Адміністрацыя Гомельскага вагонарамонтнага заводу шукае ініцыятараў звароту да дырэкцыі
На мінулым тыдні рабочыя транспартнага цэху Гомельскага вагонарамонтнага заводу накіравалі зварот адміністрацыі прадпрыемства з патрабаваннем падвысіць заробкі. Пад зваротам паставілі подпісы 30 чалавек. Таксама рабочыя патрабавалі сустрэцца з імі і правесці сход. Як стала вядома, дырэктар прадпрыемства плануе 9 лістапада пагутарыць з супрацоўнікамі транспартнага цэху, але ўжо 8 лістапада на ВРЗ прайшоў сход-сустрэча з працоўным калектывам. Цікава, што яшчэ да правядзення сходу сярод рабочых кіраўніцтвам была праведзена адмысловая праца. «Я быў адным з ініцыятараў збору подпісаў, - распавядае машыніст Дзмітрый Карашкоў. - І вось мяне, відаць, адміністрацыя і вырашыла зрабіць крайнім і скампраметаваць у вачах маіх калег. Бо, як перадалі рабочыя, сярод іх адміністрацыя праводзіла такія гутаркі, што я ледзь не завярбованы замежнай выведкай шпіён, і мне заплацілі за тое, каб я «расшатаў і дэстабілізаваў» абстаноўку на заводзе. І, маўляў, даводзіла адміністрацыя, мне за гэта плацяць грошы – за дэстабілізацыю абстаноўкі. Таму яны звярталіся да рабочых – маўляў, не верце яму, ён злыдзень».
Цікава, што Дзмітрый яшчэ раней трапіў у поле зроку адміністрацыі ВРЗ. Ён быў затрыманы у верасні за распаўсюджванне ўлётак да правядзення маўклівай акцыі пратэсту і атрымаў па суду адміністрацыйны арышт. Пасля адбыцця пакарання маладога чалавека выклікалі да намесніка дырэктара па рэжыму і бяспецы Рыгора Куліка на размову. Гутарка атрымалася змястоўнай і працягвалася каля паўтары гадзіны. Дарэчы, у «Вясны» ёсць аўдыёзапіс дадзенай размовы. Адзін з кіраўнікоў прадпрыемства распавядаў актывісту пра геапалітычнае становішча Беларусі, міжнародную эканоміку, правёў экскурс у гісторыю ЗША, даверліва расказаў Дзмітрыю пра расейскіх алігархаў і шляхі з'яўлення капіталу і ўласнасці ў свеце наогул і ў Беларусі ў прыватнасці. Таксама намеснік па рэжыму і бяспецы цікавіўся – якая адукацыя ў машыніста цеплавоза, ці жанаты ён, якія мэты ў актывістаў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку», а таксама – чаму ў Беларусі нацыянальны сімвал бел-чырвона-белы сцяг, і ці ведае Дзмітрый гісторыю сваёй Радзімы.
Цікавым было тое, што кіраўнік адзначыў, што «улада ніклі не цярпела і не пацерпіць іншадумства і будзе дзейнічаць жорстка», «навошта табе праблемы, ты скалечыш жыццё не толькі сабе, але і жонцы, і бацькам, для іх будуць цяжкія наступствы», «табе могуць падкінуць патрон ці гераін, і ты атрымаеш рэальны турэмны тэрмін». Не абышлося без традыцыйных заяў пра гранты, якія атрымлівае апазіцыя, і пра тое, што «вас тут у Гомелі, актывістаў, мала, але на кожнага ёсць дасье, справа пад нумарам». Узгадаў прадстаўнік адміністрацыі і зніклага Юрыя Захаранку, у такім кантэксце, што «прыстойны быў чалавек», але лёс яго невядомы. На развітанне кіраўнік папярэдзіў, ці даў параду Дзмітрыю Карашкову падумаць пра жонку і бацькоў, і дадаў, што «гэта не гульні, гэта ўсе сур'ёзна».