Сілавы разгон і затрыманні ўдзельнікаў гей-прайду ў Мінску з’яўляецца парушэннем права на свабоду мірных сходаў і праявай дыскрымінацыі
Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”
15 траўня 2010 г. прадстаўнікі МУС гвалтоўна спынілі мірнае шэсце аткывістаў ЛГБТ. Напярэдадні Мінгарвыканкам забараніў яго правядзенне па фармальнай прычыне і не прадаставіў магчымасці правядзення шэсця ў іншым, задавальняючым абодва бакі месцы.
У звязку з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць дзеянні беларускіх уладаў парушэннем канстытуцыйных правоў удзельнікаў шэсця, а таксама міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выражэнне, а таксама свабода мірных сходаў шэсцяў, дэманстрацый і пікетаванняў. Канстытуцыя Беларусі забараняе ўсялякага кшталту дыскрымінацыю грамадзянаў.
Свабода мірных сходаў і забарона дыскрымінацыі па якой не было б падставе ўтрымліваецца ў арт. 22 і 26 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязацельствы па выкананні якога былі добраахвотна ўзятыя Рэспублікай Беларусь.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў чарговы раз заклікае ўлады Беларусі да павагі правоў чалавека і забеспячэння свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання усім грамадзянам, без усялякай дыскрымінацыі па якіх бы то не было прыкметах, у тым ліку па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама адзначае, што падобныя дзеянні ўладаў не спрыяюць змяншэнню ўзроўню гамафобіі ў беларускім грамадстве.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў шэсця 15 траўня 2010 г.
Мінск, 17 траўня 2010 г.