Улады ствараюць прававыя ўмовы для палітычных рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў
З набліжэньнем выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь грамадзянская супольнасьць краіны адчувае ўзмацненьне ціску на няўрадавыя арганізацыі. Адной з найбольш сур’ёзных формаў такога ўціску зьяўляецца судовая ліквідацыя няўрадавых арганізацыяў.
Мы вымушаныя з трывогай канстатаваць, што беларускія ўлады вяртаюцца да практыкі масавых ліквідацыяў некамэрцыйных арганізацыяў. За апошнія месяцы ўладамі распачатая кампанія судовай ліквідацыі няўрадавых аргганізацыяў, якія былі зарэгістраваныя па заяўляльным прынцыпе ў форме ўстановаў. У прыватнасьці, была зьдзейсьненая судовая ліквідацыя ўстановы “Беларда”, цяпер адбываюцца судовыя працэсы па ліквідацыі ўстановаў “Рух наперад” і “Правы альянс”.
Адначасова ўпраўленьнямі юстыцыі горада Менску і абласьцей фактычна прыпыненая рэгістрацыя такіх формаў некамэрцыйных арганізацыяў, як установы і асацыяцыі. Незаконным чынам заяўкі на стварэньне гэтых відаў арганізацыяў блякуюцца ўжо на стадыі ўзгадненьня назвы, хаця паводле заканадаўства ў дачыненьні да іх павінен дзейнічаць заяўляльны прынцып рэгістрацыі.
Мы зьвязваем гэтую практыку судовых ліквідацыяў і незаконных адмоваў у рэгістрацыі зь імкненьнем уладаў стварыць прававыя ўмовы для палітычных рэпрэсіяў супраць грамадзкіх актывістаў падчас выбарчай кампаніі. Судовая ліквідацыя і незаконныя адмовы ў рэгістрацыі даюць уладам магчымасьць задзейнічаць сумнавядомы артыкул 1931 Крымінальнага кодэкса, які карае за дзейнасьць у складзе незарэгістраваных арганізацыяў.
Мы заклікаем улады не рабіць крокаў, скіраваных на дэлегалізацыю грамадзкіх структураў. Улічваючы, што беларускае заканадаўства прадугледжвае мараторый на судовую ліквідацыю палітычных партыяў у пэрыяд выбарчай кампаніі, мы прапануем палітычным рашэньнем распаўсюдзіць дзеяньне гэтага мараторыя і на выпадкі, зьвязаныя зь іншымі формамі некамэрцыйных арганізацыяў.
Калі органы выканаўчай улады ня будуць зьвяртацца ў суд па ліквідацыю ўстановаў па малазначных, сумнеўных ці штучна створаных падставах, гэта дазволіць нашай краіне пазьбегнуць крытыкі па гэтых выпадках адносна парушэньняў правоў чалавека ў час выбарчай кампаніі.
Патрэба ўстрымацца ад адвольнай ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў тым больш актуальная, што гэтая праблема сталася аб’ектам жорсткай крытыкі на адрас беларускага ўраду з боку міжнароднай супольнасьці і Рады па правах чалавека ААН у межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду па правах чалавека ААН. Неўзабаве, 23 верасьня, Савет па правах чалавека ААН зацьвердзіць рэкамэндацыі па стане правоў чалавека ў Беларусі, у якіх, сярод іншага, беларускаму боку прапануецца ўстрымацца ад перасьледу няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку не ажыцьцяўляць іх дэлегалізацыю і скасаваць артыкул 1931 Крымінальнага кодэкса.
15.09.2010