10 сутак арышту салігорскаму праваабаронцу Леаніду Мархотку. За што - невядома
Адміністрацыйную справу правабаронцы БХК Леаніда Мархоткі разгледзеў 9 кастрычніка суд Салігорска. Судовае паседжанне адбывалася па скайпе, таму на суд не змаглі патрапіць сваякі праваабаронцы.
Вядома толькі, што Мархотку прысудзілі адміністрацыйны арышт на 10 сутак.
Нагадаем, праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Леанід Мархотка быў затрыманы ў Салігорску 6 кастрычніка.
Як паведамілі «Вясне» сваякі затрыманага, Мархотка ў аўторак вечарам ехаў на ровары. Яго спынілі і разам з роварам забралі ў аўтамабіль.
Толькі на другі дзень стала вядома, што Леанід утрымліваецца ў ізалятары да суда.
Сваякам дзяжурны супрацоўнік міліцыі паведаміў толькі тое, што на праваабаронцу заведзеная адміністрацыйная справа і яго да суда могуць утрымліваць пад вартай 72 гадзіны.
Ім удалося перадаць Леаніду цёплую вопратку і неабходныя лекі.