viasna on patreon

«Расклеіла ўлёткі нерэкламнага характару». У Рэчыцы на актывістку каманды Ціханоўскай склалі пратакол

2020 2020-07-17T10:19:52+0300 2020-07-17T10:37:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bazena_zoludz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Бажэна Жолудзь

Бажэна Жолудзь

Дзяўчыну, якая збірала ў Рэчыцы і Лоеве подпісы за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты, вінавацяць у парушэнні, прадугледжаным п. 2 артыкула 21.14 (парушэнне добраўпарадкавання тэрыторыі).

Як паведама "Палескай Вясне" Бажэна Жолудзь, 16 ліпеня ў першай палове дня ёй проста на працу ў рэгістратуру Рэчыцкай дзіцячай паліклінікі прынеслі пазоў з’явіцца ў гэты ж дзень у 16.30 у Рэчыцкі РАУС да інспектаркі Алены Крэмлевай. Як пазней даведалася Бажэна, на гэты ж час у РАУС выклікалі яе сяброўку, у якой, гэтак жа, як і ў Бажэны, 11 ліпеня міліцыя правяла ператрус, а таксама хлопца Бажэны.

У РАУСе ўсіх развялі па розных кабінетах. Інспектарка Алена Крэмлева апытала Бажэну як сведку наконт размяшчэння надпісу «3%» на памяшканні аптэкі на вуліцы Савецкай як раз побач з будынкам РАУС. Потым Крэмлева сказала Бажэне зайсці ў іншы кабінет да супрацоўніка, які займаецца справай, у межах якой 11 ліпеня ў доме, дзе жыве Бажэна, рабілі агляд.

Калі Бажэна ішла ў той кабінет, яна думала, што яе яшчэ раз апытаюць. У тым кабінеце аказаўся ўчастковы інспектар Вадзім Пінкін. Ён адразу абвясціў, што будзе складаць у дачыненні да Бажэны Жолудзь пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне. Доказамі віны Бажэны інспектар палічыў тое, што падчас ператрусу ў доме сяброўкі Бажэны, якая пажадала не называць яе імя ў СМІ, тая сяброўка прызналася, што ўлёткі клеіла яна з Бажэнай. Пазней яна накіроўвала ў РАУС заяву, што зрабіла гэта пад ціскам.

«Інспектар Пінкін сказаў, што першая версія выглядае больш праўдападобна, чым выкладзеная ў заяве, і склаў на мяне пратакол, хаця ніякіх іншых доказаў маёй віны ў справе няма», – распавяла Бажэна Жолудзь.

У выніку ўчастковы Вадзім Пінкін склаў пратакол, у якім напісаў, што Бажэна Жолудзь 9 ліпеня каля 22.00 «на ліхтарным слупе па вуліцы Фрунзэ паблізу ад скрыжавання з вуліцай Кірава, на аўтобусным прыпынку па вуліцы 10 гадоў Кастрычніка паблізу ад скрыжавання з вуліцай Фрунзэ, на аўтобусным прыпынку “Рэчыцадрэў” па вуліцы 10 гадоў Кастрычніка, на аўтобусным прыпынку “Цэнтральны стадыён” па вуліцы Сняжкова расклеіла ўлёткі нерэкламнага характару».

Вадзім Пінін
Вадзім Пінін. Фота: dneprovec.by

Гэтым, на думку міліцянта, яна парушыла п. 17 «Правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў», што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, прадугледжаным пунктам 2 артыкулу 21.14 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф да 25 базавых вялічыняў (на цяперашні час гэта 675 рублёў).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства