Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Люты 2013 года

2013 2013-03-11T12:56:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нягледзячы на захаванне агульнай стабільна кепскай сітуацыі з правамі чалавека, у лютым адбылася важная падзея, датычная сітуацыі з палітзняволеннымі – на волю выйшаў Васіль Парфянкоў, былы фігурант “справы 19 снежня 2010 года”, памілаваны ў 2011 годзе і асуджаны ў 2012 за парушэнне вызначаных судом умоваў прафілактычнага нагляду. Аднак гэтае вызваленне не змяніла прынцыпова сітуацыю з палітычнымі зняволенымі, паколькі яно было звязана не са зменай пазіцыі беларускіх уладаў адносна наяўнасці ў краіне асуджаных па палітычных матывах, а ў сувязі са сканчэннем 9 лютага тэрміну адбыцця пакарання Васіля Парфянкова. У месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца 11 палітычных зняволеных.

Еўрапейскі Саюз па-ранейшаму заставаўся на прынцыповай пазіцыі і працягваў настойваць, што абавязковай перадумовай пачатку ўзнаўлення кантактаў з афіцыйным Мінскам з'яўляецца вызваленне палітвязняў. Беларусь, у сваю чаргу, дэманстравала нежаданне ісці насустрач гэтым патрабаванням, у той жа час нарошчваючы кантакты з прадстаўнікамі еўраструктур і дыпламатычнага корпусу краін ЕС, што можа сведчыць пра імкненне вядзення дыялогу, але на сваіх праграматычных умовах. "Не ізаляцыя, а ангажаванасць ў еўрапейскі інтэграцыйны працэс можа дапамагчы нашай краіне стаць дэмакратычнай", - заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 13 лютага пасля перамоў з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Стэфанам Фюле ў Тбілісі ў рамках двухдзённага раунда перамоў на міністэрскім узроўні паміж прадстаўнікамі Еўрасаюза і краін-удзельніц праграмы ЕС "Усходняе партнёрства". Адначасова, каментуючы вынікі дадзеных перамоў, Фюле заявіў: “Беларусь з’яўляецца адным з нашых партнёраў. Але, на жаль, Беларусь з’яўляецца нашым адзіным партнёрам, з якім мы не маем заканадаўчай базы для моцных двухбаковых стасункаў, як з іншымі партнёрамі. У такіх абставінах Еўрасаюз можа толькі час ад часу падкрэсліваць, што для Беларусі існуе перспектыва поўнага развіцця адносінаў, якім карыстаюцца іншыя нашы партнёры. Перадумовай для гэтага развіцця з’яўляецца вызваленне палітвязняў”.

На працягу месяца фіксаваўся актыўны пошук камунікацый кіраўнікоў беларускага МЗС з еўрапейскімі дыпламатамі. 7 лютага міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыняў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Латвійскай Рэспублікі ў Міхаіла Папкоўса. Па выніках беларускім бокам была распаўсюджана інфармацыя, што ў ходзе сустрэчы былі падведзены вынікі двухбаковага ўзаемадзеяння ў 2012 годзе ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай галінах і пацверджана зацікаўленасць у захаванні дынамікі развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Латвіяй. 21 лютага, па паведамленні беларускага знешнепалітычнага ведамства, Уладзімір Макей і амбасадар Фінляндыі ў Беларусі Хары Мякі-Рэйніка абмеркавалі стан і перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў рэгіёне Паўночнай Еўропы. "Адбыўся абмен думкамі па тэматыцы развіцця ўзаемаадносін паміж Беларуссю і ЕС, а таксама па іншых пытаннях міжнароднага парадку дня".

У публічнай інфармацыі МЗС Беларусі не ўтрымлівалася ўзгадак пра падставовую ўмову ўзнаўлення дыялогу краін ЕС з афіцыйным Мінскам, але не выключана, што яна агучвалася еўрапейскімі дыпламатамі падчас сустрэч. Ускосным пацверджаннем таго, што беларускія ўлады вымушаны рэагаваць на пазіцыю ЕС, з’яўляецца тое, што на палітвязняў узмацніўся ціск з мэтай прымусіць іх напісаць прашэнні аб памілаванні на імя прэзідэнта. Хутчэй за ўсё, беларускае кіраўніцтва імкнецца такім чынам з аднаго боку – зрабіць вымушаны крок наперад Еўрасаюзу, з іншага – спрабуе зрабіць гэта на сваіх умовах, максімальна захаваўшы твар. 

Афіцыйны Мінск працягваў палітыку непрызнання мандата Спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, устаноўленага Саветам па правах чалавека ААН згодна з рэзалюцыяй у ліпені 2012 года. Прызначаны на гэтую пасаду Міклаш Харашці 18 лютага на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Кіеве паведаміў, што запытваў беларускую візу некалькі разоў, але пакуль пытанне з ягонай магчымасцю наведаць Беларусь не было вырашаны станоўча. Паводле ягоных слоў, падчас працы над дакладам, які павінен быць прадстаўлены на сесіі РПЧ у чэрвені 2013 года, ён пакуль змог сустрэцца толькі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі, прычым усе сустрэчы праходзілі за межамі Беларусі.

Адначасова беларускі МЗС працягнуў крытыку праваабарончых механізмаў і органаў ААН. 25 лютага пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў падчас 22-й сесіі Савета па правах чалавека ААН выступіў з крытыкай бягучага стану спраў у Савеце. Ён адзначыў наяўнасць “шматлікіх праблем у гэтым праваабарончым органе: выбіральнасць, сур'ёзны дысбаланс у разглядзе правоў чалавека на месцах, недастатковая інфармаванасць аб праблемах з правамі чалавека ў краінах, якія пазіцыяную сябе як “развітыя  дэмакратыі”, прасоўванне спрэчных праваабарончых канцэпцый і іншае”. Кажучы пра гатоўнасць Беларусі “садзейнічаць ліквідацыі названых недапрацовак”, дыпламат адначасова не выказаў жадання дапусціць беларускім бокам на тэрыторыю краіны спецдакладчыка Савета, каб той мог на месцы азнаёміцца са станам правоў чалавека і такім чынам мець усебаковае ўяўленне пра развіццё сітуацыі ў дадзенай галіне, каб у далейшым выкласці яго ў сваім дакладзе. Спадар Хвастоў выказаў прапанову засяродзіцца на парушэннях правоў чалавека ў іншых краінах, у тым ліку шляхам “прадстаўлення нашай краінай штогадовых дакладаў аб рэзанансных фактах парушэнняў правоў чалавека ў асобных краінах свету”. Першы такі даклад з’явіўся пад эгідай Міністэрства замежных спраў Беларусі ў лютым з выкладаннем інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў 23 еўрапейскіх краінах, ЗША і Канадзе. Мэтай дакладу МЗС артыкуляваў прыцягненне ўвагі да парушэнняў правоў чалавека ў краінах, якія традыцыйна адносяць сябе да "развітых дэмакратый", дэманстрацыя невыканання імі сваіх міжнародных прававых абавязкаў. Дадзеным дакладам беларускі МЗС зрабіў спробу адцянуць увагу міжнароднай праваабарончай супольнасці ад становішча з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама пераключыць крытыку на іншыя краіны, адначасова ўхіляючыся ад прызнання і вырашэння ўнутраных праблем.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

2 лютага падчас першага за 8 месяцаў тэлефанавання дадому з магілёўскай турмы актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок паведаміў, што ў турэмнай бальніцы яго абследавалі і выявілі  хранічную хваробу страўніка, прызначаны курс лячэння.

3 лютага стала вядома, што нарвежскія парламентарыі вылучылі зняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру. 8 лютага Хенк Хульшоф, еўрапейскі каардынатар Amnesty International, і Гары ван Бомель, дэпутат Еўрапарламента, сустрэліся з паслом Беларусі ў Гаазе Аленай Грыцэнка, якой перадалі 84.000 подпісаў, сабраных у падтрымку Алеся Бяляцкага, разам з залатой манетай, на якой выгравіраваны партрэт палітвязня і надпіс “Свабоду Алесю Бяляцкаму”. У той жа дзень выйшла кніга Алеся Бяляцкага “Асвечаныя беларушчынай”, у якую ўвайшлі яго літаратуразнаўчыя артыкулы і эсэ. Укладанне кнігі Алесь Бяляцкі пачаў у 2011 годзе на волі, а пасля арышту працягнуў працу за кратамі — у турмах у Мінску, Жодзіне і Бабруйску. 13 лютага стала вядома, што Алесь Бяляцкі пазбаўлены спатканняў, якія ён мусіў атрымаць у бліжэйшыя паўгады. Гэтую інфармацыю пацвердзіла жонцы зняволенага Наталлі Пінчук адміністрацыя Бабруйскай калоніі № 2, дзе ўтрымліваецца палітвязень. Да гэтага ў 2012 годзе зняволены кіраўнік ПЦ “Вясна” быў пазбаўлены аднаго кароткатэрміновага (з трох магчымых)  і аднаго доўгатэрміновага (з двух магчымых) спатканняў з роднымі. Кароткатэрміновае спатканне, якое павінна было адбыцца ў красавіку, турэмная адміністрацыя прызначыла на 21 жніўня. Узмацненне ціску на Алеся Бяляцкага звязваецца са спробай дамагчыся прашэння аб памілаванні.

3 лютага стала вядома, што экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме, была перададзена першая за ўвесь год прадуктовая перадача. Жонка палітычнага вязня Марына Адамовіч адзначыла, што адміністрацыя не прыняла некаторыя прадукты -- амаль усю гародніну і зеляніну, а таксама мёд, патлумачыўшы гэта санітарнымі правіламі. 11 лютага Мікалай Статкевіч падчас тэлефанавання жонцы Марыне Адамовіч, паведаміў, што адносна яго пачалася чарговая хваля правакацый. У камеру да яго быў падсаджаны “спецыяльна навучаны” былы супрацоўнік спецслужбаў, які вядомы вельмі жорсткім стаўленнем да сакамернікаў, здзекамі і збіваннем. Праз некалькі дзён з ліста М. Статкевіча стала вядома, што гэты чалавек доўга не затрымаўся ў камеры, хутка разабраўся ў сітуацыі, папрасіў прабачэння за памылку і папрасіў аб пераводзе. Разам з тым, 14 лютага на прэс-канферэнцыі намеснік Генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук заявіў, што умовы ўтрымання ў турмах экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча і праваабаронцы Алеся Бяляцкага такія ж, як і ў астатніх зняволеных.

4 лютага падчас 10-хвіліннага тэлефанавання дадому з магілёўскай калоніі палітзняволены Арцём Пракапенка паведаміў маці Віялеце Пракапенка, што пасля бранхіту выйшаў на працу, але не да канца здаровы, а ў цэху вельмі халодна. Зняволены папрасіў маці даслаць яму вітаміны.

6 лютага стала вядома, што прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які адбывае пакаранне ў гродненскай турме, не можа вырашыць праблемы, якія ў яго ўзніклі з-за няякаснага зубнога пратэза, зробленага яшчэ ў івацэвіцкай калоніі. Зубны боль яго суправаджае ўвесь тэрмін зняволення. Па словах ягонага былога адваката Паўла Сапелкі, плануюцца чарговыя захады для таго, каб праблема зварушылася з месца. З ліста М. Аўтуховіча актывісту Леаніду Гаравому стала вядома, што ён не мае намеру прасіць А.Лукашэнку аб памілаванні. Адзначаючы, што кіраўнік дзяржавы чакае ад палітвязняў хаця б тры словы: "Прашу мяне вызваліць", палітвязень напісаў, што нават гэтых трох слоў ад яго не дачакаюцца.

9 лютага палітвязень Васіль Парфянкоў каля 11 гадзін раніцы выйшаў з Баранавіцкага  следчага ізалятару №6, на тэрыторыі якога размяшчаецца арыштны дом, дзе ён адбываў 6-месячны тэрмін за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду. На волі яго сустрэлі сябры і паплечнікі, праваабаронцы, актывісты з Мінску і Баранавічаў. Парфянкоў паведаміў журналістам, што чакаў гэтага дня. На ўмовы утрымання не скардзіўся. Васіль адзначыў, што добра ведае сітуацыю ў краіне, паколькі рэгулярна чытаў прэсу. Ён таксама распавёў, што прыходзіла шмат лістоў, а некаторыя дні атрымліваў іх нават па некалькі сотняў, як з Беларусі, так і з-за мяжы, падзякаваў усім за падтрымку. На пытанне, ці не збіраецца ён спыняць грамадскую дзейнасць, Парфянкоў адказаў, што не. Пра жыццё ў арыштным доме Парфянкоў распавёў, што ягоная камера была прасторнай, разам з ім адбывалі пакаранне 6-8 чалавек.

11 лютага маладафронтавец Эдуард Лобаў падчас тэлефанавання дадому паведаміў маці Марыне Лобавай пра атрыманне дазволу на кароткатэрміновае спатканне, магчымасць якога раней была пад пагрозай з-за складзенага на яго рапарту. 14 лютага М. Лобава мела кароткатэрміновае спатканне з сынам, якое праходзіла праз шкло.

Нягледзячы на тое, што Эдуард Лобаў адбывае пакаранне ў калоніі, умовы зняволення ён характарызуе, як турэмныя. Маці палітвязня адзначыла, што у апошні час у сына было некалькі дробных парушэнняў, але ў якасці меры пакарання ўжываліся толькі прафілактычныя размовы,  таксама падкрэсліла, што магчымасці для самаразвіцця зняволеных вельмі абмежаваныя.

11 лютага з грамадскім актывістам з Наваполацка Андрэем Гайдуковым, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве ў выглядзе агентурнай дзейнасці, у следчым ізалятары КДБ сустрэўся адвакат. Па словах маці затрыманага, Вольгі Гайдуковай, сустрэча працягвалася некалькі гадзін і была першай з моманту пераводу яе сына ў СІЗА КДБ у Мінску. “Адвакат патрапіў да яго а дзясятай гадзіне, і да абеда з ім размаўляў, падрабязнасцяў не паведамляе”. Адвакат змог толькі сказаць, што Андрэй трымаецца нармальна, выглядае добра, перадае, што здаровы. Дагэтуль адвакату арыштаванага не ўдавалася сустракацца са сваім падабаронным: дазвол давалі, але сустрэчы не адбываліся нібыта з прычыны таго, што ў СІЗА КДБ бракуе адпаведных памяшканняў. 19 лютага Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт выступілі з заявай, у якой запатрабавалі галоснасці і захавання ўсіх працэсуальных гарантый Андрэю Гайдукову, забеспячэння належнай абароны і рэалізацыі ягоных правоў у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі абавязацельствамі. 28 лютага па справе Андрэя Гайдукова быў дапытаны ў мінскім КДБ у якасці сведкі грамадзянскі актывіст Яўген Канстанцінаў.

14 лютага жонцы былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава журналістцы Ірыне Халіп дазволілі часовы выезд з Беларусі. “Мяне выклікалі ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС, дзе я стаю на ўліку. Начальнік УІІ Наталля Каляда паведаміла мне, што па маёй заяве прынята станоўчае рашэнне, і ў перыяд да 3 красавіка я магу наведаць мужа і з'ездзіць у рэдакцыю “Новай газеты”, - паведаміла Ірына Халіп.- Але ў маім статусе нічога не мяняецца. Я па-ранейшаму застаюся арыштанткай, у ліпені мяне чакае новы суд, які будзе вырашаць, што са мной рабіць далей”. 18 лютага І. Халіп прыйшла адзначацца ў Партызанскі РУУС, але ў кабінеце начальніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі яе чакаў зусім іншы чалавек - начальнік аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня. “Замест таго каб даць мне часопіс уліку, у якім я распісваюся, - распавяла І. Халіп - Купчэня спытаў, калі менавіта я еду. Я патлумачыла, што пакуль з датай паездкі да мужа не вызначылася, паколькі ў мяне захварэла дзіця. І тут Купчэня на падвышаных тонах загаварыў: - Вам мяжу адкрылі, а вы не едзеце? Ну прызнайцеся, вы ж нікуды і не збіраліся. Вы не думалі, што вам дадуць дазвол. А вам, насуперак вашым чаканням, далі. Ну так едзьце! Бярыце дзіцяці, едзьце, атрымлівайце палітычны прытулак, але не вяртайцеся сюды! Вы тут не патрэбныя! Вы толькі факты скажаеце!”. “Відавочна, што брызгаючы сліной падпалкоўнік крычаў з чужых слоў. Няўжо не разумеў, што цяпер ён грубейшым чынам парушае не толькі закон, але і службовую інструкцыю? Бо ён мне пагражаў і адкрыта правакаваў на парушэнне рэжыму адбыцця пакарання. Прычым рабіў гэта не дзе-небудзь на вуліцы, а ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, знаходзячыся пры выкананні сваіх абавязкаў, у форме. Зараз зразумела, што мяне проста хочуць выправадзіць з краіны, як выдвараюць дысідэнтаў з СССР” - адзначыла журналістка.

18 лютага стала вядома, што Ігару Аліневічу ўпершыню з траўня 2012 года дазволілі перадачу. Маці, Валянціна Аліневіч, паведаміла, што пабывала на кароткатэрміновым спатканні з сынам. В. Аліневіч адзначыла, што трэці год начальства не дазваляе Ігару вучыцца ў прафтэхвучылішчы пры наваполацкай калоніі № 10. “Нягледзячы на ​​тое, што ў сына ёсць вышэйшая адукацыя, ён імкнецца да далейшага развіцця. Каб не марнаваць час дарма, ён спрабаваў атрымаць дазвол на вучобу ў ПТВ пры калоніі. Бо гэта яшчэ і шанец адчуць сябе чалавекам, седзячы за партай у цёплым памяшканні, чаго няма ў турме. Але начальства Ігару неаднаразова ў гэтым адмаўляла, нічым не тлумачачы сваё рашэнне. Варта сказаць, што іншым зняволеным гэта было дазволена”.

19 лютага Тамара Васьковіч, бабуля актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Яўгена Васьковіча, паведаміла, што ад унука больш за месяц няма лістоў. Пасля прысуду палітвязень амаль кожны чацвёрты дзень знаходзіўся ў карцары. З траўня 2011 года ў яго было каля 40 спагнанняў, больш за 20 разоў ён трапляў у штрафны ізалятар, у выніку чаго правёў у ШЫЗА больш за 150 сутак.

19 лютага стала вядома, што палітвязень Аляксандр Францкевіч змешчаны ў штрафны ізалятар івацэвіцкай калоніі на 20 сутак. Пра гэта  паведаміла ягоная маці Таццяна Францкевіч. З моманту зняволення гэта чацвёрты выпадак, апошні раз ён правёў у ШЫЗА 10 сутак перад Новым годам. “Для тых, хто не хоча пісаць прашэнне пра памілаванне, ствараюць больш жорскія ўмовы ўтрымання. Гэта робіцца для таго, каб падарваць іх маральны дух і волю”, – мяркуе Т. Францкевіч. Па яе словах, у калоніі ў яе сына ўзніклі праблемы са страўнікам, таму яна падрыхтавала для яго медыцынскую бандэроль. У траўні запланавана доўгатэрміновае спатканне.

 

Смяротнае пакаранне

 

11 лютага Любоў Кавалёва, маці асуджанага па абвінавачанні ў здзяйснені тэракту і расстралянавага Уладзіслава Кавалёва, прызнана "Чалавекам года Віцебска-2012". Жанчына актыўна выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

13 лютага стала вядома, што наглядная скарга, пададзеная яшчэ ў верасні 2012 года на прысуд асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва, дагэтуль не разгледжана. Адвакат Станіслаў Абразей звярнуўся да старшыні Вярхоўнага суда з патрабаваннем неадкладна яе разгледзець.

 

Гвалтоўныя знікненні

 

12 лютага прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх рухаў і праваабарончых арганізацый правялі сустрэчу з мэтай выпрацоўкі адзінай тактыкі дзеянняў, якая б не дазволіла закрыць у сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны справы знікненняў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, прадпрымальнікам Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Юрыст БХК Гары Паганяйла паведаміў, што сваякі зніклых і іх афіцыйныя прадстаўнікі падрыхтавалі хадайніцтва на імя Генеральнага пракурора Беларусі аб працягненні тэрмінаў расследавання па гэтых справах. Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч вылучыў 3 асноўныя блокі дзеянняў:1. прававыя ў межах нацыянальнага заканадаўства; 2. міжнародныя, уключаючы зварот і прадстаўленне поўнай і дакладнай інфармацыі спецдакладчыку Рады ААН па Беларусі Міклашу Харашці, а таксама выкарыстанне іншых інструментаў, у тым ліку Камітэт па правах чалавека ААН; 3. інфармацыйныя, скіраваныя на працу з грамадствам і фарміраванне грамадскай думкі. Была ўхвалена ідэя падрыхтоўкі нацыянальнага дакладу па праблеме зніклых і яго шырокая прэзентацыя, стварэнне прафесійных дакументальных  фільмаў, шырокі збор подпісаў праз электронныя петыцыі.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

7 лютага гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які вяртаўся з Польшчы маршрутным аўтобусам Беласток-Гродна, быў затрыманы памежнікамі і прадстаўнікамі мытні пераходу “Брузгі”. Пасля дагляду рэчаў У.Хільмановіч яшчэ гадзіну чакаў акту мытнага дагляду. Пасля гэтага яму аддалі пашпарт, пасадзілі на іншы аўтобус і больш чым праз дзве з паловай гадзіны прапусцілі праз мяжу.

17 лютага гарадзенскія праваабаронцы Раман Юргель, Уладзімір Хільмановіч і Віктар Сазонаў у парадку нагляду падалі скаргі на імя старшыні Гарадзенскага абласнога суда на рашэнні Ленінскага суда г. Гродна і абласнога суда, якія прызналі законным прыцягненне іх да адміністрацыйнай адказнасці за размешчаны ў інтэрнэце фотаздымак, кваліфікаваўшы гэта як несанкцыянаваны пікет. Адміністрацыйныя штрафы ў памеры паўтары мільёны кожны з праваабаронцаў мусілі заплаціць за здымак падтрымкі палітвязня, кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага.

25 лютага без якіх-небудзь папярэджанняў у офіс Беларускага Хельсінкскага камітэта прыйшлі супрацоўнікі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Яны ўручылі кіраўніку арганізацыі Алегу Гулаку Пастанову аб арышце і (або) канфіскацыі маёмасці і Паведамленне аб правядзенні мерапрыемстваў па выяўленні маёмасці плацельшчыка. БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш Br 284 млн. падаткаў і штрафных санкцый па выкарыстаных у 2002-2003 гг. грантах Еўракамісіі, якія паводле міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь прадстаўляліся ў беспадатковым рэжыме.

 

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян


14 лютага актывістцы “Еўрапейскай Беларусі” Юліі Сцяпанавай РУУС Фрунзенскага раёна Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць невядомых, якія напалі на яе. У афіцыйным адказе, які атрымала Юлія Сцяпанава, паведамляецца, што ў дзеяннях нападаўшых няма складу крымінальнага злачынства, а ёсць толькі адміністрацыйнае правапарушэнне, таму калі іх знойдуць, то прыцягнуць да адказнасці згодна з Адміністрацыйным кодэксам (максімум, што ім пагражае, - 15 сутак арышту). У дакуменце, які атрымала Юлія Сцяпанава, таксама ўказана, што ў дзеяннях гэтых людзей назіраецца варожае стаўленне з-за грамадскай дзейнасці. Актывістка адзначае, што міліцыя сама прызнае палітычны падтэкст гэтай справы, але пры гэтым не збіраецца шукаць злачынцаў і прыцягваць іх да прапарцыйнай адказнасці. З заявай у міліцыю актывістка звярталася ў сувязі з нападам на яе 14 студзеня ўначы невядомымі ў цывільным каля ўласнага пад’езда. Нападнікі нецэнзурна лаяліся з нагоды яе палітычных перакананняў і дзейнасці па дапамозе рэпрэсаваным, кінулі тварам у снег і абрэзалі валасы. 

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

1 лютага ў Кобрыне быў затрыманы грамадскі актывіст Алесь Мех, калі стаяў у чарзе на флюраграфію. Падыйшоўшаму супрацоўніку мясцовага РАУС Анатолю Джыгу не спадабалася прыватная размова Алеся Меха з суседкай па чарзе аб новых пазыках Беларусі. А.Джыга вывеў яго з чаргі, затым на вуліцу і патэлефанаваў у КДБ.  Замест чакаемай машыны з КДБ да іх пад’ехала міліцэйская “Ніва” і завезла ў Кобрынскі РАУС. Джыга пайшоў у дзяжурную частку пісаць рапарт, а да затрыманага Меха падыйшоў супрацоўнік КДБ, які пачаў размаўляць зусім не па дадзенай сітуацыі. Актывіст яму сказаў, што той павінен ведаць родную мову і размаўляць на ёй, калі абараняе дзяржаву. На гэтым стасункі з супрацоўнікам КДБ скончыліся, а спадара Меха завялі ў адзін з кабінетаў і запатрабавалі пісаць тлумачальную. У тлумачальнай актывіст адзначыў, што чалавек у цывільным, які ўмяшаўся ў размову і запатрабаваў выйсці разам з ім, не прадставіўся, і толькі пазней ён даведаўся, што Анатоль Джыга – супрацоўнік міліцыі.

У ноч з 1 на 2 лютага ў мінскі “Клуб 6 А”, дзе збіраюцца прадстаўнікі ЛГБТ, з чарговай “праверкай”, ужо трэцяй за апошні месяц, прыйшлі каля дзесяці супрацоўнікаў унутраных спраў у цывільным. Быў праведзены пашпартны кантроль, прыкладна 40 чалавек было затрымана для высвятлення асобы, усіх даставілі ў аддзяленне міліцыі. Аднаго з хлопцаў, які патрабаваў супрацоўніка міліцыі прадставіцца, сілай па зямлі павалаклі да аўтобуса, а там прычапілі наручнікамі да сядзення. Усім затрыманым забаранілі карыстацца тэлефонамі і паабяцалі трымаць да вечара. Ціск на ЛГБТ-супольнасць Беларусі пачаўся прыкладна праз тыдзень пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі.

5 лютага грамадскі актывіст з гораду Бярозаўка Вітольд Ашурак атрымаў уведамленне з Лідскага раённага суда, згодна з якім ён павінен заплаціць 150 тысяч беларускіх рублёў за судовыя выдаткі, якія панёс Свіслацкі раённы суд. Справа звязана з ягоным затрыманнем 27 кастрычніка 2012 года за тое, што ў час Дня памяці паўстанцаў 1863 году трымаў бел-чырвона-белы сцяг, за што быў асуджаны Свіслацкім судом да трох сутак адміністрацыйнага арышту. Ён у належны тэрмін заплаціў грошы за харчаванне ў час зняволення. Цяпер жа ад актывіста запатрабавалі аплаціць вядзенне судовага працэсу. Да гэтага В. Ашурку прыйшоў афіцыйны ліст у якім паведамлялася, што ён мусіць заплаціць 78 тысяч беларускіх рублёў за ўтрыманне пад арыштам у снежні 2010 году. Тады Вітольд Ашурак быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту, праз два гады ад яго запатрабавалі заплаціць незразумелую пеню за ўтрыманне на “сутках” паводле пераразліку.

7 лютага актывіст "Альтэрнатывы" Дзмітрый Сільчанка быў асуджаны судом Савецкага раёна Мінска на 10 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП РБ - парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў за ўдзел у флэш-мобе на тэму афіцыйнага беспрацоўя ў Беларусі. 29 студзеня актывісты “Альтэрнатывы” на агароджы каля Камароўскага рынка замацавалі імправізаваныя манекены, якія сімвалізавалі беспрацоўных, трымаючы ў руках плакаты: “Як і іншыя 1,5 мільёны беларусаў, я з’язджаю на працу ў Маскву”, “Улада мяне не заўважае”, “Я нічога не магу купіць на гэтым кірмашы” і інш. Актывістаў арганізацыі выклікалі ў РАУС на прафілактычную размову, на якую з'явіўся толькі Дзмітрый Сільчанка, астатнія адмовіліся ісці на сустрэчу без адвакатаў.

12 лютага Мінскі гарадскі суд разгледзеў скаргу салігорскага актывіста грамадскай ініцыятывы “Еўрапейская Беларусь” Уладзіміра Лемеша на пастанову суда Першамайскага раёна Мінска, згодна з якой ён быў аштрафаваны на тры мільёны рублёў за нібыта непадпарадкаванне спецназаўцам у цывільным. Працэс доўжыўся літаральна пятнаццаць хвілін, у задавальненні скаргі адмоўлена.

16 лютага віцебскіх сябраў аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава затрымалі за акцыю салідарнасці з палітвязнямі і даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Акцыя праходзіла ў самым цэнтры Віцебска каля Летняга амфітэатра. Аляксей Кішчук і Станіслаў Лаўрэнаў разгарнулі расцяжку са словам "Свабоду!" і дасталі партрэты палітвязняў. І больш нічога зрабіць не паспелі, бо праз лічаныя хвіліны да іх ужо пад'ехала міліцэйская машына. Абвінавачванне прад'яўлена па арт. 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пачаўся судовы працэс над затрыманымі 18 лютага, да гэтага часу яны ўтрымліваліся ў ізалятары часовага ўтрымання. У сувязі з хадайніцтвамі аб удзеле ў судовым працэсе адвакатаў працэс суддзёй суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Інай Грабоўскай быў перанесены.  21 лютага Іна Грабоўская прысудзіла Станіславу Лаўрэнаву і Аляксею Кішчуку  па 30 базавых велічынь штрафу, прызнаўшы іх  вінаватымі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі. На судовым працэсе абодва актывісты сваёй віны не прызналі,  спрабуючы давесці, што выказвалі свае ўласныя меркаванні.

20 лютага ў Лідзе адбылося судовае паседжанне над Аляксандрам Калышкам, старшынём грамадскага аб’яднання “Польскай культуры зямлі Лідскай”. Яго “віна” заключалася ў тым, што ён разам з сябрамі арганізацыі ўсклалі кветкі і запалілі знічкі на месцы пахавання ксяндза Адама Фалькоўскага. Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваны як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Суддзя Сяргей Піпко прызнаў старшыню грамадскага аб'яднання вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу і 22 студзеня пакараў штрафам у 25 базавых велічынь.

21 лютага скульптар Генадзь Лойка каля ўваходу ў мінскую гімназію № 4 правёў акцыю супраць русіфікацыі школ з выкладаннем на беларускай мове. Ён прыйшоў з плакатам “Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання”. Затрымалі скульптара па дарозе дадому. У той жа дзень ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска Генадзя Лойку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакаралі арыштам на 5 сутак.

24 лютага прыкладна ў 13 гадзін каля дзесяці актывістаў культурніцка-асветніцкага руху “Еўрапейскае дзеянне” затрымалі ў Мінску ў Вяснянцы, дзе яны сабраліся, каб паўдзельнічаць у арганізаванай прабежцы. Каля “Мінск-арэны” іх чакаў аўтазак. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі актывістаў у дробным хуліганстве, ноч да суда затрыманыя правялі ў ЦІП на Акрэсціна. Суды прайшлі у закрытым рэжыме. Анатоля Навумовіча пакаралі арыштам на 15 сутак, некаторых іншых, якія адмовіліся называць праваабаронцам свае прозвішчы, таксама пакаралі арыштам на 10 альбо 15 сутак. Адзін з актывістаў, які прызнаў сваю віну, атрымаў 2 сутак арышту.

25 лютага міліцыя Першамайскага раёна Мінска запатрабавала ад былога палітвязня Мікіты Ліхавіда адбыць 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мітынгу 19 снежня 2010 года. Пра тое, што Мікіта Ліхавід мусіць самастойна прыйсці ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, яму паведаміў участковы. Паводле ягоны слоў, прыйшла адпаведная папера з РУУС Першамайскага раёна, прычым не толькі на Ліхавіда, але на многіх адміністрацыйна пакараных, якія не адбылі свае тэрміны цалкам. Пры гэтым патлумачана, што тэрміну даўніны па такіх пастановах няма. Мікіта Ліхавід лічыць такое рашэнне незаконным, бо, па-першае, з моманту вынясення пастановы суда прайшло больш за два гады, а па-другое — за тыя падзеі ён адбыў пакаранне ў крымінальным парадку, а паводле заканадаўства два разы за адно правапарушэнне караць нельга.

28 лютага адзін з лідараў моладзевай арганізацыі “Zмена” Павел Вінаградаў быў арыштаваны на 7 сутак за парушэнне рэжыму прэвентыўнага нагляду суддзёй суда Маскоўскага раёна Мінска Яўгенам Хаткевічам. Арышт звязаны з удзелам П. Вінаградава ў карпаратыве “Гавары праўду” 22 лютага з нагоды трохгоддзя грамадскай кампаніі, які праходзіў ён у рэстарацыі “Журавінка”. Згодна з умовамі нагляду, актывісту нельга наведваць месцы, дзе рэалізуецца алкагольны разліў – кавярні, рэстарацыі, бары. Павел Вінаградаў быў затрыманы, калі 28 лютага прыйшоў адзначацца ў міліцыю, і адразу павезлі ў суд. Вінаградаў не адмаўляў, што прысутнічаў на святкаванні.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

4 лютага Міністэрства інфармацыі паўторна адхіліла просьбу часопіса “ARHE” перарэгістравацца з новым заснавальнікам. Па словах выконваючага абавязкі галоўнага рэдактара “ARHE -Пачатак” Алеся Пашкевіча, гэтым разам міністэрства не задаволіла сама працэдура падачы дакументаў, хаця яна цалкам паўтарала мінулую спробу.

6 лютага, у першы дзень Міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску, была запланавана прэзентацыя новага раманаУладзіміра Някляева на стэндзе польскай амбасады сярод кніг-фіналістаў літаратурнай прэміі імя Гедройца. Да супрацоўнікаў польскай амбасады падышлі арганізатары выставы і забаранілі прэзентаваць кнігу У.Някляева, але прэзентацыя пачалася імправізавана. У хуткім часе да вядучага, паэта Андрэя Хадановіча, падышлі супрацоўнікі аховы і далі пяць хвілін на згортванне імпрэзы. Адначасова на стэндзе кнігарні “Логвінаў” арганізатарамі выставы была забароненая аўтограф-сесія Уладзіміра Някляева.

14 лютага старшыня Віцебскай абласной рады Партыі БНФ Леанід Аўтухоў звярнуўся да дырэктара тэлерадыёкампаніі  “Віцебск” Анатоля Камовіча з прапановай стварыць новую тэлеперадачу грамадска-палітычнай накіраванасці. У адказ А.Камовіч даслаў ветлівую адмову, спаслаўшыся на недахоп фінансавання. “Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэнне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не запланавана з прычыны недахопу фінансавых сродкаў”, - гаворыцца ў лісце за подпісам дырэктара ТРК “Віцебск”. На думку Л.Аўтухова, падобная праграма на тэлебачанні цалкам адпавядала б прадэклараванаму  праву на свабодны доступ да інфармацыі, якое нібыта існуе ў Беларусі. Між тым такой праграмы на віцебскім тэлебачанні не было ні летась, ні пазалетась, ні 10 гадоў таму. І не з фінансавых прычын, а з ідэалагічных.

15 лютага стала вядома, што Беларусь увайшла ў лік дзесяці найбольш цэнзураваных краін свету. Такую выснову зрабіў міжнародны Камітэт у абарону журналістаў (CPJ). CPJ адзначае, што Аляксандар Лукашэнка кіруе найбольш «цэнзураванай» краінай свету, працягвае палітыку задушэння крытычнай журналістыкі і падаўлення свабоды меркаванняў.

18 лютага незалежнага тэлеаператара Аляксандра Баразенку папрасілі з’явіцца ў Мінскую гарадскую пракуратуру 20 лютага “у межах праверкі”. Адпаведная позва была накіраваная журналісту па месцы прапіскі. Падчас размовы ў пракуратуры ў Баразенкі пыталіся пра ягоную працу на тэлеканал “Белсат”, але ён адмовіўся нешта тлумачыць, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дазваляе грамадзянам не сведчыць супраць сябе. “Мне выдалі паперу, у якой адзначаецца, што я нібыта парушыў закон аб СМІ, працуючы без акрэдытацыі, што я з’яўляюся супрацоўнікам тэлеканалу “Белсат”. Я не згодны з гэтым папярэджаннем, бо такія палажэнні закону парушаюць мае канстытуцыйныя правы на збор і распаўсюд інфармацыі. Але гэта тая дадзенасць, з якой даводзіцца лічыцца, таму я не буду абскарджваць гэтае папярэджанне, бо ведаю, што гэта бессэнсоўна”- паведаміў Аляксандр Баразенка.

25 лютага наваполацкаму актывісту Яўгену Парчынскаму па тэлефоне прыгразіў "непрыемнасцямі" невядомы, які не назваў свайго імя, але заявіў, што ён "з гарадской адміністрацыі". Невядомы "параіў" прыбраць з мясцовага незалежнага сайту артыкул  "Новополоцкие власти опять испугались", сказаўшы, што ў адваротным выпадку "будуць непрыемнасці”. У артыкуле гаворыцца пра тое, што мясцовым актывістам у чарговы раз не далі дазволу на правядзенне пікета. Такі стан рэчаў, калі людзі не могуць скарыстацца сваім правам на свабоду выказвання сваіх думак і меркаванняў, аўтар лічаць ненармальным. Таксама ў артыкуле напісана, што пры ранейшым кіраўніку горада дазвол на акцыю атрымаць было яшчэ можна. Але цяпер, калі старшынёй гарвыканкама стала Наталля Качанава, правесці нейкую акцыю стала немагчыма, і адмовы паўтараюцца раз за разам.

27 лютага ўчастковы інспектар, старэйшы лейтэнант міліцыі Сяргей Карыткін склаў два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на грамадскага актывіста з Бялыніцкага раёна Валерыя Вусіка. Першы пратакол быў складзены за быццам бы меўшы факт паклёпа ў адносінах да старшыні СВК “Лебедзянка” Пятра Бялова, другі  - за распаўсюд незалежнай газеты “Магілёўскі Выбар”, якая распаўсюджваецца быццам бы з парушэннем арт. 17 Закона аб СМІ.

28 лютага ў другой палове дня  каля Акадэміі навук у Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналістаў БелаПАН Васіля Сямашку, Ганну Афоніну і Сяргея Сацюка, якія ладзілі відэаапытанне наконт таго, каго гатовыя грашова падтрымаць грамадзяне: уладу ці апазіцыю. Затрыманых даставілі ў РУУС Першамайскага раёна Мінска, дзе супрацоўнікі міліцыі перапісалі іх пашпартныя дадзеныя, прагледзелі адзнятае відэа, нічога не выдалялі, а потым адпусцілі. На развітанне міліцыянты Першамайскага РАУС параілі ім наступным разам ладзіць свае апытанні на тэрыторыі іншага раёна.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

7 лютага баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне мітынга 12 лютага. У лісце з гарвыканкама гаворыцца, што “асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства на працягу 1 года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое парушэнне, не могуць выступаць арганізатарамі масавых мерапрыемстваў.”

25 лютага стала вядома, што сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў змагаецца за права  выказваць свае меркаванні падчас пікетаў ды іншых масавых акцый. Парадак правядзення гэтых мерапрыемстваў рэгламентуецца рашэннем Віцебскага гарвыканкаму № 881. Апазіцыянер спрабаваў судзіцца з УКВП “Віцебская гарадская ЖКГ” - арганізацыяй, якая, на яго думку, парушае рашэнне гарвыканкаму і перашкаджае рэалізацыі правоў  на свабоду выказванняў, адмаўляючыся заключаць дамовы на абслугоўванне падчас масавых мерапрыемстваў. Ян Дзяржаўцаў спрабуе ці абавязаць дадзеную ўстанову да заключэння дамоваў, ці ўдасканаліць само рашэнне гарвыканкаму, змест якога выклікае супярэчнасці.

27 лютага галоўны ідэолаг Салігорскага райвыканкаму Мікалай Маскевіч забараніў правядзенне пікета ў падтрымку будаўніцтва новай гарадской паліклінікі. Адпаведная заява 8-га лютага была накіравана мясцовым уладам, заяўнікам выступаў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка. Пікет па зборы подпісаў грамадзян пад зваротам да ўладаў мясцовага і нацыянальнага ўзроўню з патрабаваннем будаўніцтва ў сталіцы гарнякоў новай сучаснай паліклінікі планавалася правесці 2-га сакавіка ў цэнтры горада каля ўнівермага “Салігорск”. У заяве адзначалася, што падчас парламенцкіх выбараў 2012 года і прэзідэнцкіх выбараў 2010 года збор подпісаў у дадзеным месцы быў дазволены. Аднак гэты аргумент не пераканаў намесніка старшыні Салігорскага выканкаму па ідэалагічнай працы. Спадар Маскевіч адмовіў у правядзенні пікета ў сувязі з неадпаведнасцю месца яго правядзення рашэнню Салігорскага райвыканкаму “Аб мерах па папярэджванню назвычайных здарэнняў і захаванню законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”.

27 лютага стала вядома, то Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў адну са скаргаў сябраў партыі левых “Справядлівы свет” са Жлобіна на забарону правядзення пікетаў у 2012 годзе мясцовым райвыканкамам. Кіраўнік раённай партыі “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка адзначыў, што ў Камітэт па правах чалавека ААН яны накіравалі дзве скаргі. Адна з іх датычылася забароны мясцовымі ўладамі пікетаў у падтрымку палітзняволеных у 2012 годзе – яе і зарэгістравалі. Другую скаргу, якая датычылася фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і звароту сябраў партыі ў розныя інстанцыі з гэтай нагоды, папрасілі пракаментаваць больш падрабязна.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

7 лютага на прэс-канферэнцыі міністр юстыцыі Беларусі Алег Сліжэўскі паведаміў, што Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі ў 2012 годзе 19 грамадскім аб'яднанням, сярод якіх – дзве палітычныя партыі: “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і “Беларуская камуністычная партыя працоўных”. Міністр адзначыў, што ініцыятары стварэння грамадскіх аб'яднанняў не вельмі стараліся і рыхтаваліся да мерапрыемстваў, якія неабходна правесці па заканадаўству для заснавання аб'яднанняў. А. Сліжэўскі паведаміў, што па выніках 2012 года ў Беларусі з'явілася 111 новых грамадскіх аб'яднанняў, зарэгістраваны 4 саюзы (асацыяцыі) грамадскіх аб'яднанняў, 29 новых аргструктур палітычных партый.

8 лютага у лісце за подпісам начальніка ўпраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Алены Кірычэнкі атрымана адмова ў дзяржаўнай рэгістрацыі Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” (пад такой назвай у другі раз спрабаваў легалізавацца Праваабарончы праект “ГейБеларусь”). Прычынай для адмовы названа тое, што “прадстаўлены статут РМГА “Праваабарончы цэнтр “Лямбда” не ўтрымлівае палажэнняў, якія сведчаць аб тым, што статутная дзейнасць дадзенага грамадскага аб’яднання будзе накіравана на забеспячэнне сацыяльнага станаўлення і ўсебаковага развіцця моладзі”.

14 лютага Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты". Месяц таму Мінюст прыпыніў рэгістрацыю арганізацыі ў сувязі з патрабаваннем падаць дадатковыя дакументы, у прыватнасці паперы, на якіх фіксавалася рэгістрацыя ўдзельнікаў з'езда, а таксама дамову аб арэндзе памяшкання для правядзення з'езда. У аргкамітэце аб'яднання палічылі, што перадача гэтых дакументаў у міністэрства не прадугледжана заканадаўствам, а таму не сталі выконваць гэтае патрабаванне. Устаноўчы з'езд арганізацыі "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" прайшоў у Мінску 3 лістапада 2012 года.

21 лютага Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый і Цэнтр прававой трансфармацыі выпусцілі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамерцыйных арганізацый у Беларусі” за 2012 год. Як адзначана ў аглядзе, “у 2012 годзе магчымасці для рэалізацыі свабоды асацыяцый у Беларусі не пашырыліся. На ўзроўні прававога рэгулявання, нягледзячы на ўвядзенне асобных пазітыўных норм, не было зафіксавана значных змяненняў, якія паляпшаюць альбо пагаршаюць становішча некамерцыйных арганізацый. На ўзроўні правапрымяняльнай практыкі захаваліся ранейшыя негатыўныя трэнды, пры гэтым іх інтэнсіўнасць не змянілася”. Асобна Цэнтр правовой трансфармацыі падрыхтаваў аналіз рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў у 2012 годзе і спісы зарэгістраваных і ліквідаваных на працягу году некамерцыйных арганізацый.

25 лютага стала вядом, што яшчэ аднаму прафсаюзнаму актывісту прадпрыемства “Граніт” пагражае звальненне. Адміністрацыя настойліва спрабуе знайсці парушэнні ў працы памочніка экскаватаршчыка Леаніда Дубаносава, які з’яўляецца сябрам мясцовай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза. Кожны дзень на працоўнае месца Дубаносава прыходзіла адмысловая камісія, якая цягам аднаго дня прымусіла рабочага скласці две тлумачальныя даведкі пра нібыта выяўленыя хібы ў ягонай працы. Леанід Дубаносаў, які працуе на “Граніце” амаль 20 гадоў і дагэтуль не меў ніякіх заўваг ад кіраўніцтва прадпрыемства, лічыць, што актыўнасць адміністрацыі звязана з тым, што ягоны працоўны кантракт сканчаецца 2 траўня. Паколькі Леанід збіраецца сыходзіць у адпачынак, спагнанне яму хочуць вынесці да сыходу ў адпачынак, каб пазней (за месяц да заканчэння кантракта) абвесціць, што працоўныя адносіны з ім не будуць працягнутыя з-за выяўленых парушэнняў.           

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international