viasna on patreon

"Паглядзеўшы пашпарт, біць мяне сталі менш". Сведчаць пацярпелыя Аўдыё

2020 2020-09-21T14:18:56+0300 2020-09-21T15:29:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/petr_kiryk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да людзей, што пацярпелі ў выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Менчука Пятра Кірыка затрымалі 12 жніўня, каля 23.15, калі ён выходзіў з сябрам з аўтобуса (паміж станцыямі метро Малінаўка і Пятроўшчына). Хлопцу было 16 гадоў (цяпер яму споўнілася 17), аднак гэта не спыніла АМАП ва ўжыванні да яго сілы.

Пётр Кірык
Пётр Кірык

"Да нас падышлі два чалавекі ў масках — у цывільным, — распавёў Пётр Кірык. — Сказалі падысці да іх. Я зрабіў крок у іх бок — і мяне схапілі за руку. Спалохаўшыся, я выхапіў сваю руку і прабег некалькі дзясяткаў метраў. Але ён сказаў: "Стой, страляць буду!". Я спыніўся. Ён падбег, заламаў мне рукі за спіну і павёў у бок сіняга мікраўтбуса, які стаяў у двары. Мяне нагнулі на калені і зрабілі некалькі ўдараў дубінкай. Кінулі на зямлю. Я сядзеў на зямлі, мяне некалькі разоў ударылі дубінкай па многіх частках цела: спіна, ногі і бёдры. Затым паставілі тварам да борціка мікрааўтобуса і дагледзелі. Дасталі мабільны тэлефон і запатрабавалі пароль. Я сказаў, што забыўся. Пасля гэтага прыляцеў ўдар дубінкай па руцэ".

У Пятра патрабавалі пароль некалькі разоў. І пасля кожнага адказу аб тым, што ён яго не памятае, хлопца білі дубінкай.

Затым Пятра жорстка ўзялі за валасы і пасадзілі ў мікрааўтобус на калені, прыхінулі галавой да шкла, а рукі за спіной зацягнулі сцяжкамі. Ад супрацоўнікаў пастаянна чуліся абразы:

"Прылятала, што мы жывёлы, жывёліны, майданутыя... Мне і майму сябру пасвяцілі ў твар ліхтарыкам і сказалі, што мы наркаманы і сядзем надоўга. Сказаў, што зрэнкі шырокія, потым сказаў, што вузкія-маўляў, ты наркаман. Білі ў мікрааўтобусе па ягадзіцах, па нагах, па спіне дубінкай".

Пётр памятае, што супрацоўнікі паміж сабой перагаворваліся: "выключы ліхтарык, зачыні шторы, інакш нас ўбачаць з [суседняга] дома".

Хлопец адразу паведаміў супрацоўнікам, што яму 16 гадоў, але тыя яму адказалі: "няма чаго ў такім узросце гуляць так позна". Нарэшце, ужо ў мікрааўтобусе ў яго папрасілі дакументы.

"Паглядзеўшы пашпарт, біць мяне сталі менш — толькі па ягадзіцах і нагах. Потым — толькі па ягадзіцах, а астатніх, бо яны паўналетнія — па ўсім".

Ад нерухомага сядзення на падлозе мікрааўтобуса ў Пятра здарыліся сутаргі абедзвюх ног. Ён папрасіў у супрацоўнікаў змяніць позу. У адказ атрымаў адмову: "інакш мы цябе ізаб'ём".

Праз некаторы час прыехаў аўтазак — і ўсім затрыманым скамандавалі ўстаць.

"Я не мог устаць, зацяклі ногі, — працягвае свой аповяд Пётр. — Але мяне ўдарылі дубінкай, сказалі ўстаць хутка. Мяне перадалі дужаму амапаўцу ў чорнай форме - ён павёў мяне да аўтазака. Ударылі ад пяць разоў дакладна па ўнутранай частцы нагі".

Пятра і іншых затрыманых адвезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

"Яны перагаварыліся паміж сабой і сказалі закінуць да самых неадэкватных людзей. І павялі нас на 4-ы паверх, у актавую залу. Там сядзелі прадстаўнікі органаў улады. Наколькі я разумею, міліцыя, супрацоўнікі АМАПу. Яны перагаворваліся паміж сабою, жартавалі і білі дубінкамі людзей, якія ляжалі на зямлі. Мне таксама загадалі легчы на падлогу, ногі крыж на крыж. Ляжалі мы так хвілін сорак".

Пасля гэтага Пятра вывелі ў іншае памяшканне, дзе былі, як мяркуецца, супрацоўнікі РУУС. Яны пыталіся ў Пятра, хто ён такі, дзе працуюць яго бацькі, а адказы здымалі на відэа.

Пра тое, што ён знаходзіўся менавіта ў Маскоўскім РУУС, Пётр даведаўся толькі пасля таго, як яго аддалі бацькам.

Маці Пятра Маргарыта Кірык распавяла, што ёй патэлефанавала невядомая жанчына і паведаміла аб тым, дзе ёй варта забраць сына. Прыехаўшы пад сцены Маскоўскага РУУС, Маргарыта чакала сына каля дзвюх з паловай гадзін, пакуль не выйшаў нейкі супрацоўнік. Яго Маргарыта не змагла разгледзець, бо было вельмі цёмна.

"Ён сказаў, што Пётр вельмі даросла выглядае. І ў наступны раз (калі яго затрымаюць) ён атрымае па поўнай", —  падзялілася ўспамінамі Маргарыта.

З РУУС Пётр выйшаў прыкладна ў 3.30 13 жніўня.

Пётр и Маргарыта Кірык
Пётр и Маргарыта Кірык

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Паламалі рэбры і прызналі вінаватым. Сведчаць пацярпелыя

Андрэй Казановіч быў затрыманы амапаўцамі ўвечары 10 жніўня ў Мінску. Ён не трапіў на Акрэсціна і нават не паспеў падпісаць пратакол у РУУСе, куды яго прывезлі — бо пасля збіцця страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў бальніцу. Але ж гэта не перашкодзіла прыцягнуць Казановіча да адказнасці па ч.1 арт. 23.34 КаАП.

https://spring96.org/be/news/99387

23-гадовы Ігар Квятко быў затрыманы 11 жніўня наўпрост ў машыне таксі. Пра тое, што адбывалася далей, мінчанін распавёў «Вясне». Падчас свайго інтэрв'ю Ігар не мог сядзець з-за атрыманых траўмаў.

Светашумавая граната пазбавіла ступні. Сведчаць пацярпелыя

33-гадовы Георгій Сайкоўскі 10 жніўня ішоў дамоў на Пушкінскую, але ягоны шлях праходзіў праз месца разгону пратэстаў. Ужо ў сваім раёне, калі да хаты заставалася амаль пяць хвілін ходу, ў ягоны бок прыляцела светашумавая граната. Яго зачапіла аскепкам. Хлопца ратавалі выпадковыя сведкі, спынілі машыну, каб адвезці ў лякарню.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства