viasna on patreon

Выклікі ў СК, ціск на палітвязня Дзядка. Што вядома пра пераслед 6 сакавіка Дапоўнена

2021 2021-03-06T14:53:00+0300 2021-03-07T18:37:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/peratrus-magileu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясны" 6 сакавіка працягвае збіраць і фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Нясвіж 

У Нясвіжы быў затрыманы 73-гадовы Леанід Сакалаў за вывешаны сцяг на доме. Верагодна, у аўторак мужчыну будуць судзіць.

Брэст

У Брэсце да Аляксея Галаўко з вобшукам прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗ. Верагодна, хлопец быў раней затрыманы і, хутчэй за ўсё, дастаўлены ў Мінск, аднак дакладнае месца яго знаходжання - невядомае.

Таксама праваабаронцам "Вясны" вядома пра затрыманне Вадзіма Пусевіча ў г. Лунінец.


Палітвязня Міколу Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік

Палітвязня Міколу Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму, гвалту ў дачыненні да адміністрацыі СІЗА і захопу закладнікаў. Пра гэта паведамляецца ў яго тэлеграм-канале. 

Цяпер пры выхадзе з камеры (да лекара, на шпацыр ці ў лазню), а таксама на ранішняй і вячэрняй праверцы ў хлопца за спіной зашпільваюць рукі ў кайданкі.

Рашэнне было прынята 4 сакавіка на камісіі пад старшынствам начальніка СІЗА-1 Цэдрыка А. М., які абгрунтаваў яго тым, што Мікола нібыта арганізоўвае акцыі, якія парушаюць парадак.

Таксама паведамляецца, што палітзняволены амаль не атрымлівае лістоў. Падтрымаць Міколу Дзядка можна паштоўкамі і лістамі па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030


У Мазыры і Светлагорску людзей масава выклікаюць у Следчы камітэт па справе ПЦ «Вясна»

Як паведамляе "Палеская Вясна", следчыя спрабуюць даведацца, ці плацілі кіраўнікі філіяў у палескіх гарадах за сведкаў штрафы і дзяржпошліны пры абскарджванні рэпрэсіўных прысудаў.

Паводле атрыманай журналістамі інфармацыі, допыты праводзяць следчыя абласнога ўпраўлення СК. Яны карыстаюцца забранымі падчас ператрусаў на кватэрах і ў офісах рэгіянальных філіяў 16 лютага копіямі дакументаў па абскарджванні прысудаў паводле артыкула 23.34 КаАП. Менавіта гэтыя дакументы і з’яўляюцца падставай для выкліку людзей на допыты.

Следчыя задаюць пытанні пра тое, хто аплачваў штрафы, хто аплачваў пошліны пры абскарджванні. Яны прад’яўляюць людзям копіі квіткоў пра аплату і прымушаюць узгадваць пры якіх абставінах адбывалася аплата. У прыватнасці, у Мазыры следчыя наўпрост задаюць пытанні пра тое, што звязвае выкліканых на допыт людзей з кіраўніком Мазырскай філіі ПЦ «Вясна» Уладзімерам Целепуном. У Светлагорску падобныя пытанні задаюць адносна кіраўніцы Светлагорскай філіі Алены Маслюковай.

Акрамя таго, усіх прымушаюць даваць падпіску аб неразгалошванні, каб зрабіць так званае расследаванне максімальна закрытым. 

На вечар 5 сакавіка "Палескай Вясне" вядома як мінімум пра 6 чалавек, якіх выклікалі на допыты ў справе "Вясны" ў Мазыры, і амаль пра 10 чалавек - у Светлагорску.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства