БАЖ заклікае МЗС выдаць акрэдытацыі замежным журналістам і выконваць заканадаўства
Заява ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" аб неразглядзе МЗС Рэспублікі Беларусь заявак на акрэдытацыю журналістаў замежных СМІ
У цяперашні час ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" вядома пра 25 выпадкаў, калі журналісты розных замежных СМІ накіравалі ў МЗС Рэспублікі Беларусь заяўку на атрыманне часовай акрэдытацыі для працы ў краіне, але па сканчэнні ўстаноўленага 20-дзённага тэрміну на разгляд так і не атрымалі адказу.
У выніку гэтага замежныя журналісты дадзеных СМІ пакуль не могуць прыбыць у Беларусь для працы. Многія з іх раней ужо асвятлялі падзеі ў нашай краіне, атрымлівалі акрэдытацыю МЗС. Названыя парушэнні супярэчаць не толькі нацыянальнаму заканадаўству нашай краіны, але і парушаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у рамках міжнародных арганізацый.
Палажэнне аб парадку акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь журналістаў замежных СМІ, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 2015 ад 25.12.2008 прадугледжвае, што зварот аб атрыманні журналістам замежнага СМІ пастаяннай акрэдытацыі разглядаецца камісіяй па пытаннях акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў у двухмесячны тэрмін з дня атрымання адпаведнага звароту, а часовай акрэдытацыі - не пазней за 20 дзён з дня атрымання адпаведнага звароту.
Аналагічныя нормы ўтрымліваюцца і ў п. 14.8 і 14.9 Адзінага пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 156 ад 17.02.2012.
У рамках АБСЕ Рэспубліка Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы спрыяць далейшаму пашырэнню супрацоўніцтва паміж СМІ і іх прадстаўнікамі, асабліва паміж рэдакцыямі агенцтваў друку, газет, радыё і тэлевізійных арганізацый, а таксама кінакампаній.
Наша дзяржава, як і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, прыняла на сябе абавязацельствы ў тым, што яны будуць спрыяць паездкам журналістаў з іншых дзяржаў-удзельніц па сваёй тэрыторыі, у прыватнасці, прымаючы канкрэтныя меры, дзе гэта неабходна, каб прадастаўляць ім больш шырокія магчымасці для паездак.
Неразгляд ва ўстаноўленыя тэрміны заявак журналістаў замежных СМІ ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ва ўмовах, калі за выбарамі не будзе назірання БДІПЧ АБСЕ, ПАСЕ і іншых прызнаных міжнародных арганізацый, а таксама істотнага абмежавання магчымасцяў нацыянальных назіральнікаў, сведчыць аб адмове ўладаў ад правядзення выбараў адкрыта і галосна, як гэта замацавана ў арт.65 Канстытуцыі і арт. 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
З улікам выкладзенага, ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" заклікае Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь:
- у максімальна кароткія тэрміны разгледзець усе паступіўшыя звароты аб атрыманні журналістамі замежных СМІ акрэдытацыі і задаволіць іх;
- спыніць практыку неразгляду зваротаў журналістаў замежных СМІ;
- у сваёй дзейнасці выконваць нацыянальнае заканадаўства і міжнародныя абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды слова і права на інфармацыю.