viasna on patreon

Дэпутаты з Літвы, Нідэрландаў і Швейцарыі падтрымалі беларускіх палітвязняў

2020 2020-09-11T14:12:59+0300 2020-09-11T17:58:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/westandbyyou-396x280.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, яшчэ тры дэпутаты з Еўропы сталі “хроснымі” палітвязняў у Беларусі. Пятрас Аўстравічус (Еўрапейскі парламент, Літва), Тынеке Стрык (Еўрапейскі парламент, Нідэрланды) і Фабіян Маліна (Нацыянальная рада, Швейцарыя) патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення Віктара Бабарыкі, Аляксандра Арановіча і Аляксандра Францкевіча.

petras-austriaviius-westandbyyou.jpg
Дэпутат Еўрапарламента і пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўстравічус

Дэпутат Еўрапарламента і пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўстравічус стаў “хросным” Віктара Бабарыкі. Ён заяўляе:

"Віктар Бабарыка з'яўляецца палітычнай ахвярай дыктатуры Лукашэнкі. Яму не дазволілі рэалізаваць свае палітычныя правы і прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Замест гэтага ён быў незаконна зняволены. Я заклікаю неадкладна і безумоўна вызваліць Віктара Бабарыку".

tinekestrik-westandbyyou.jpg
Дэпутатка Еўрапейскага парламента ад Нідэрландаў Тынеке Стрык

Дэпутатка Еўрапейскага парламента ад Нідэрландаў Тынеке Стрык зрабіла наступную заяву з нагоды прыняцця ёй статусу “хроснай” палітзняволенага Аляксандра Арановіча:

“Ніводны чалавек не мусіць быць зняволены па палітычных матывах. Таму я стала “хроснай” Аляксандра Арановіча, заклікаючы беларускія ўлады да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх палітвязняў. Я заклікаю прэзідэнта Лукашэнку паважаць права на самавызначэнне беларускага народа і як мага хутчэй арганізаваць новыя, свабодныя і сумленныя выбары”.

fabian-molina-westandbyyou.jpg
Сябра Нацыянальнай рады Швейцарыі Фабіян Маліна

Сябра Нацыянальнай рады Швейцарыі Фабіян Маліна падтрымаў Аляксандра Францкевіча. Ён заявіў:

“Імя Аляксандр Францкевіч азначае супраціў. Ён выступае за супраціў дыктатуры ў Беларусі і барацьбу за свабоду, дэмакратыю, салідарнасць і справядлівасць. Аляксандра ўжо некалькі разоў арыштоўвалі за выхад на вуліцу супраць беларускага дыктатара Лукашэнкі і за барацьбу за асноўныя правы. Зусім нядаўна Аляксандр быў арыштаваны падчас мірных дэманстрацый супраць фальсіфікацыі выбараў Лукашэнкам. Па гэтай прычыне, як сябра Нацыянальнай рады Швейцарыі, я бяру на сябе абавязак “хроснага” ў адносінах да вязня Аляксандра Францкевіча і патрабую яго неадкладнага вызвалення. Прэзідэнт Лукашэнка штодня парушае дэмакратычныя каштоўнасці і асноўныя правы чалавека. Гэтаму трэба супрацьстаяць, бо правы чалавека — не прадмет гандлю!”

Віцэ-спікерка Бундэстага Германіі Клаўдзія Рот стала “хроснай” Марыі Калеснікавай

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, віцэ-спікерка Бундэстага Германіі Клаўдзія Рот стала “хроснай” Марыі Калеснікавай.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства