viasna on patreon

"Дэманстратыўна знаходзіўся на кантэйнеры". У Мінску палітвязня асудзілі да 4 гадоў калоніі за ўдзел у пратэсце

2021 2021-10-01T21:45:25+0300 2021-10-01T21:45:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lukajnau_p.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 1 кастрычніка да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі 27-гадовага палітвязня Паўла Лукаянава. Разгляд крымінальнай справы супраць Лукаянава заняў адзін дзень: раніцай пачалі судовае следства – у 16 гадзін ужо абвясцілі прысуд. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 10 на 11 жніўня ў Мінску. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, падтрымліваў дзяржабвінавачанне Арцём Цвяткоў.

У чым абвінавацілі палітвязня?

Паводле версіі абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня мінулага года Лукаянаў "разам з іншымі асобамі ўдзельнічаў у незаконных масавых мерапрыемствах на скрыжаванні вуліц Сурганава, Куйбышава і Л. Бяды ў Мінску. Ён выкрыкваў розныя лозунгі і заклікаў грамадзян далучыцца да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Акрамя таго, малады чалавек, знаходзячыся ў натоўпе удзельнікаў беспарадкаў, учыняў пагромы.

Усе дзеянні суправаджаліся блакаваннем шляхоў транспартных камунікацый шляхам выхаду на праезную частку. Дэманстратыўна знаходзіўся на кантэйнеры, узводзіў барыкады. У выніку праца гарадскога пасажырскага транспарту была парушаная". 

Паўла Лукаянава абвінавачвалі ў пашкоджанні смеццевага кантэйнера, бо ён скакаў на ім каля дзесяці разоў. Гэта адлюстравана на відэазапісу. Сума шкоды ацанілі ў 345 рублёў 5 капеек.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай з 23 ліпеня. 

Павел Лукаянаў прызнаў віну часткова.

Што палітвязень казаў на судзе? 

На працэсе Павел распавёў, што 10 жніўня каля 19-20 гадзін ён убачыў у раёне метро "Усход" групу людзей у колькасці ад 300 да тысячы чалавек, рушыў услед за імі. Па яго словах, людзі ішлі са сцягамі выказаць пратэст. Не было інтэрнэту, таму яму стала цікава, што адбываецца. Як тлумачыць Павел, ішлі не па праезнай частцы – дварамі.

"Мне здаецца, ім хацелася выйсці на праспект Незалежнасці, але не атрымалася".

Каля "Усходу" праспект быў перакрыты, верагодна, супрацоўнікамі АУС – Лукаянаў вызначыў гэта па вопратцы супрацоўнікаў і машынам. Супрацоўнікі паводзілі сябе нейтральна: не спрабавалі даводзіць якую-небудзь інфармацыю, а проста стаялі. Пры гэтым, Павел выказаў здагадку, што мерапрыемства было незаконным, трымаўся ў метрах ста ад іх, ішоў з іншага боку дарогі, ззаду нікога не было.

Затым, па словах абвінавачанага, група прыйшла да скрыжавання каля «Рыгі». Як сцвярджае Павел, там не было ніякай агрэсіі. Там ужо былі людзі са сцягамі, але лозунгаў яны не выкрыквалі. Пры гэтым, супрацоўнікаў міліцыі там не было, а рух у гэты момант быў ужо спынены.

"Хутчэй за ўсё быў штучны корак, кіроўцы самі перакрылі дарогу", – мяркуе Лукаянаў.

Таксама Павел распавёў на працэсе, што каля 22 гадзін прыйшла асобная група грамадзян без сімволікі, і гэта яны разбіралі плітку, будавалі барыкады. Яны былі ў масках і спецыяльных акулярах. Звярнуў увагу, што з боку Беларусбанка насілі платы і прыносілі сметніцы.

Па словах Лукаянава, ён не бачыў ніякіх гвалтоўных дзеянняў. На пытанне, ці пашкоджваў ён маёмасць, Павел сказаў, што стаяў на сметніку і два разы тупнуў нагой – правяраў на трываласць. Аднак у абвінавачванні ўказана, што ён здзейсніў яшчэ восем скачкоў на сметніку. На судзе Павел пагадзіўся з гэтым і выказаў здагадку, што ён мог так правяраць іх на трываласць.

На працэсе палітвязень адзначыў, што не выкрыкваў лозунгі і не прымаў удзел у будаўніцтве барыкадаў.

Адвакат задаў удакладняючыя пытанні Лукаянаву. Ці ведаў ён дакладна, што мерапрыемства несанкцыянаванае. Павел сказаў, што не. Адвакат таксама спытаў, калі б 10 жніўня ў яго дома былі сцікі, то пайшоў бы ён у Dana Mall? Адказ: не. На пытанне абаронцы, ці мог сваімі дзеяннямі Лукаянаў прывесці ў непрыдатнасць смеццевы кантэйнер, той адказаў адмоўна. Адвакат ўдакладніла, ці быў падабаронны карыстальнікам якіх-небудзь інтэрнэт-рэсурсаў, дзе абмяркоўвалася палітычная сітуацыя. Лукаянаў адказаў, што толькі навінавыя телеграм-каналы чытаў, бо не хапала інфармацыі на гэтую тэму.

Што з шкодай?

На судзе прысутнічала прадстаўніца "Мінсктранса", якая заявіла, што было каля дзесяці пашкоджанняў на кантэйнеры. У выніку яго спісалі з-за непрыдатнасці да далейшага выкарыстання. Некалькі кантэйнераў расплавілася, некаторыя разбураныя і пашкоджаныя настолькі, што нельга аднавіць. 

На пытанні абаронцы па канкрэтна тым кантэйнеры адказвае, што не ведае, што менавіта там за пашкоджанні былі.

Па падліках арганізацыі, быў прад'яўлены пазоў па справе гэтых кантэйнераў яшчэ год таму, але суда так і не было. Сума шкоды Лукаянава склала 345 рублёў 5 капеек. Бацька абвінавачанага цалкам кампенсаваў шкоду да суда.

А вось з сумай шкоды за перакрыццё дарог Павел Лукаянаў не згодны цалкам. 

Чым усё скончылася?

Разгляд крымінальнай справы супраць Лукаянава заняў адзін дзень. Раніцай пачалі судовае следства – у 16 гадзін ужо абвясцілі прысуд. Пракурор Арцём Цвяткоў запрасіў у суда пакаранне для Паўла Лукаянава па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такое пакаранне праз пару гадзін і прызначыў суддзя Карсюк.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства