viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: Адказвайце смела

2020 2020-07-30T16:20:31+0300 2020-07-30T16:20:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ruus_zatrymanyia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманыя стаяць каля сцяны. Фота з сайта "БелГазеты"

Затрыманыя стаяць каля сцяны. Фота з сайта "БелГазеты"

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў сваім блогу "Слова аб праве" ў "БелГазеце" апісвае, як праходзіць адміністрацыйны працэс у дачыненні да затрыманых на мірных акцыях і што рабіць, каб зберагчы сябе ад міліцэйскага самавольства. 

Нешта стала небяспечна гуляць па горадзе, кажуць мне знаёмыя. Так, не без таго. Асабліва небяспечна тым, хто нядаўна ступіў на зыбкую сцежку актывізму (асабліва палітычнага) і са здзіўленнем даведаўся, што вось тыя "хлопцы ў чорным" на самой справе - гэта зусім не хлопцы і не сябры чалавека, а тыя, хто, карыстаючыся абаронай мундзіра, можа беспакарана збіць любога, хто стане на шляху. Ці нават дагнаць таго, хто ўцячэ з шляху, і таксама збіць. Яшчэ там ёсць мярзотнікі, якія нахабна хлусяць у судах - іх з дзяцінства не навучылі, што хлусіць дрэнна, а цяпер ужо позна, ды і няма каму.

Не трэба ілюзій і казак пра тое, што яны вас у глыбіні душы любяць, а працу - не. Усё зусім наадварот: пакуль вы ўкалываеце на сваіх айцішачных галерах, ганяеце па горадзе з таварам сваёй або чужой (як пашанцавала) інтэрнэт-крамы і думаеце, як прадаць каву ў кардонным стаканчыку або ў тэрмін даставіць піцу, яны набіраюцца сілаў, ільготных крэдытаў і ўпэўненасці ў сваёй перавазе. І неразумна вы думаеце, калі лічыце іх удзячнымі за вашыя шчодрыя і не вельмі падаткі, якімі аплачваюцца іх зарплаты, кватэры ў панэльках і не толькі.

Гэта я ўсё да таго, што, збіраючыся пагуляць у гэты неспакойны час, вырашыце для сябе, ці варта яно таго. А калі вырашылі, што так - то дык смела і адказвайце потым у судзе: карыстаўся сваім канстытуцыйным правам на мірнае выказванне меркаванняў і свабодай масавых мерапрыемстваў, якія не парушаюць грамадскі парадак.

У гэтыя дні кожны другі пытаецца: як засцерагчыся ад самавольства і што рабіць, калі не атрымалася? Ды не, уласна, ніякіх універсальных ідэй. У дні падвышанай актыўнасці ўсе механізмы прымусу пачынаюць працаваць у канвеерным рэжыме, і спадзявацца на захаванне правоў, якія ўлады нярэдка ігнаруюць і ў лепшыя часы, зусім наіўна. Што вам толку з таго, што Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП, калі коратка) прадугледжвае ваша права на званок родным на працягу трох гадзін з моманту затрымання з паведамленнем аб вашым гаротным лёсе, калі вы гадзіну пасля ўзяцця ў палон ездзіце ў амапаўскім або трафейным, захопленым у народнай адукацыі "хлопцамі ў чорным", школьным аўтобусе, а потым пяць гадзін стаіце каля сцяны ў двары РУУС, лічачы зоркі, калі пашанцуе з надвор'ем?

Таму прапанова простая: накіроўваючыся на шпацыр, паведаміце родным і блізкім аб планах і прапануеце пачаць турбавацца за вас у гадзіну Х. Да пагалоўных затрыманняў пакіньце небяспечнае месца, калі не планавалі сустрэчу з рэпрэсіямі на гэты дзень ці вечар. Калі не пашанцавала і вас затрымліваюць - паспрабуйце паведаміць свае дадзеныя навакольным; ёсць шанец, што ваша імя з'явіцца ў спісах затрыманых, напрыклад, на сайце spring96.org. Там жа, дарэчы, можаце пашукаць дадзеныя сваіх блізкіх, схільных да шпацыраў у цэнтры горада і не вярнуўшыхся без прычын у прызначаны тэрмін.

Паколькі прыстойных і спагадлівых людзей у міліцыі крытычна не хапае, не турбуйцеся, калі ва ўсіх райаддзелах унутраных спраў горада дзяжурныя стануць запэўніваць вас, што ў іх РУУС затрыманых не прывозілі: гэта не азначае, што ваш згубленец абавязкова ў бальніцы ці яшчэ дзе горай. Вам проста зманілі: ніякія перажыванні родных не крануць суровае сэрца чалавека ў пагонах, якому начальнікі сказалі маўчаць і не прыцягваць натоўпы наведвальнікаў у "дзяжурку". А ёсць яшчэ такі варыянт: дзяжурны ведае, што паўсотні небаракаў мерзнуць ў двары, але хто з іх той самы, патрэбны вам?

Ёсць яшчэ такое права, аб якім ведаюць усе, але могуць рэалізаваць нямногія: права на адваката. У тэорыі адвакат павінен быць дапушчаны да справы і да затрыманага адразу пасля затрымання, але на практыцы ўбачыць свайго кліента не так хутка, як хацелася б яму і падабароннаму. Спачатку затрыманаму трэба было б выбраць сабе адваката, потым адвакату трэба даць ведаць пра сваю бяду, заключыць з ім дамову.

Стоп, а як сабе выбраць адваката, стоячы без тэлефона ўсё там жа, каля сцяны РУУС, і як потым адвакат прабярэцца да вас, калі аб вашым затрыманні можа нават не ведаць дзяжурны на ўваходзе ў РУУС? І гэта я ўсё пра таго добрага адваката, які не запатрабуе ад вас перадаплаты ў касу кансультацыі, якая адкрыецца ў 9.00 наступнай раніцы. Таму такая опцыя спрацоўвае, толькі калі вашы блізкія забяспечылі вам гэтыя магчымасці з волі, дзе ёсць тэлефон, грошы і інтэрнэт.

Ёсць яшчэ шмат розных працэсуальных правоў - іх у тэорыі павінен растлумачыць афіцэр, які будзе складаць пратакол ці браць тлумачэнне. Папярэдне ў парадку самаразвіцця іх можна вывучыць па запыце "Правы і абавязкі асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс". Асноўныя з іх:

  • ведаць, здзяйсненне якога адміністратыўнага правапарушэння ставіцца ў віну;
  • даваць тлумачэнні ці адмовіцца ад дачы тлумачэнняў;
  • пярэчыць супраць дзеянняў суддзі (калі да гэтага дойдзе справа), службовай асобы міліцыі і патрабаваць унясення сваіх пярэчанняў у пратакол пра адміністратыўнае правапарушэнне ці ў пратакол працэсуальнага дзеяння;
  • знаёміцца з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама матэрыяламі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні пасля заканчэння падрыхтоўкі яе да разгляду.

Нарэшце - удзельнічаць у разглядзе сваёй справы аб адміністрацыйным правапарушэнні, калі і да гэтага дойдзе.

Сумная навіна - гэтага разгляду можна на працягу трох сутак чакаць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) або ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

Потым будзе вызваленне са штрафам або без, альбо працяг "адпачынку" ў ЦІП або ІЧУ - вырашыць гэта суд. Яго рашэнне можна абскардзіць на працягу пяці дзён (арышт) ці дзесяці (штраф ці папярэджанне). Праўда, за гэта прыйдзецца заплаціць дзяржпошліну, яны розныя і залежаць ад выгляду і памеру накладзеных спагнанняў.

Дарэчы "адпачынак" У ЦІП і ІЧУ бясплатныя, а вось мясцовае харчаванне - не. 13 рублёў 50 капеек за суткі. Заплаціць лепш, не зацягваючы і не чакаючы выканаўчага надпісу натарыуса (таксама платнага).

sapelko_mini3.png

Павел Сапелка

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна". Эксперт і аналітык, каардынатар розных праграм, накіраваных на абарону правоў чалавека.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства