Кампанія “Гавары праўду!” працягне сваю працу
Нягледзячы на націск уладаў, актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” працягваюць сваю працу. Вобыскі і затрыманні больш як 30 актывістаў кампаніі прайшлі адначасова ў 12 гарадах Беларусі, разгромлены і апячатаны офіс установы.
Нягледзячы на гэта, па словах каардынатара кампаніі Аляксандра Фядуты, ўжо пасля ператрусаў валанцёры руху аднавілі каля тысячы подпісаў, сабраных за перайменаванне вуліц, і гэта праца будзе працягвацца і надалей.
- Пасля таго, як было агучана, што пачынаецца збор подпісаў, на працягу 9 дзён толькі ў горадзе Мінску было сабрана больш за 10 тысяч подпісаў. Стала зразумела, калі гэтыя тэмпы працягнуцца, як абяцаў лідэр кампаніі "Гавары праўду" Уладзімір Някляеў, у тыя тэрміны, тыя лічбы, якія былі агучаны, гэта 50 тысяч у Мінску і 5 тысяч у Гродна, - будуць выкананы. Тэмпы, што былі дасягнуты, былі найвялікшыя за ўсе агітацыйныя кампаніі, якія вяла грамадзянская супольнасць пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Збор подпісаў працягнецца.
Апроч гэтага актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” выказалі удзячнасць усім, хто прадэманстраваў ім падтрымку, у прыватнасці лідэрам вядучых беларускіх дэмакратычных партый.