У Ляхавічах судзяць як у сталінскія часы – “тройкамі”: суддзя, міліцыянт і сакратарка
Жыхар Ляхавіч Анатоль Кулік амаль штодня выходзіць у цэнтр горада разам з аднадумцамі, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю наконт масавых рэпрэсій, якія больш за два месяцы працягваюцца ў Беларусі. У інтэрвію праваабаронцам ён распавядае аб тым, як праходзяць пратэсты ў невялікім палескім райцэнтры на Берасцейшчыне, пра стаўленне супрацоўнікаў міліцыі да мітынгоўцаў і пра спецыфіку судоў над затрыманымі ўдзельнікамі акцый.
– Ну што такое Ляхавічы? Невялікі раённы цэнтр, якім усяго крыху больш за 10 000 насельніцтва. Але ўявіце, што больш за два месяцы мы стаім, выходзім амаль кожны дзень, а па нядзелях падтрымліваем усе маршы. У нас перад цэнтральнай плошчай ёсць скверык з фантанам, дзе мы і збіраемся. У жніўні прыходзіла па 200, па 250 чалавек. А на адным з нядзельных маршаў увогуле сабралася 920 чалавек. І гэта на 10 тысяч насельніцтва, – распавядае Анатоль.
Ён прызнаецца, што з часам стала меней народу збірацца ў цэнтры, маўляў, людзі ж розныя бываюць, нехта больш радыкальны, а хтосці проста стаміўся выходзіць.
Анатоль таксама распавёў пра стасункі мясцовай міліцыі з удзельнікамі мірных акцый пратэсту.
– Пачынаючы з 9 жніўня мы думалі, што міліцыя за нас, бо яны практычна нікога не чапалі. Ні сцягі, ні транспаранты іх не хвалявалі. Але потым у райаддзеле міліцыі змяніўся начальнік, да нас прыслалі баранавіцкага. Ён агледзеўся, праехаўся па горадзе і здзівіўся, што тут яшчэ збіраюцца людзі і стаяць. А чаму яны не сядзяць? І ад гэтага моманту пачаліся рэпрэсіі. Пачалося з выклікаў на прафілактычныя гутаркі, то з адным пагутараць, то з другім, маўляў, навошта гэта вам трэба, у нас жа спакойна ўсё, стабільна… Але ж якая тут стабільнасць? Хіба што ў рэпрэсіях…
Затым, па словах Анатоля пачаліся і затрыманні. За час пасля абвяшчэння вынікаў выбараў адміністрацыйны пераслед зазналі 13 жыхароў Ляхавіч. Даюць і штрафы, і арышты.
– Як на мой погляд, нашыя міліцыянеры пачалі азірацца на Мінск, браць прыклад са сталічных: пачалі выхопліваць па аднаму, па двух… і затрымліваць. Праўда ў нас пакуль яшчэ не б’юць людзей, як у Мінску, ніводнага яшчэ не пабілі. Хаця ў адзін вечар мы ўжо далі ім невялікі адпор. Проста не аддалі ім свайго чалавека, якога хацелі гвалтам забраць.
Анатоль таксама не пазбег адміністрацыйнага пераследу. Яго супрацоўнікі міліцыі вылавілі перад выходнымі 25 верасня і склалі пратакол правапарушэння, яшчэ за нядзельны марш 6 верасня.
– Тых каго затрымліваюць на акцыях, у нас судзяць не ў судзе, а проста ў аддзеле міліцыі, каб і сведак не было ніякіх. Судзяць як у сталінскія часы – “тройкамі”: суддзя, міліцыянт і сакратарка. У актывым залі міліцыі, за зачыненымі дзвярыма. Прычым, суддзю не цікавяць ніякія тлумачэнні, не высвятляюцца абставіны, сведкі. Складваецца ўражанне, што яны судзяць адмыслова па нейкай інструкцыі. Вось і мне такім чынам у панядзелак далі 8 сутак арышту ў плечы і пайшоў, – распавядае Кулік.
Анатоль кажа пра тое, што ў Ляхавічах зараз свая стабільная суполка, гэта 30-40 чалавек, якія часта збіраюцца, абмяркоўваюць усе падзеі, бо хочуць каб людзі бачылі, што народны пратэст не здуўся, што Ляхавічы салідарныя і з Мінскам, і з Брэстам. А яшчэ ён мае надзею, каб людзі з невялікіх гарадоў змаглі аб’ядноўвацца, праводзіць акцыі разам і падтрымліваць адзін аднога.