viasna on patreon

Справаздача па маніторынгу агітацыйнага пікету ў Мінску 18 ліпеня

2020 2020-07-20T09:47:27+0300 2020-07-20T09:51:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/signal-2020-07-19-200303_004.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

18 ліпеня ў Мінску ў Парку Дружбы народаў адбыўся агітацыйны пікет кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Андрэя Дзмітрыева.

Высновы

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. На працягу міранага сходу была магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, але прысутнічалі і супрацоўнікі ў цывільным адзенні, без ідэнтыфікацыйных знакаў.
  3. Сход праводзіўся ў межах выбарчага заканадаўства.
  4. Перашкодаў у працы СМІ і назіральнікаў не зафіксавана.
  5. Затрыманняў удзельнікаў і арганізатараў не зафіксавана.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшальніцтва  ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

Папярэдняя інфармацыя

У Беларусі з 15 ліпеня пачаўся перыяд прадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Згодна з Выбарчым кодэксам, кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь праводзяць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на сходах або ў іншай зручнай для выбаршчыкаў форме. Масавыя мерапрыемствы, мэтай якіх з'яўляецца ажыццяўленне перадвыбарнай агітацыі, праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах. Мінгарвыканкамам вызначаны шэсць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у рамках перадвыбарчай агітацыі, аднак ні адно з іх не знаходзіцца ў цэнтры города. У цэлым, па ўсёй краіне месцы для агітацыі малалікія і ня зручныя. Згодна з кіруючымі прынцыпамі АБСЕ па свабодзе мірных сходаў варта забяспечваць правядзенне сходаў у зоне бачнасці і чутнасці аўдыторыі. Абмежаванні, якія не маюць разумнага абгрунтавання, з'яўляюцца адвольнымі і супярэчаць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

Падчас правядзення сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль 4 назіральніка_ніцы, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі_цы праводзілі маніторынг выбарчага пікета з 16:47 да 18:55. Напрацягу назірання адзначаны наступныя факты:

  1. У 17.00 недалёка ад месца пікетавання знаходзілася 1 машына міліцыі і 4 супрацоўнікі дадзенай службы ў форме. Быў зафіксаваны 1 супрацоўнік міліцыі ў цывільным адзенні. На самой пляцоўцы для агітацыі знаходзіліся сябры ініцыятыўнай групы А. Дзмітрыева. У дадзены час ў пікеце ўдзельнічала 17 чалавек.

2

2. У 17.10 на пікеце з'явіўся кандыдат у Прэзідэнты А. Дзмітрыеў і пачаў свой выступ. Чальцы яго ініцыятыўнай групы раздавалі ўдзельнікам газету "Народная Воля". У гэты час было зафіксавана 30 удзельнікаў. Усё здымалася на відэакамеру мужчынам, як мяркуецца, супрацоўнікам у грамадзянскай форме адзення.

3. У 17.20 зафіксавана максімальная колькасць удзельнікаў - 55 чалавек. У гэты ж час адбывалася раздача агітацыйных улётак. У 17.45 пасля прамовы А. Дзмітрыева пачаўся збор подпісаў за вызваленне палітычных зняволеных. У 18.55 пікет быў скончаны словамі "Жыве Беларусь".

4. На пікеце прысутнічалі прадстаўнікі наступных СМІ: TUT.BY, Белсат, БелаПАН.

5. Выкарыстоўвалася сімволіка - адзін сцяг "Говори правду", адна футболка з сімволікай В. Цапкала.

6. Плакаты, улёткі і атрыбутыка: стэнд з інфармацыяй пра кандыдата ў прэзідэнты А. Дзмітрыеве, рал-ап-стэнд грамадскай арганізацыі "Говори правду", улёткі з інфармацыяй аб кандыдаце і яго перадвыбарнай праграме, з раскладам яго выступленняў на радыё і тэлебачанні.

7. Усяго на мерапрыемстве прысутнічалі 4 супрацоўнікі міліцыі ў форме і 2 супрацоўнікі ў грамадзянскай форме адзення.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас агітацыйных пікетаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі_цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі_цамі сходаў, людзей;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў;

Мінгарвыканкаму:

  • дазволіць правядзенне сходаў для прадвыбарчай агітацыіі ва ўсіх зручных месцах горада, па прыкладу выбарчых кампаній 2015 і 2019 гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства