viasna on patreon

"Заклікаў блакаваць рух грамадскага транспарту". Вынесены прысуд жыхару Мінска Артуру Хацько

2021 2021-09-21T11:10:00+0300 2021-09-21T12:18:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hatsko_artur.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Артур Хацько. Фота з сацыяльных сетак.

Артур Хацько. Фота з сацыяльных сетак.

Суд Заводскага раёна 21 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязня Артура Хацько, якога вінавацяць у арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч.

На першым судовым пасяджэнні, якое адбылося 17 верасня, былі агалошаныя матэрыялы судовага следства, з якіх вынікае, што дзейнічаючы ў групе асоб па папярэдняй змове ў сетцы інтэрнэт здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А менавіта - якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.

Неаднаразова з 31 жніўня 2020 года па 31 красавіка 2021 года Хацько размяшчаў у чатах “Кіроўцы 97”, “Ваенны гарадок Уручча” допісы з прапановамі блакавання руху транспарту, арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Быў падпісаны на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі: “Нехту” і “ОГСБ”.

Затрыманы 10 чэрвеня 2021 года.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Артур Хацько прызнаны палітычным зняволеным.

Віну ў здзейсненым прызнаў і раскайваецца. Паведаміў суду, што публікацыі былі створаны не ім, проста рабіў рэпосты.

Суддзя дапытвае:

- Якую інфармацыю вы выкладвалі, калі самі дзейнічалі?

- Калі катаўся ў метро і бачыў праваахоўныя органы.

- Фота скідвалі?

- Так, каб людзі туды не хадзілі.

- Добраахвотна, без прымусу давалі інфармацыю следству?

- Так.

 Пры вывучэнні пісьмовых матэрыялаў справы прагучала, што ў чаце “Кіроўцы 97” была дадзена інструкцыя, як блакаваць дарогі.

Сярод інкрымінаваных абвінавачанаму заклікаў былі і такія:

“Трэба ў сваіх раёнах выходзіць з крытычнай масай і толькі потым выходзіць у цэнтр, апранацца па надвор'і”;

“Не плачце ад бяссілля, хлопчык у сорак трэцім у такарнага станка не плакаў, калі б кожны зрабіў хоць бы 1 працэнт, то рэжыму крышка.”

“Калі вельмі захацець, то можна зрабіць так, што паўтэхнікі да пратэсту не даедзе”;

“Сігнал для рабочых будзе звальненне дырэктара, лепш усім разам 25-26 кастрычніка выходзіць на страйк”.

20 верасня судовае пасяджэнне працягнулася. Былі разгледжаныя рэчавыя доказы, змесціва тэлефона, падпіскі на дэструктыўныя каналы.

Высветлілася, што пад час ператрусу ў доме ў Хацько знайшлі гранату і страйкбольную зброю. На пытанне суддзі адказаў, што знайшоў у ваенным гарадку, ачысціў і пакінуў сабе ў якасці антуражу, бо займаецца страйкболам.

Пад час спрэчак пракурор казаў, што абвінавачаны віну прызнаў у поўным аб’ёме. У адкрытым доступе ў інтэрнэце размяшчаў заклікі выходзіць на вуліцу і парушаць закон у змове з неўстаноўленымі асобамі, што прывяло да масавых беспарадкаў і парушэння працы грамадскага транспарту 13, 20, 23, 27 верасня, 4, 18, 25 кастрычніка і 1 лістапада.

Матэрыяльны пазоў “Мінсктранса” склаў 237 099 руб. 99 кап.

Абвінаваўца запытаў для Хацько два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У апошнім слове Хацько папрасіў прабачэння перад тымі, каму нашкодзіў, абяцаў больш не ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах.

Жонка і маці плакалі, яны нават не думалі, што яму могуць запрасіць пазбаўленне волі, разлічвалі на “хімію”.

Суддзя Касцюкевіч вынесла прысуд  -  два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.  Тэлефон, як сродак здзяйснення злачынства канфіскаваць на карысць дзяржавы. Аўтамабіль пакінуць пад арыштам да  пагашэння пазову "Мінсктранса".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства