Дуброўна: У актывісткі канфіскавалі тэхніку, мужа падазраюць у абразе міліцыянта
Некалькі супрацоўнікаў міліцыі з панятымі прыйшлі ў дом актывісткі Наталлі Стрэльчанка, у якім яна жыве разам з непаўнагадовымі дзецьмі. З санкцыі пракурора гораду Берасця міліцыя правяла агляд памяшканняў, у выніку якога ў актывісткі канфіскавалі смартфон, два старыя мабільнікі і жорсткі дыск кампутара. У Наталлі пад пагрозамі ўзялі адбіткі пальцаў.
Як расказала "Віцебскай Вясне" Наталля Стрэльчанка, ёй ніякіх дакументаў не прад’яўлялі. Яна ўжо напісала скаргу ў пракуратуру.
Паводле Наталлі, падставай для завядзення справы паслужыў выяўлены міліцыянтамі пост у сацыяльных сетках, які нібыта апублікаваў яе муж Віктар Бугаёў. На думку супрацоўнікаў МУС, Бугаёў у сваёй публікацыі абразіў старшага інспэктара аддзелу аховы правапарадку гораду Берасця капітана міліцыі Андрэя Фесюка. Месцам злачынства значыцца дом дубровенскай актывісткі, дзе прапісаны яе муж.
Пры гэтым сам Віктар Бугаёў ужо больш за тры гады жыве ў адной з эўрапейскіх краін, куды з'ехаў, ратуючыся ад пераследу ўладаў. У Беларусь ён не прыяжджаў, а значыцца, ніяк ня мог пісаць у сацыяльных сетках з дамашняга кампутара ў Дуброўне, мяркуе жонка.
Пра гэта жанчына і паведаміла ў сваёй скарзе на імя пракурора Віцебскай вобласці. Сцвярджае, што канфіскаваныя рэчы не належаць мужу.
На думку Наталлі Стрэльчанка, усе гэтыя «мерапрыемствы» накіраваныя на тое, каб яе запалохаць.
«Гэта з'яўляецца спосабам аказання ціску на мяне асабіста, бо пасля правядзення агляду я была дастаўленая ў Дубровенскі РАУС, дзе начальнік і яго намеснік правялі са мной прафілактычную гутарку аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях. Пры гэтым мне заявілі, што ў дачыненні да мяне праводзіцца крымінальна-працэсуальная праверка», – расказала Наталля.
У Дубровенскім РАУС ёй паставілі ўмовы: калі яна адмовіцца праходзіць дактыласкапію – яе штодня будуць прывозіць у аддзяленне і ўтрымліваць тры гадзіны, пакуль не пагодзіцца. Пад пагрозамі, жанчыне давялося здаць адбіткі пальцаў.
Наталля Стрэльчанка і яе муж Віктар Бугаёў – актывісты партыі «Народная Грамада». На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Наталля вылучала сваю кандыдатуру ў спісе «кандыдатаў пратэсту», але яе ініцыятыўная група не была зарэгістраваная. Віктар Бугаёў вядзе ў сацыяльных сетках блог «Усе аб Дуброўне», у якім крытыкуе мясцовую ўладу і чыноўнікаў. За сваю актыўнасць пераследаваўся ўладамі і быў вымушаны з'ехаць з краіны.