Бабруйск: Кніга пра Алеся Бяляцкага прэзентавана непадалёку ад калоніі, дзе ўтрымліваецца палітвязень (фота)
У Бабруйску 30 сакавіка адбылася прэзентацыя кніг "Справа Бяляцкага" і "Асвечаныя беларушчынай".
Першую кнігу прэзентаваў яе аўтар, журналіст "Радыё Свабода" Валеры Каліноўскі. Ён расказаў бабруйчанам, як ствараў кнігу, прадэманстраваў на вялікім экране фотаздымкі, якімі яна аздоблена.
-Спадзяюся, Алесь адчуе, што недзе тут, побач з калоніяй, у якой ён знаходзіцца, сёння размаўляюць пра яго кнігу, - адзначыў Валеры Каліноўскі.
Таксама ён прапанаваў бабруйчанам напісаць калектыўнае віншаванне Бяляцкаму з Вялікаднем. Гэты вялікі ліст з цёплымі словамі паляцеў у бабруйскую калонію ў той жа дзень.
Кнігу "Асвечаныя беларушчынай", напісаную Алесем Бяляцкім, прадстаўляў сябра палітвязня, паэт і бард Эдуард Акулін. Ён расказаў, як пазнаёміўся з маладым Алесем, як яны разам ішлі да беларушчыны, і нават заспяваў песню, прысвечаную зняволенаму сябру.
Зміцер Салаўёў адказаў на пытанні, звязаныя з дзейнасцю Праваабарончага цэнтра “Вясна”, і запрасіў жадаючых на адкрыццё новага офіса 1 красавіка.
На сустрэчы кожны жадаючы змог атрымаць абедзьве кнігі ў падарунак.
-Раю прачытаць напісаную Алесем кнігу і чакаць яго вызывалення, а ўжо потым падыйдзеце да калоніі ці на вакзал, і ён вам яе падпіша, - прапанаваў бабруйчанам Валеры Каліноўскі на развітанне.