viasna on patreon

Журналістку Марыну Кастылянчанка зноў асудзілі на 15 сутак. Агулам у СІЗА яна правядзе месяц

2020 2020-11-17T20:05:17+0300 2020-12-01T15:53:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maryna_kastylyanchanka_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У аўторак, 17 лістапада, у следчым ізалятары №6 у Баранавічах, дзе цяпер таксама ўтрымліваюцца адміністрацйныя асуджаныя, на выязным судовым паседжанні асудзілі на 15 сутак арышту незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанка. У баранавіцкім ізалятары яна адбывае прысуджаныя ёй раней 15 сутак арышту па арт. 23.34 і 23.4 КаАП. Мясцовы суддзя Мікалай Кміта зноў арыштаваў журналістку па арт. 23.34 КаАП нібы за ўдзел у несанкцыянаваным шэсце 25 кастрычніка на Партызанскім праспекце. Такім чынам, пад арыштам праваабаронца агулам правядзе 30 сутак.

Марына Кастылянчанка
Незалежная журналістка і праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка. Фота: "Радыё Свабода"

Марына Кастылянчанка мусіла выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту ў суботу 14 лістапада ў 18:30. Але праз паўгадзіны чакання пад сценамі СІЗА да блізкіх журналісткі і іншых затрыманых з ёй у кавярні 30 кастрычніка выйшлі супрацоўнікі міліцыцыі і паведамілі, што яны зноў затрыманыя ў межах адміністрацыйнага працэсу і на волю сёння не выйдуць. Як распавялі баранавіцкія міліцыянты, за паўгадзіны да вызвалення Марыны і яшчэ пяці чалавек яны атрымалі рапарты ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа аб тым, што яны нібы 25 кастрычніка ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсці ў Мінску. Таму яны затрыманыя для складання пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Разам з Марынай Кастылянчкай былі затрыманыя на 72 гадзіны Аляксандр і Наталля Сінкавец, Уладзіслаў Машчук, Марыя Шаблінская, Уладзімір Ларыёнаў. Іх таксама разам затрымалі 30 кастрычніка ў кавярні Döner Kebab у Мінску пасля сустрэчы з “сутак” Аляксандра Бялова, пасля чаго іх асудзілі на 15 сутак арышту кожнага і кожную. Вядома, што пасля таго, як іх не выпусцілі ў суботу з СІЗА-6, Аляксандр Сінкавец абвясціў галадоўку ў знак нязгоды з новым пратаколам. Яго сукамернік распавёў, што ён трымаў галадоўку да суда.

Судовыя працэсы над журналісткай і яшчэ пяцю чалавекамі, якія таксама адбываюць адміністрацыйны арышт у СІЗА-6, у раскладзе суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч з’явіліся толькі ў аўторак пасля абеду. Але яны былі, па сутнасці, закрытымі: было арганізавана выязное паседжанне ў ізалятар. Праваабаронцы “Вясны” не змаглі на яго патрапіць, каб ажыццявіць маніторынг.

Ва ўсіх шасці чалавек, у тым ліку ў Марыны Кастылянчанка, у раскладзе значылася судовае разбіральніцтва справаў аб адміністрацыйнах правапарушэннях па ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Хаця яны ўжо адбывалі да 14 лістапада арышт па гэтаму артыкулу, таму, відавочна, што пратаколы на іх павінны былі быць складзены па частцы трэцяй – “дзеянні, прадугледжанныя часткай 1, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні”. Але ўсіх асудзілі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

У выніку, суддзя Мікалай Кміта на выязным судовым паседжанні асудзіў незалежную журналістку і праваабаронцу “Вясны” Марыну Кастылянчанку на 15 сутак арышту.

Таксама суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавіч асудзіў 17 лістапада Марыю Шаблінскую і Наталлю Сінкавец на 10 сутак арышту, а Уладзіслава Машчука, Уладзіміра Ларыёнава і Аляксандра Сінкаўца – на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Іх усіх абвінавацілі ў тым, што яны нібы прымалі ўдзел у несанкцыянаваным Маршы на Партызанскім праспекце, 75 у колькасці 20-30 чалавек. Уладзіслаў абвясціў галадоўку ў знак нязгоды з вынесеным рашэннем суда.

Вядома, што на судовых працэсах Наталлі і Аляксандра Сінкавец у ізалятары прысутнічаў супрацоўнік ГУБАЗіКа. 

Заўтра, 18 лістапада, у 14:30 ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі журналісткі на пастанову суда Заводскага раёна ад 2 лістапада, якой яна была асуджана на 15 сутак арышту.

Нагадаем, праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак. Праваабаронца цалкам не прызнала віну і назвала абвінавачванні абсалютнай выдумкай.

Заклікаем падтрымаць лістамі і паштоўкамі салідарнасці праваабаронцу "Вясны":

СІЗА-6, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць, вул. Брэсцкая, 253В, 225413

Марыне Аляксандраўне Кастылянчанка

Патрабуем неадкладанага вызвалення сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Касталянчанкі

Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з арыштам сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Касталянчанкі і затрыманнем валанцёра ПЦ “Вясна” Аляксандра Паплаўскага

Front Line Defenders заклікае ўлады Беларусі вызваліць журналістку і праваабаронцу Марыну Кастылянчанка

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders заклікала ўлады Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць незалежную журналістку і праваабаронцу "Вясны" Марыну Кастылянчанка, а таксама зняць усе абвінавачванні, выдвінутыя ў дачыненні да яе і затрыманага ў судзе валанцёра "Вясны" Аляксандра Паплаўскага, паколькі яны выкліканыя выключна іх законнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства