Мужчыну асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за каментар, які пракурор не змагла агучыць
У судзе Фрунзенскага раёна 30 сакавіка разглядалася крымінальная справа ў дачыненні да Рамана Дворкіна. Мужчыну вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.
Судзіла Ала Скуратовіч, бок дзяржабвінавачання прадстаўляла Валерыя Таратынка. Пацярпелым па справе быў прызнаны падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Кротаў.
Раман Дворкін адмовіўся ад паслуг адваката і абараняў сябе сам.
Паводле абвінавачвання, падсудны, дзейнічаючы наўмысна, пасягаючы на аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады, у перыяд часу з 20:37 да 20:48 гадзін 20 кастрычніка 2020 года знаходзячыся па месцы жыхарства, а таксама па іншых неўстаноўленых адрасах, меў намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, а менавіта, супрацоўніка органаў унутраных спраў, начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі адміністрацыі Навабеліцкага раёна горада Гомеля падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Кротава, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона размясціў у телеграм-канале, назва якога прыведзена ў пастанове, каментар да паста наступнага зместу - "змест каментара таксама прыведзена ў пастанове аб прыцягненні Рамана Дворкіна ў якасці абвінавачанага".
Валерыя Таратынка не агучыла назву телеграм-канала і змест пакінутага абвінавачаным каментара, папрасіла абвінавачанага таксама яго не называць, а напісаць на аркушы паперы, пасля дэманстравала яго пацярпеламу.
Каментар, на думку боку абвінавачвання, утрымліваў негатыўную ацэнку Кротава, меў ненарматыўную форму маўленчага выказвання, прыніжаў яго гонар і годнасць.
Гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра пост з персанальнымі дадзенымі Дзмітрыя Кротава ў тэлеграм канале, які прызнаны экстрымісцкім, наступнага зместу:
У пацярпелага трое непаўналетніх дзяцей, ён лічыць, што размяшчэнне інфармацыі пра яго і негатыўныя каментары могуць адбіцца на іх дабрабыце. Таксама Дзмітрый Кротаў лічыць, што менавіта з-за негатыўных каментароў у сацыяльных сетках людзі сталі негатыўна ставіцца да супрацоўнікаў АУС агулам.
Ён заявіў грамадзянскі пазоў аб кампенсацыі нанесенай дзеяннямі Рамана Дворкіна маральнай шкоды на суму 3000 рублёў.
Жонка пацярпелага таксама з'явілася ў судовае пасяджэнне, патлумачыла, што змест паста не адпавядае рэчаіснасці.
Раман Дворкін суду растлумачыў, што прачытаў паведамленне аб тым, што Дзмітрый Кротаў штурхнуў цяжарную жанчыну ці прычыніў нейкі намер да цяжарнай жанчыны, таму пад эмоцыямі пакінуў каментар пад постам. Сказаў, што гатовы адказваць за свае словы, менавіта таму не хаваў нумар тэлефона і сваё фота ў тэлеграме.
Разам з тым, прынёс прабачэнні пацярпеламу. Але не пагадзіўся з памерам пазоўных патрабаванняў: лічыць, што сума вельмі вялікая, улічваючы, што сам ён упершыню прыцягваецца да крымінальнай адказнасці.
Падчас спрэчак бакоў дзяржабвінаваўца запрасіла для Рамана Дворкіна два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама прасіла суд задаволіць грамадзянскі пазоў пацярпелага ў поўным аб'ёме.
Прысуд быў агучаны судом 31 сакавіка.
Ала Скуратовіч палічыла віну Рамана Дворкіна ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 369 КК, даказанай і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Таксама на працягу месяца абвінавачаны ў добраахвотным парадку павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды Дзмітрыю Кротаву ў памеры 2000 рублёў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай назіральнікаў адсочваў гэты судовы працэс