Хроніка палітычнага пераследу 19 кастрычніка Дапоўнена
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 19 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманне ў Верхнядзвінску
У Верхнядзвінску затрымалі Дзяніса Пяцько. Затрыманне, верагодна, адбылося ў межах крымінальнай справы. Падрабязнасці пакуль невядомыя.
Затрыманні ў Мінску
У Мінску сёння на працоўным месцы затрымалі праграміста Станіслава Падыманскаса. Яго даставілі ў Цэнтральнае РУУС. У чым ён абвінавачваецца пакуль невядома.
Таксама сёння пасля ператрусу затрымалі Марыну Нікіціну. Па папярэдняй інфармацыі, пераслед адбываецца за каментары ў сацсетках. Паведамляецца, што ў Марыны і ейнай дачкі інваліднасць.
Сёння затрымалі 32-гадовага Антона Васілюка. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.
У «справе БелаПАН» сведкамі на допыт выклікаюць журналістаў агенцтва
Журналіста Паўла Дабравольскага выклікалі на допыт у Галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкаму. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта зроблена ў рамках справы агенцтва БелаПАН, піша "Радыё Свабода".
«Калі допыт перадаручылі міліцыі, значыць, гэта на вашу карысць. Відавочна, у Следчым камітэце зашываюцца з пратэставымі справамі, а міліцыянт, хутчэй за ўсё, не ў курсе, будзе дапытваць фармальна, паводле шаблону. Тым не менш у рэдакцыі параілі ўзяць цёплыя шкарпэткі. Умеюць падбадзёрыць», — падзяліўся Павал Дабравольскі перад выхадам да сілавікоў.
У фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева адбыўся ператрус
Увечары 19 кастрычніка ў фотакарэспандэнта «Новага Часу» Дзмітрыя Дзмітрыева прайшоў ператрус. Сілавікі забралі ўсю тэхніку, піша "Новы Час".
Як распавёў Дзмітрый, падставай для ператрусу стала справа аб пагрозах намесніку начальніка Савецкага РУУС. Год таму, падчас чарговых «сутак» на Акрэсціна, Дзмітрыя па ёй дапытваў КДБ.
Допыты па "справе Вясны" працягваюцца
Сёння на допыт у Следчы камітэт у якасці сведкі па "справе Вясны" выклікалі рэдактара аршанскага партала orsha.eu і праваабаронцу Ігара Казмерчака. Яму аддалі раней вынятыя падчас ператрусаў банкаўскія карты, але тэлефоны яму так і не вярнулі.
Нагадаем, Казмерчака ўжо затрымлівалі 8 ліпеня, тады ў яго дома прайшоў ператрус. Праз трое сутак журналіста выпусцілі з СІЗА. Таксама ператрус у яго адбыўся 14 ліпеня падчас масавых ператрусаў па ўсёй Беларусі ў праваабаронцаў і актывістаў.
Затрыманым за каментары па «справе Зельцара» не перадаюць перадачы — яны ўжо больш 20 дзён без зменнай бялізны і сродкаў гігіены
Амаль усіх затрыманых за каментары па «справе Зельцара» з усёй Беларусі ўтрымліваюць у жодзінскай турме №8. Але з моманту, калі іх туды перавялі, там абвясцілі каранцін, праз які затрыманых абмежавалі ва ўсім.
Як паведамляюць сваякі затрыманых па «справе Зельцара», у жодзінскай турме №8 палітвязням не перадаюць ні перадачы, ні лісты, а да некаторых нават не пускаюць адвакатаў. Але па словах сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары. Сваякі спрабуюць дасылаць вязням пасылкі, але невядома, ці перададуць іх адразу, ці толькі пасля каранціна.
Фактычна, усе фігуранты «справы Зельцара» ўжо тры тыдні сядзяць у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. Адказы на лісты родныя таксама не атрымліваюць, яны нават не ведаюць, ці аддаюць лісты зняволеным. Дакладную дату заканчэння карантыну ў жодзінскай турме блізкія не ведаюць, але доўжыцца ён ужо прыкладна два тыдні. Сваякам кажуць, што ён дакладна будзе дзейнічаць яшчэ да канца гэтага тыдня.
Адзіны варыянт падтрымкі палітзняволеных па гэтай справе — папаўненне асабістага рахунку вязня ў турме, каб яны маглі набыць неабходнае ў мясцовай краме. Але дакладна невядома, ці працуе «атаварка» падчас каранціну.
Па пастанове пракурора Віцебскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-сайту «Вольнае Глыбокае».
Палітзняволенаму сузаснавальніку «Куку» і «The Village Беларусь» Аляксандру Васілевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы.
Новае абвінавачванне палітзняволенай з Гомеля
Стала вядома, што палітзняволеная педагог-дэфектолаг з Гомеля Наталля Белабехава абвінавачваецца па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Жанчыну затрымалі 23 верасня па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 Крымінальнага кодэксу) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў "Рабочы рух".
Новае экстрэмісцкае фарміраванне ў Беларусі
МУС прызнала telegram-канал «Буслы ляцяць» і адпаведны telegram-чат экстрэмісцкім фарміраваннем.
У адносінах гомельскага валанцёра Іллі Міронава праводзіцца праверка па фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці
Палітвязню Іллю Міронаву, які знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3, могуць інкрымінаваць частку 1-ю артыкула 361–2 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Гэта вынікае з адказу з РАУС Савецкага раёна Гомеля, які прыйшоў актывісту на хатні адрас і які апублікавала маці Іллі ў фэйсбуку.
Да затрымання Ілля Міронаў звяртаўся ў РАУС з просьбай вярнуць яму тэхніку, якую вынялі падчас ператрусу 8 ліпеня, які праводзіўся ў валанцёра па арт. 289 КК (акт тэрарызму). Цяпер яму адказалі, што ў адносінах да яго ажыццяўляецца праверка па ч. 1 арт. 361–2 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).
Ілля Міронаў быў затрыманы ў Гомелі 30 верасня па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра. Вядома, што Ілля праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці).
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.