Вылічылі праз год па вопратцы: судзяць яшчэ аднаго ўдзельніка падзей 9 жніўня 2020 года
У судзе Заводскага раёна Минска разглядаецца крымінальная справа Яўгенія Крачкоўскага, абвінавачанага ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ). Падзеі тычацца 9 жніўня 2020 года.
Справу разглядае суддзя Жанна Хвайніцкая, дзяржабвінавачванне прадстаўляе памочнік пракурора Валадзько.
Яўген Вячаслававіч Крачкоўскі - аўтар праекту «АДВЕКУ». Мужчына займаўся пошукам продкаў у Беларусі, генеалагічнымі даследаваннямі, складаннем радаводу, пошукам у архівах, мае непаўнагадове дзіця. Прызнаны палітычным зняволеным.
Яўгена Крачкоўскага затрымалі 8 верасня 2021 года пасля ператрусу ў яго доме. Да суда знаходзіўся пад вартай у СІЗА №1. У момант затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіК прымусілі мужчыну запісаць пакаяльнае відэа.
Яго вылічылі па біллінгу ягонага тэлефона, а калі прыйшлі з ператрусам дахаты – знайшлі вопратку, у якой ён быў апрануты 9 жніўня 2020 года і якая была бачна на фотаздымках, дзе ён і яшчэ некалькі чалавек падчас мітынгу на Стэле знаходзіцца на пешаходным пераходзе на дазваляльны сігнал святлафора.
Па матэрыялах абвінавачвання, Крачкоўскі, з групай неўстаноўленых асоб пасля 21 гадзіны ў раёне праспекта Пераможцаў і Варвашэні, груба парушаў грамадскі парадак, стаяў у счэпцы і перашкаджаў руху грамадскага транспарту.
У справе маецца матэрыяльная прэтэнзія прадпрыемства “Мінсктранс” аб нанясенні ўрону ў памеры 3621 рубель і 64 капейкі.
Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова.
Пад час допыту Крачкоўскі патлумачыў, што ў той вечар разам з сябрам з-за цікавасці даехалі да Мельнікайтэ, было шмат народу. Працы транспарту яны не перашкаджалі, вуліцу пераходзілі на зялёнае святло. Таму іск “Мінсктранса” цалкам не прызнае. Праз некалькі гадзін выклікаў таксоўку і паехаў дадому.
Адвакат Аляксей Дравіца звярнуў увагу, што перыяд часу прастою грамадскага транспарта, які ўказаны ў іску “Мінсктранса”, у некалькі разоў перавышае час знаходжання Крачкоўскага на месцы правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Суд абвясціў перапынак для ўдакладнення патрабаванняў транспартнікаў.
Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 10-30 9 лістапада.