viasna on patreon

Любоў Кавалёва працягвае пошукі турэмных запісаў сына

2012 2012-07-14T19:08:43+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kavaliova_liubou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва

Маці Уладзіслава Кавалёва,  расстралянага паводле абвінавачання ў тэрарызме, напісала паўторную скаргу старшыні КДБ. Яна скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў СІЗА КДБ, якія не вярнулі ёй турэмныя запісы сына. Няма з СІЗА КДБ і ніякага адаказу з гэтай нагоды – толькі ананімны тэлефонны званок невядомай жанчыны.

Любоў Кавалёва распавяла, што першую скаргу на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава накіравала яшчэ 4 чэрвеня. Адказу няма дагэтуль. Калі не лічыць дзіўны званок на яе мабільны  тэлефон.

"19 чэрвеня мне патэлефанавала нейкая жанчына. Імя свайго не назвала, але сказала, што яна працуе ў СІЗА КДБ, і што ўсе рэчы Уладзіслава яны мне вярнулі. Яна "адрапартавала" гэта за паўхвіліны і кінула слухаўку, не даўшы мне магчымасці нават перапытаць яе пра нешта. Што гэта такое? Чаму замест пісьмовага адказу на маю пісьмовую скаргу, як таго патрабуе заканадаўства, я мушу верыць нейкім тэлефонным званкам? Праз тэлефон пасьведчання не відаць – я так і пішу Вадзіму Зайцаву ў паўторнай скарзе", -- распавяла Любоў Кавалёва.

Яна кажа, што ўвогуле не мае даверу да супрацоўнікаў СІЗА КДБ, і не схільная верыць іхным словам:

"Ужо быў сумны досвед. Я перадавала ў СІЗА КДБ перадчы з прадуктамі, мне адказвалі, што ўжо перадалі іх Уладзіславу… А потым, калі яго расстралялі, мы атрымалі з СІЗА КДБ рэчы сына, і сярод іх былі тыя самыя прадукты – у непашкоджаных упакоўках. Значыць, да Улада яны так і не трапілі! Сярод дасланых рэчаў была і жоўтая папка, якую нам даслалі пустой – а менавіта з ёй сын хадзіў на судовыя пасяджэнні, і менавіта там захоўваў запісы, якія вёў па справе. Куды падзеліся паперы? Яны не былі ў пераліку рэчаў, якія мусілі быць знішчаныя паводле судовага рашэння, нам не даслалі ніякіх дакументаў і пра тое, напрыклад, што яны далучаныя да справы пра тэракт. Можа, іх згубілі? А можа, проста не аддаюць, каб зрабіць прадметм нейкіх спекуляцый?"

Маці расстралянага настойвае на тым, каб старшыня КДБ разабраўся, што робіцца ў падпарадкаваным яму СІЗА і даў ёй пісьмовы адказ. Любоў Кавалёва шукае сынавы запісы, бо апошняй ягонай воляй было, каб яна іх захавала. Пра гэта напісана ў лістах дадому, таму знішчыць іх па ўласнай волі Уладзіслаў Кавалёў не мог.

Нежаданне аддаць ёй сынавы запісы яна лічыць дадатковай прычынай для недаверу следству і суду па справе мінскага тэракту 11 красавіка 2011 году. І следства, і суд выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве: многія беларусы лічаць, што абвінавачаных Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва пакаралі смерцю несправядліва. Міжнародныя і нацыянальныя праваабарончыя арганізацыі заклікалі не караць Кавалёва і Канавалава смерцю, а таксама правесці новае расследаванне акалічнасцяў выбуху ў менскім метро, але гэтыя заклікі былі праігнараваныя беларускім бокам.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства