Валянцін Стэфановіч. “Таямніцы следства” Рыгора Юзэпчука
Як стала вядома, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь не задаволіў касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання вязня магілёўскай турмы Рыгора Юзэпчука. Прысуд, вынесены Магілёўскім абласным судом па справе аб забойстве Юзэпчуком свайго сукамерніка, уступіў у законную сілу. Фактычна ўсе прававыя механізмы абароны на нацыянальным узроўні выкарыстаны, засталіся наглядная інстанцыя і спадзяванне на літасць прэзідэніта. Але шанцаў, што неаднаразова судзімы, у тым ліку за забойства, Рыгор Юзэпчук будзе памілаваны -- мінімальныя. Між тым, акалічнасці дадзенай справы не такія ўжо адназначныя і наводзяць на пэўныя роздумы.
Афіцыйная версія гэтага забойства была агучана ў сюжэце праграмы “Таямніцы следства” на нацыянальным тэлеканале “ Беларусь -1” 1 чэрвеня 2013 г. Паводле версіі следства і прысуду суда, Рыгор Юзэпчук, згуляўшы з сукамернікам Ігарам Ходанавым у даміно на жыццё, пасля атрыманай перамогі з дапамогай яшчэ аднаго сукамерніка Паўла Петракова задушыў пацярпелага І.Ходанава.
Аднак, калі ўважліва прагледзець гэты сюжэт, можна зрабіць выснову, што абодва сукамернікі -- і І. Ходанаў, і П. Петракоў належалі да катэгорыі асуджаных з “нізкім сацыяльным статусам”. У праграме фактычна наўпрост гаворыцца, што абодва былі ў інтымных стасунках паміж сабой і належалі да вышэйазначанай катэгорыі. Вядома, што ў месцах пазбаўлення волі такія асуджаныя нярэдка робяцца аб’ектам гвалту з боку іншых асуджаных, і менавіта таму адміністрацыі папраўчых устаноў часта ўтрыміліваюць іх асобна ад іншых зняволеных. Камеры, у якіх утрымліваюць асуджаных “з нізкім сацыяльным статусам”, атрымліваюць такі самы статус. Паводле непісаных крымінальных правілаў паводзінаў, асуджаныя, якія патрапілі ў такія камеры і не адносяцца да адпаведнага “нізкага сацыяльнага статуса” , павінны як мага хутчэй выйсці з іх, інакш яны рызыкуюць атрымаць адпаведны статус. Прычым няважна, як асуджаны вырвецца адтуль – нападзе на канваіра, ускрые вены ці нейкім іншым чынам пашкодзіць сябе альбо … заб’е насельнікаў такой камеры. Вельмі часта ўсе гэтыя акалічнасці крымінальнага жыцця адміністрацыя папраўчых устаноў выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Не раз прыходзілася чуць пра пагрозы ў дачыненні да вязняў аб магчымым гвалце з боку іншых асуджаных. Вось для такіх мэтаў і выкарыстоўваюць падобнага кшталту камеры. Не выйшаў з такой камеры – значыць атрымаеш “нізкі сацыяльны статус”, а чым гэта пагражае для яго носьбіта ў месцах пазбаўлення волі, тлумачыць, напэўна, будзе залішне. Грамадства ў нас досыць крыміналізаванае, шмат хто праз турмы прайшоў, правілы ведае.
Дык вось у мяне ўзнікла пытанне: а што ў такой камеры рабіў Рыгор Юзэпчук? У праграме “Таямніцы следства” гаворыцца пра “нізкі сацыяльны статус” толькі дзвух асуджаных –пацярпелага І. Ходанава і саўдзельніка злачынства П . Петракова. Значыць Р. Юзэпчук, паводле сюжэту, да такой катэгорыі не адносіўся. Чаму ж ён тады апынуўся з імі ў адной камеры? Магчыма, адмінстрацыя папраўчай установы, ведаючы крымінальныя правілы, адмыслова ў выглядзе пакарання, помсты і ў мэтах далейшай кампраментацыі перавяла туды Юзэпчука? Аднак і неаднаразова раней судзімы Юзэпчук (апошні тэрмін 25 гадоў зняволення за забойства), выдатна ведаючы, чым яму пагражае знаходжанне ў камеры для асуджаных з “нізкім сацыяльным статусам”, абраў адзін з варыянтаў дзеянняў у склаўшайся сітуацыі – забойства сукамернікаў. Прычым у момант забойства вочка камеры было заклеена газетай. Пры гэтым ахова чамусці не спяшалася адчыніць камеру і праверыць, што там адбываецца, двойчы абмежаваўшыся вуснымі патрабаваннямі адкрыць вочка ў дзвярах. Версія з даміно магла з’явіцца пазней, каб зняць адказнасць з адміністрацыі турмы. Юзэпчуку маглі паабяцаць захаваць жыццё за супрацоўніцтва са следствам і падтрыманне такой версіі, якая мне ўяўляецца досыць непраўдападобнай. Цяжка паверыць, што Юзэпчук стаў бы гуляць у даміно з асуджанамі, якія, па сутнасці, з’яўляюцца недадыкальнымі паводле крымінальных правіл. З імі нават вітацца забаронена і сядзець за аднім сталом, а не тое, што ў настольныя гульні гуляць. З сюжэту ў праграме “Таямніцы следства” таксама не зусім зразумелыя матывы ўдзелу ў забойстве свайго лепшага сябра саўдзельніка злачынства П. Петракова. З паказаных у сюжэце паказанняў П. Петракова выглядала на тое, што Юзэпчук змусіў яго да ўдзелу ў забойстве І. Ходанава, верагодна, пад пагрозай смерці. Акрамя таго, мы валодаем інфармацыяй, што камера, дзе ўтрымліваліся І. Ходанаў і П. Петракоў, сапраўды мела “нізкі сацыяльны статус”.
Вядома, усё гэта толькі мае здагадкі і развагі пасля прагляду сюжэту ў праграме “Таямніцы следства” на тэлеканале “Беларусь-1”, але, пагадзіцеся, што ўсе гэтыя акалічнасці выклікаюць шмат пытанняў. Толькі невядома, ці вывучалі ўсё гэта Магілёўскі абласны суд , а затым і калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, ці звяртаў на гэта ўвагу следства і судоў адвакат, прызначаны Юзэпчуку дзяржавай? Злачынства здарылася ў сценах турмы, дзе адміністрацыя павінна прымаць усе захады па захаванні жыцця і здароўя асуджаных. У выпадку ж, калі перамяшчэнне Юзэпчука ў дадзеную камеру было зроблена па ініцыцятыве адміністрацыі ўстановы наўмысна , гэта азначае, што такім чынам былі пастаўлены пад пагрозу жыццё і здароўе асуджаных І. Ходанава, П. Петракова і самога Юзэпчука, які мог прычыніць сабе шкоду шляхам нанясення пашкоджанняў ці здзейсніць самагубства. Канешне, усе гэтыя акалічнасці ў ніякім разе не апраўдваюць забойцу, але яны павінны былі быць улічаны і ацэнены судом пры вызначэнні матываў, характару здзейсненага злачынства, што, у сваю чаргу, магло паўплываць на вердыкт суда. Права на справядлівы і бесстаронні суд павінна быць гарантавана ўсім, незалежна ад таго, хто гэтыя людзі і якія злачынствы ім інкрымінаваны. Гэта і ёсць сутнасць дэмакратычнай, прававой дзяржавы, да пабудовы якой мы мусім імкнуцца.
Аднак праўду пра гэтае злачынства мы напэўна ўжо не даведаемся. Юзэпчук сядзіць у камеры смяротнікаў у спецкалідоры “Валадаркі” ў чаканні выкання смяротнага прысуду, прычым, паводле адміністрацыі СІЗА, ён нібыта адмовіўся ад адваката. І я не здзіўлюся, што расстрэл Юзэпчука адбудзецца вельмі хутка, як гэта ўжо неаднаразова было, і ўсе “таямніцы следства” па гэтай справе будуць надзейна схаваны разам з целам Юзэпчука ў невядомым месцы.
Адмыслова для сайту www.spring96.org
Валянцін Стэфановіч