Віцэ-спікерка Бундэстага Германіі Клаўдзія Рот стала “хроснай” Марыі Калеснікавай
У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, віцэ-спікерка Бундэстага Германіі Клаўдзія Рот стала “хроснай” Марыі Калеснікавай.
“Марыя Калеснікава — гэта аблічча дэмакратычнага руху ў Беларусі. Мая вялікая салідарнасць з ёй, яе трэба ўмацоўваць і абараняць. Таму, як віцэ-спікерка Бундэстага Германіі, я бяру на сябе абавязак быць “хроснай” вязня Марыі Калеснікавай. Нядобрасумленныя дзеянні беларускіх уладаў супраць апошняй лідаркі дэмакратычнага руху ў краіне выяўляюць нядобрасумленнасць дыктатара Лукашэнкі. Ён павінен неадкладна патлумачыць стан і месцазнаходжанне Марыі Калеснікавай. Хітрасць многіх дыктатараў, якія прымушаюць нязгодных прадстаўнікоў апазіцыі замаўчаць пры дапамозе бандыцкіх атрадаў або незаконных метадаў, тут не спрацуе. Наша задача — паказаць Лукашэнку, што мы ўважліва сочым [за ім] і не стрываем моўчкі ягоныя бесчалавечныя дзеянні супраць уласнага народа”.
Дэпутаты Бундэстага сталі “хроснымі” Эдуарда Бабарыкі, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
У межах кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў заяўляюць пра гатоўнасць стаць “хроснымі бацькамі” палітвязняў у Беларусі і дамагацца іх вызвалення.