АБСЕ: Наша задача – назіраць за выбарамі, а не ўмешвацца ў выбарчы працэс
Сёння ў Мінску была афіцыйна прэзентаваная назіральніцкая місія БДПЧ АБСЕ, якая будзе працаваць у Беларусі падчас парламенцкай кампаніі. Назіральнікі абяцаюць, што іхняя праца будзе празрыстай і адкрытай, таго ж чакаюць і ад органаў, адказных за правядзенне выбараў.
Кіраўнік місіі Антоніа Мілашоскі прадставіў сваіх калегаў, якія ўжо прыбылі ў Мінск і атрымалі акрэдытацыю назіральнікаў - намеснік Дональд Бісон, аналітыкі па выбарах Зоран Лучыч і Штэфан Швед, дарадца дэпартамента па выбарах Бюро Рычард Лапкін, медыяаналітык Франчэска Баджоры, каардынатар назіральнікаў Юрга Ускайтэ.
24 жніўня да місіі далучацца яшчэ 36 доўгатэрміновых назіральнікаў. Яны будуць накіраваныя на працу ў 18 раёнаў Беларусі, па два чалавекі ў камандзе. Старшыня місіі падкрэсліў, што геаграфія назіральнікаў вельмі шырокая: захаваны баланс паміж прадстаўнікамі Заходняй і Усходняй Еўропы, большасць назіральнікаў мае багаты досвед працы, у тым ліку на папярэдніх выбарах у Беларусі.
Па словах спадара Мілошскі, беларускія ўлады на дадзеным этапе не замінаюць дзейнасці місіі, МЗС дапамагаў вырашаць пытанні па запрашэнні і прыездзе міжнарожных экспертаў. Пры гэтым невырашаным застаецца пытанне з памяшканнем місіі. Зараз яго няма. Папярэднія гады назіральнікі АБСЕ мелі офіс у гатэлі “Беларусь”, але зараз ён зачынены на капітальны рамонт. Дзе будзе месціцца офіс сёлета, пакуль невядома. З гэтым пытаннем кіраўніцтва місіі звярталася і ў ЦВК, і непасрэдна да Міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Той паабяцаў, што МЗС зробіць усё магчымае, каб замежныя назіральнікі мелі месца, дзе яны змогуць працаваць.
Падчас сустрэчы з журналістамі кіраўнік місіі Мілошскі некалькі разоў падкрэсліў, што задача прадстаўнікоў АБСЕ – назіраць за выбарамі, складаць справаздачу і рэкамендацыі, аднак ніякім чынам не ўмешвацца ў выбары. Гэта было своеасаблівым адказам на негатыўныя выказванні беларускіх чыноўнікаў, якія яшчэ да прыезду місіі, крытыкавалі яе дзейнасць у Беларусі. “У Беларусі я хацеў бы пабачыць Мірскі замак і дэмакратычныя выбары”, - прамовіў па-беларуску Антоніа Мілашоскі.
Для назірання ў дзень выбараў місія БДПЧ таксама аб’яднае намаганні з дэлегацыяй Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.
Кароткатэрміновыя назіральнікі, што прыбудуць да дня выбараў, будуць накіраваныя ў розныя рэгіёны краіны ў камандах па два чалавекі для назірання за адкрыццём выбарчых участкаў, правядзеннем галасавання, падлікам бюлетэняў і правядзеннем вынікаў выбараў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”