Беларускія праваабаронцы бралі ўдзел у абмеркаванні ў ААН дакладу спецдакладчыка па Беларусі
28 кастрычніка ў Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку адбылася прэзентацыя і інтэрактыўны дыялог нацыянальных дэлегацый ААН па дакладзе Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харашці.
Пасля прэзентацыі дакладу, прадстаўнік беларускай дэлегацыі ў сваім выступе ў чарговы раз адзначыў, што Беларусь не прызнае мандат Спецыяльнага дакладчыка, і адпаведна яго даклад, і адмаўляецца ад супрацоўніцтва з ім. Прадстаўнік Беларусі паведаміў, што яго краіна разглядае ўстанаўленне мандата Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі як спробу ЕС аказаць ціск на краіну, якая праводзіць незалежную палітыку. Ён таксама паведаміў, што пры праходжанні УПА, Беларусь імплементавала большасць ўзятых на сябе рэкамендацый, і цяпер у рамках гэтай працэдуры праводзіць кансультацыі, у тым ліку з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.
Шэраг краін, такіх як краіны ЕС, ЗША, Швейцарыя і Нарвегія, у рамках інтэрактыўнага дыялогу, падтрымалі даклад спецдакладчыка і выказалі занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне і ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі супрацоўнічаць з адмысловымі працэдурамі і механізмамі ААН, у прыватнасці забяспечыць допуск на тэрыторыю краіны Спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі.
Шэраг краін, у тым ліку аб'яднаных у Рух недалучэння , такіх як Куба, Венесуэла, Лаос, Расія, Кітай, Іран, Туркменістан, Казахстан, Азербайджан, Узбекістан, Зімбабвэ, Нікарагуа, выказаліся супраць спецыяльных мандатаў па краінах як такога, і заклікалі абмяркоўваць пытанні правоў чалавека выключна ў рамках УПА (Універсальнага перыядычнага агляду).
На слуханнях прысутнічала дэлегацыя беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый: прадстаўнікі праваабарончага цэнтра "Вясна" - намесник старшыні Валянцін Стэфановіч, сябра Рады арганізацыі Таццяна Рэвяка, старшыня БАЖ Жанна Літвіна, дырэктар Беларускага дома правоў чалавека Ганна Герасімава, а таксама прадстаўнікі Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Фонду Дамоў правоў чалавека (HRHF). 29 кастрычніка праваабаронцы правялі грамадскія слуханні ў Калумбійскім Універсітэце Нью-Ёрка з удзелам Спецыяльнага дакладчыка Міклаша Харашці , якія пазней з Валянцінам Стэфановічам прыняў удзел у агульнай сустрэчы з пасламі краін ЕС , а таксама запрошанымі пасламі Чылі, Коста-Рыкі, Батсваны, Перу і Чарнагорыі.
30 кастрычніка праваабаронцы правядуць падрыхтаваныя Міжнароднай Федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), Міжнароднай Амністыяй і Беларускім Домам правоў чалавека слуханні для дэлегацый ААН, з удзелам беларускіх праваабаронцаў.