На гомельскага актывіста Няпомняшчых узбудзілі крымінальную справу за абразу пракурора ў залі суда
Гомельскаму грамадскаму актывісту Уладзіміру Няпомняшчых прад'яўленае абвінавачванне за публічную абразу пракурора (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). 68-гадовага актывіста абвінавачваюць у абразе памочніцы пракурора Гомеля Алесі Жураўскай у зале суда. Пасля абвяшчэння прысуду 26 лістапада Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг на гомельскай плошчы, дзе Жураўская падтрымлівала дзяржабвінавачванне, актывіст сказаў: «Арганізаваная злачынная група». Уладзімір Няпомняшчых віны не прызнае і заяўляе, што гэты выраз меў дачыненне да абвешчанага крымінальнага прысуду. Актывіст змешчаны ў СІЗА Гомеля. Пра гэта паведамляе "Гомельская вясна".
23 снежня ў кватэры палітычнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі на 72 гадзіны. Але тады было вядома, што ў дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (Пагрозы ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні).
"Я нікому не пагражаў. Калі Васіленку судзілі за замену дзяржаўнага сцяга на плошчы, пасля прысуду я сказаў, што адказнасць за гэта будуць несці ўсе", – каментаваў да арышту свае словы 68-гадовы гамяльчук.
Арышт і памяшканне да суда ў СІЗА 68-гадовага мужчыну праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка называе "помстай" з боку пракуратуры, якая з'яўляецца неадэкватнай і суровай у адносінах да зробленага.
"Крымінальны кодэкс прадстаўнікоў улады вылучае ў асобную катэгорыю людзей. У выпадку абразы звычайнага чалавека ён павінен звярнуцца ў суд і абараняць сябе ў рамках грамадзянскага судаводства. Парог крытыкі чыноўнікаў вышэй – крымінальная адказнасць. Усе павінны быць роўныя перад законам, па-за залежнасці ад займаных пасад", – пракаментаваў справу актывіста Судаленка.
Санкцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне да трох гадоў абмежавання волі.
Крымінальны пераслед з пачатку выбарчай кампаніі. Спіс ад праваабаронцаў "Вясны"