ААН заклікае ўлады Беларусі да вызвалення актывістаў і правядзення сумленных судоў
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека заклікае ўлады Беларусі выконваць правы грамадзянаў на свабоду слова і сходаў, а таксама вызваліць затрыманых на пратэстных акцыях людзей і праводзіць сумленныя судовыя працэсы над абвінавачанымі. Пра гэта піша TUT.BY са спасылкай на адпаведную заяву прэс-службы арганізацыі.
Прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Ліз Тросэл заявіла аб тым, што прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі заклікаюць улады Беларусі паважаць права на свабоду слова і мірныя сходы, а таксама нагадала, што за гэты тыдзень, па інфармацыі праваабаронцаў і СМІ, на мітынгах было затрымана больш за 300 чалавек, а акцыі пратэсту працягваюцца ў нашай краіне з канца мая.
— Беларусь абавязаная спрыяць правядзенню мірных сходаў і падтрымліваць права на свабоду выказвання меркаванняў, у тым ліку і тых, што могуць выказваць нязгоду і падтрымліваць апазіцыйных кандыдатаў. Акрамя таго, журналістам, якія жадаюць асвятляць пратэсты, не павінны стварацца перашкоды ў іх працы, а таксама яны не павінны падвяргацца адвольным арыштам і затрыманням, улічваючы важную ролю, якую яны адыгрываюць у распаўсюдзе інфармацыі па пытаннях, якія прадстаўляюць грамадскі інтарэс, і, такім чынам, ажыццяўленні права на доступ да інфармацыі.
Таксама Ліз Тросэл заклікала да правядзення справядлівых і сумленных судоў над усімі затрыманымі.
— Мы заклікаем да вызвалення ўсіх, хто быў затрыманы проста за ажыццяўленне сваіх правоў і хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў зняволенні, а таксама да справядлівага судовага працэсу і выканання прававых працэдур пры любым крымінальным або адміністрацыйным пераследзе, якое можа быць пачата ў іх дачыненні. Мы нагадваем уладам пра тое, што неабгрунтаваныя абмежаванні правоў на свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцый могуць падарваць давер да выбарчага працэсу.