Маладэчна: “добраахвотныя” суботнікі на развіццё фермаў па разнарадцы райвыканкаму (дакумент)
З лютага па жнівень маладэчанцы будуць “добраахвотна” адпрацоўваць па аднаму ў месяц суботніку на карысць рэканструкцыі малочна-таварных фермаў. Акрамя таго, на гэтыя мэты дадаткова грошай “папрасілі” у недзяржаўных прадпрыемстваў. Кіраўнікам гэтых арганізацый прыйшлі распараджэнні райвыканкама, згодна з якімі яны мусяць пералічыць вызначаныя сумы на карысць пэўнай фермы. На якой падставе вызначалася велічыня гэтай сумы і чым пагражае непадпарадкаванне “просьбе” – пакуль нікому не патлумачылі.
Таксама застаецца загадкай тое рашэнне Мінскага аблвыканкама, на якое спасылаецца райвыканкам пры арганізацыі ўсіх гэтых спраў. У даступных інфармацыйных рэсурсах яно не абнародавана.
Такім чынам, ужо некалькі гадоў запар маладэчанцы вымушаныя ўдарна адпрацоўваць мноства суботнікаў і пералічваць грошы, каб дапамагчы ўладам рэалізаваць іх задумкі: пабудаваць Лядовы палац, адсвяткаваць “Дажынкі” ці, як гэтым разам, аднавіць фермы.