і прапаноў ад інвестара да цяперашніх уласнікаў кватэр паўдзельнічаць у долевым будаўніцтве.
Падчас папярэдняга судовага паседжання аўтары пазову Валяніца Мальцава і Генадзь Войкаў падтрымалі заяўленыя раней патрабаванні, бо лічаць, што адпаведнае рашэнне аблвыканкама было прынята з парушэннем канстытуцыйных правоў (у прыватнасці, артыкула 44, якім дзяржава гарантуе кожнаму недатыкальнасць уласнасці), а таксама Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, тым больш, што дом №10 па вуліцы Астроўскага ў Брэсце мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Адказчык - у асобе прадстаўніка юрыдычнага аддзела аблвыканкама Андрэя Шпака – запярычыў сутнасці позвы і заявіў, што суд не павінен яе задавальняць. Наступнае паседжанне ў гэтай справе прызначана на 8 лістапада.