viasna on patreon

Патрабуем вызвалення палітзняволенай Наталлі Хершэ і неадкладнага перагляду вынесенага ў яе дачыненні прысуду

2020 2020-12-23T18:33:34+0300 2020-12-23T20:25:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/natalya_khershe1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 23 снежня 2020

7 снежня 2020 г. суд Савецкага р-на г. Мінска, прызнаўшы вінаватай у здзяйсненнні злачынства па ч.2 арт. 363 КК Рэспублікі Беларусь (супраціў супрацоўнікі міліцыі),  прыгаварыў Наталлю Хершэ да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Згодна з прысудам Наталля Хершэ, будучы затрыманай за ўдзел у несанкцыянавай уладамі дэманстрацыі 19.09.2020 г., аказала супраціў супрацоўніку міліцыі, хапала яго за форменную вопратку, сарвала з яго галавы маску і падрапала твар, прычыніўшы такім чынам цялесныя пашкоджанні супрацоўніку МУС пры выкананні ім службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, абапіраючыся на заключэнне экспертаў і юрыстаў ПЦ “Вясна”, якія ажыццяўлялі маніторынг дадзенага судовага працэса, адзначаем наступнае:

Крымінальны пераслед Наталлі Хершэ, якая адначасова з’яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь і Швейцарыі, носіць палітычна матываваны характар з боку беларускіх уладаў і ўкладаецца ў агульныя матывы іх дзеянняў у выбарчы і поствыбарчы перыяд – умацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў.

Пры разглядзе дадзенай крымінальнай справы судом не была дадзеная ацэнка законнасці патрабаванняў і дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі па спыненні сходу грамадзян, які адбываўся ў Мінску 19 верасня 2020 г. і ў якім прымала ўдзел Наталля Хершэ

Мы мяркуем, што асуджаная наогул не здзейсніла крымінальнага правапарушэння, паколькі дзейнасць супрацоўнікаў МУС па затрыманні ўдзельнікаў мірнага сходу выходзіла за межы “выканання імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку”. Стыхійны сход 19 верасня 2020 г. у раёне вул. Сурганава і Я. Коласа ў г. Мінску насіў выключна мірны характар, па міжнародных стандартах (п. 131 Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па свабодзе мірных сходаў) ён павінен абараняцца уладамі.

У сувязі з гэтым суду неабходна было кваліфікаваць дзеянні абвінавачанай як здзейсненыя не ў сувязі з выкананнем пацярпелым функцый па ахове грамадскага парадку і ў цэлым ажыцяўлення службовай дзейнасці, а ў выпадку прычынення яму пашкоджанняў – зыходзячы з наяўнасці ўмысла на прычыненне шкоды і цяжкасці наступстваў.

Пры ацэнцы характару дзеянняў абвінавачанай у частцы прычынення пашкоджанняў пацярпеламу супрацоўніку МУС мы лічым, што яны былі учыненыя па неасцярожнасці і не з’яўляюцца злачыннымі.

Дзеянні, якія маюць прыкметы непадпарадкавання ці супраціву былі справакаваныя першпачаткова непрапарцыйным выкарыстаннем супрацоўнікамі МУС фізычнай сілы, пагрозай прымянення спецсродкаў ці зброі, пры тым, што ў дзеяннях абвінавачанай адсутнічаў умысел на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды здароўю.

Варта адзначыць, што нават пры кваліфікацыі дзеянняў Н. Хершэ ў цэлым як супраціва супрацоўніку МУС, акт зняцця з пацярпелага маскі (балаклавы) з’яўляецца асобнай дзеяй (сімвалічнага характару), скіраванай на дэананімізацыю асобаў, якія адвольна затрымліваюць удзельнікаў пратэстных акцый, прымяняюць да іх гвалт, і гэта не мае нічога агульнага з непадпарадкаваннем ці супрацівам.

Мы лічым, што пазбаўленне волі ў дачыненні да Н. Хершэ было вынесена ў выніку судовага разгляду справы, які адбываўся з парушэннямі прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва, а абраная судом мера пакарання, з улікам яго працягласці і ўмоваў пазбаўлення волі, з’яўляецца непрапарцыйнай (неадэкватнай) правапарушэнню, у якім яна была прызнаная вінаватай.

Відавочна, што менавіта ў сувязі з наяўнасцю палітычных матываў з боку ўлады, Наталля Хершэ была селектыўна пазбаўлена волі ў параўнанні з іншымі асобамі.

Беручы пад увагу ўсе гэтыя акалічнасці і кіруючыся п.3.2 (а,с,d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, мы прызнаем Наталлю Хершэ палітычнай зняволенай і ў сувязі з гэтым патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна перагледзець прысуд суда Савецкага р-на г. Мінска ад 7 снежня 2020 г., вынесены ў дачыненні да Наталлі Хершэ пры выканні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, паўплываўшых на прысуд.
  2. Вызваліць Наталлю Хершэ з-пад варты з прымяненнем іншых мер забеспячэння яўкі ў суд.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Простае таварыства "Ініцыятыва FORB";

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства