viasna on patreon

Сёньня – суд па справе Аляксандра Крутога

2011 2011-12-06T10:14:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krutoj.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

6 сьнежня а 14-й гадзіне ў судзе Маскоўскага раёна адбудзецца разгляд крымінальнай справы Аляксандра Крутога. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Кострыкаў. Аляксандр Крутой выступаў у якасьці прадстаўніка сваёй дачкі, пацярпелай падчас тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2011 года, на працэсе па абвінавачаньні Дзьмітрыя Канавалава і Уладзіслав Кавалёва ў тэрарызме.

19 жніўня 2011 года супраць Аляксандра Крутога была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (“Хуліганства”). Цьвердзіцца, што нібыта Аляксандр Крутой “17 жніўня прыйшоў ва ўпраўленне аховы здароўя і наўмысна, груба парушаючы грамадскі парадак, здзейсьніў хуліганскія дзеяньні, якія вылучаліся выключным цынізмам у дачыненьні галоўнага ўрача”.

Пры гэтым пра ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць яго Аляксандр Крутой даведаўся толькі 20 верасьня, падчас затрыманьня. Дачка Аляксандра Крутога Інэса паведаміла, што ў бацькі сапраўды быў канфлікт з галоўным урачом лякарні, дзе яна праходзіла лячэньне. Інэса Крутая распавяла, што ім доўга даводзілася дабівацца неабходнай медычнай дапамогі, і яна некалькі разоў падала дома з-за не да канца вылечаных траўмаў.

Да цяперашняга часу Аляксандру Крутому афіцыйна не прад’яўлена абвінавачаньне. Прытым, што зрабіць гэта следчыя павінны былі праз 10 дзён пасьля затрыманьня. Да цяперашняга часу Аляксандр Крутой праходзіць па справе ў якасьці падазраванага.

21 верасьня Аляксандра Крутога накіравалі ў РНПЦ Псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзеньня экспертызы ягонага псіхічнага стану.

Як распавяла Інэса Крутая, следства настойвала на тым, каб яна самастойна ўдзельнічала ў працэсе. Апроч таго, на азнаямленьне з 565 тамамі крымінальнай справы следства дала Аляксандру Крутому 7 дзён, у той час як Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляе знаёміцца з матэрыяламі справы цягам 30 дзён.

15 верасьня, падчас першага судовага пасяджэньня, Аляксандр Крутой заявіў хадайніцтва аб пераносе суда да вырашэньня пытаньня аб адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Адначасова Аляксандр Крутой падаў хадайніцтва аб пераносе пасяджэньня ў сувязі з неабходнасьцю належным чынам азнаёміцца з матэрыяламі справы. Апошняе хадайніцтва падтрымалі і іншыя пацярпелыя. Аднак суд адзначыў, што пытаньні азнаямленьня са справай не ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю.

У 2003 годзе Аляксандра Крутога абвінавацілі ў публічнай абразе прэзідэнта. Улёткі, якія ён распаўсюджваў у Нясьвіжы, утрымлівалі фразу “Лукашенко ко злу не склоняется”. Міліцыянты з мясцовага РАУС палічылі, што фраза ўтрымлівае слова “козлу”, скіраванае на прэзідэнта краіны. Следства і тады накіравала Аляксандра на псіхіятрычную экспертызу, якая прызнала яго не здольным усьведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі. Суд накіраваў Аляксандра Крутога на прымусовае лячэньне. Аднак касацыйная інстанцыя скасавала дадзенае рашэньне на падставе таго, што злачынства, прадугледжанае арт. 368 Крымінальнага кодэксу, не ўяўляе вялікай грамадскай небясьпекі, таму прымусовае лячэньне па ёй прызначаць нельга.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства