viasna on patreon

Свежую прэсу, дасланую ў СІЗА Паўлу Севярынцу, вярнулі назад. Разбіраемся чаму

2020 2020-10-15T09:50:16+0300 2020-10-15T10:25:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/photo_2020-10-09_13-49-13.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пошта вярнула капэрту з некалькімі асобнікамі газет “Новы” час” і “Літаратура і мастацтва”, якія былі адпраўленыя палітвязню Паўлю Севярынцу ў следчы ізалятар №1 Мінска.

Пры вяртанні карэспандэнцыі, апроч звыклай налепкі “Паступіла ў пашкоджаным выглядзе” на фота добра бачная і іншая:

“Газеты, журналы, красворды дазволеныя толькі па падпісцы праз паштовыя аддзяленні (арт 89 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ, арт. 19 Закона РБ, які рэгулюе парадак і ўмовы ўтрымання пад вартай)”.

Артыкул 89 КВК “Набыццё і захоўванне асуджанымі да пазбаўлення волі літаратуры і пісьмовых прылад” тычыцца тых асоб, якія ўжо адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі і, заўважце, прамой забароны на перасылку газет асуджаным не мае.

 “Асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць у пасылках, перадачах, бандэролях і дробных пакетах пісьмовыя прыналежнасці, набываць праз гандлёвую сетку літаратуру, а таксама без абмежавання падпісвацца на газеты і часопісы за кошт уласных сродкаў звыш сум, устаноўленых для расходавання на прадукты харчавання і прадметы першай неабходнасці”, - указваецца ў частцы першай артыкула.

А ў сітуацыі, калі чалавек знаходзіцца пад вартаю, дзейнічае іншая норма, якая рэгламентаваная Законам РБ “Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай”. Артыкул 19 “Самаадукацыя і карыстанне літаратурай і выданнямі перыядычнага друку” гучыць наступным чынам:

“У мэтах самаадукацыі асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, маюць права карыстацца літаратурай і выданнямі перыядычнага друку з бібліятэкі месца ўтрымання пад вартай або набытымі праз адміністрацыю месца ўтрымання пад вартай у гандлёвай сетцы, падпісвацца на газеты, часопісы і атрымліваць іх.”

Пра забарону перасылаць газеты поштай гаворкі і тут не йдзе. На жаль, у Беларусі дзейнічае прынцып: "Тое, пра што не напісана – забаронена”.

Такая няпоўная фармулёўка закону дазваляе кіраўніцтву следчых ізалятараў вырашаць пытанне па сваім меркаванні: часам газеты, якія прыходзяць у капэртах, перадаюць зняволеным, часам не прымаюць нават бяскрыўдныя сканворды.

Застаецца адзіны надзейны варыянт: аформіць падпіску на любое незабароненае перыядычнае выданне і тады праблем з атрыманнем свежай прэсы ўзнікаць не будзе. Для гэтага на пошце трэба пазначыць  імя і прозвішча зняволенага, адрас СІЗА і газеты, на якія вы хочаце падпісаць чалавека, які ўтрымліваецца пад вартай.

Але і тут ёсць свае падводныя камяні: каб атрымліваць такім чынам перыядычнае выданне –  неабходна мець на руках квітанцыю аб падпісцы на сваё імя.

Яе могуць пераслаць сваякі ці знаёмыя з волі. Толькі не факт, што квітанцыя знойдзе свайго адрасата. У апошні час здараецца, што такія квітанцыі дзіўным чынам "губляюцца".

Падпішы палітвязня на добры часопіс альбо газету!

Каталог 2020. Друкаваныя СМІ. Рэспубліка Беларусь, другое паўгоддзе

 Прозвішчы і адрасы палітвязняў можна знайсці на сайце Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства